InformNapalm.org (Беларуская)

Мадэрнізаваны БТР-80 ва ўзбраеньні расейскіх акупацыйных войскаў на Данбасе

У выніку аналізу здымкаў у сацыяльных сетках, валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm ідэнтыфікавалі мейсцазнаходжаньне скопішча расейскай вайсковай тэхнікі. У кадар патрапіў і сучасны мадэрнізаваны БТР-80 з прыцэлам ТКН-4ГА-01 так званай “1-й асобнай мотастралковай брыгады” расейскіх акупацыйных войскаў на Данбасе. Здымкі, якія выклаў акупант Канстантын Ганчарэнка «Вандумін» (профіль, фотаальбом, грамадзянін РФ, жыве ў Бураціі, раней працаваў у ахоўным прадпрыемстве «Кодэкс»), сьведчаць пра нядаўняе папаўненьне парку ўзбраеньня й тэхнікі гэтага падразьдзяленьня. Зьвярніце ўвагу на стан навесных прыладаў, брані й лакафарбавага пакрыцьця БМП-2 і БТР-80 на здымку ніжэй.

Памяшканьне, у якім быў зроблены здымак, раней ужо фігуравала ў нашым расьледаваньні «Пацёмкін раскрыў дысьлякацыю базы расейскіх акупантаў у Макееўцы». Гэта завод вытворчасьці зборных жалезабетонных вырабаў (Макееўка, Данецкая вобласьць).

Ганчарэнка зрабіў досыць якасныя фатаздымкі расейскага мадэрнізаванага БТР-80 (усталяваны лязэрны пражэктар ПЛ-1 і аптычны прыцэл ТКН-4ГА-01, які вырабляе Растоўскі оптыка-мэханічны завод). Удакладнім, што гэтая мадыфікацыя ва Украіну не экспартавалася і з гэтае прычыны не магла стаць трафеем, здабытым у баі з падразьдзяленьнямі ЗСУ.

Дарэчы, нядаўна ліквідаваны (меркавана, спэцыялістамі з ФСБ) у ліфце грамадзянін РФ, лідэр тэрарыстаў бандфармаваньня «Спарта» Арсень Паўлаў (aka “Моторола”, рас.), таксама быў зафіксаваны на вайсковым парадзе «ДНР» у Данецку на мадэрнізаваным БТР-80 расейскай вытворчасьці.

Варта зазначыць, што аналягічны БТР-80 з новым прыцэлам быў прадэманстраваны на выставе «Прысутнасьць» у выглядзе трафея, захопленага ў расейскіх акупантаў.

У кантэксьце гэтага расьледаваньня прапануем чытачам InformNapalm таксама азнаёміцца з базай дадзеных і відэаграфікай ідэнтыфікацыі больш за 30 тыпаў узбраеньня й спецтэхнікі ЗС РФ на Данбасе [інтэрактыўная база silk].


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Міхаіл Кузьняцоў.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

 (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version