InformNapalm.org (Беларуская)

Лятакі Су-30СМ, выяўленыя ў аэрапорце Латакіі, і сірыйскія маніпуляцыі РФ

Украінскія і замежныя СМІ 22 верасьня паведамілі, што спадарожнікавыя здымкі, якія апублікавала амэрыканская прыватная выведвальная фірмай “Stratfor” дэманструюе значнае нарошчваньне Расеяй вайсковае прысутнасьці ў Сірыі. InformNapalm.org зьдзейсьніў уласны аналіз фота зь мейсца падзеяў і зрабіў высновы пра прыналежнасьць вайсковай авіяцыі, заўважанай у Сірыі, да падразьдзяленьняў ВПС Усходняе вайсковае акругі РФ. Больш падрабязна пра гэта далей.

Як паведамляе Euronews, асноўная актыўнасьць расейцаў зафіксаваная на авіябазе Хамім паблізу гораду Латакія, і ў марскім порце Тартус.

Аналітык каманды InformNapalm.org Міхаіл Кузьняцоў апроч спадарожнікавых здымкаў, які падаў “Stratfor”, прааналізаваў таксама фота, якія былі зробленыя на аэрадроме Латакіі і выкладзеныя ў твітэр-акаўнце @M3t4_tr0n.

Падчас аналізу фатаздымкаў лятака Су-30СМ, які знаходзіцца на пярэднім пляне фота, былі выяўленыя наступныя факты:

– лятак мае сьветлую афарбоўку ВПС РФ;

– нос лятака пафарбаваны ў белы колер;

– вакол кабіны пілёту нанесеная чорная антыблікавая фарба;

– у насавой частцы можна пабачыць белае кола;

– на фюзеляжы можна пабачыць бартавы нумар, нанесены чырвонаю фарбай (“24”);

– леваруч нумару пад кабінаю пілёту можна пабачыць пляму серабрыстага колеру.

На падставе гэтых высноваў можна дапусьціць, што на фота зафіксаваны Су-30СМ, бартавы нумар “чырвоны” 24 (RF-95003), заводзкі нумар 10МК5 10МК5 1105, які знаходзіцца ва ўзбраеньні 120-га зьмяшанага авіяцыйнага палку 303-й гвардзейскай зьмяшанай авіяцыйнай дывізыі 3-га Камандаваньня ВПС і СПА Усходняе вайсковае акругі на аэрадроме Домна (Забайкальскі край). Падкрэсьлім, што гэтыя дадзеныя меркаваныя й патрабуюць адпаведнай дапрацоўкі з боку выведкі.

UPD. Зьдзейсьненая дадатковая выведка інфармацыі, у выніку якой было выяўленае, што  лятак Су-30СМ, які зафіксаваны на пярэднім пляне на авіябазе ў Латакіі – мае чырвоны бартавы нумар 28 і рэгістрацыйны нумар RF-95005. Ён таксама належыць да 120-га ЗАП ВПС РФ.

Вось скрыншот зь відэа, зробленага на аэрадроме Латакіі, які пацьверджвае здагадку:

 


 

Нагадаем, што каманда InformNapalm зрабіла беспрэцэдэнтнае вывучэньне, кампіляцыю і аналіз інфармацыі што да значнага павялічэньня актыўнасьці ВМФ РФ у перакідваньні вайсковых грузаў у Сірыю, якая пададзеная ў зводных дадзеных, табліцах і інфаграфіцы.

У той жа час хочам зазначыць, што паказальнае павялічэньне актыўнасьці РФ у Сірыі, якая празьмерна ўзрасла напярэдадні ключавога паседжаньня Генэральнае Асамблеі ААН, можа мець і адцягваючы характар. Яно закліканае пераарыентаваць увагу сусьветнае супольнасьці з усходнеэўрапейскага фронту на блізкаўсходні. У зьвязку з гэтым, важную ролю ў вырашэньні праблемаў, зьвязаных з узрослай напружанасьцю ў Сірыі, адыгрывае й акупаваны Крым, бо вялікія дэсантныя караблі Чарнаморскага флёту РФ ажыцьцяўляюць перакідваньне сілаў і сродкаў у тым ліку і з вайсковай базы ў Сэвастопалі.

Такім чынам, Расея працягвае з дапамогаю вайсковых інтрыгаў і распальваньня па чарзе актыўнай фазы баявых дзеяньняў то на Данбасе, то ў Сірыі, маніпуляваць рашэньнем сусьветнае супольнасьці. У дадзены момант вайсковы ціск Расеі правакуе стабільнае павялічэньне прытоку сірыйскіх уцекачоў у краіны ЭЗ, што прымушае Эўропу ісьці на саступкі ў пытаньні вайскова-палітычнае супрацы. Але, улічваючы падобнае разьвіцьцё падзеяў, чарговы віток напружанасьці і ўспышкі вайсковай актыўнасьці расейскіх войскаў ва Украіне – гэта толькі пытаньне часу. У выпадку слабасьці і адсутнасьці ў сусветных лідэраў адзінай, а таксама жорсткай пазыцыі ў адносінах да маніпуляцыяў Крамлю, канфлікт ва Украіне ўспыхне з новаю сілай.

(c) Матар’ял падрыхтавалі: Міхаіл Кузьняцоў і Раман Бурко адмыслова для InformNapalm.org

 Пераклад Дзяніса Івашына

 

Exit mobile version