InformNapalm.org (Беларуская)

Марпехі Паўночнага флёту РФ у гарачых пяскох Пальміры

 

У сакавіку 2016 году каманда InformNapalm зафіксавала ўдзел у штурме Сірыйскае Пальміры гаўбічнага падразьдзяленьня 120-й асобнай артылерыйскай брыгады (в/ч 59361, мейсца дысьлякацыі – Юрга) 41-й агульнавайсковай арміі Цэнтральнае вайсковае акругі. У той жа час Масква афіцыйна заявіла пра гібель афіцэра расейскіх сілаў спэцыяльных апэрацыяў падчас выкананьня задачаў у навядзеньні авіяудараў у раёне Пальміры. Вынікае, што ў баях за гэтую тэрыторыю расейскае камандаваньне выкарыстала артылерыю, авіяцыю і спэцназ. А вось у наземнай апэрацыі, паводле дадзеных генштабу РФ, удзельнічалі выключна сірыйскія войскі. Выглядае гэтая заява досыць сьмешна, бо на сёньняшні момант, паводле назіраньняў валянтэраў InformNapalm, Пальміру кантралюе падразьдзяленьне 61-й брыгады марской пяхоты (в/ч 38643, пасёлак Спутнік Печангскага раёну Мурманскае вобласьці). Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пагледзець фотаальбом вайскоўца-кантрактніка гэтага злучэньня Дзьмітрыя Ягошына (архіў на профіль, кантакты). У фатаздымках [1] [2] [3] маюцца геатэгі і зафіксаваныя гістарычныя славутасьці Пальміры.

Апроч гэтага, паводле каардынатаў геатэгаў можна вызначыць дакладнае месйцазнаходжаньне апорнага пункту (каардынаты 35.40810700, 36.03033200), у якім падразьдзяленьне Ягошына знаходзілася раней.

І прыблізнае мейсца дысьлякацыі падразьдзяленьня ў самой Пальміры (каардынаты 34.55594700, 38.27559300).

Пасьля прагляду фатаздымку, адразу прыгадваюцца нядаўнія словы Пуціна, агучаныя падчас так званай “прамой лініі” (пакідаем у арыгінале): «Мы значительную часть нашей группировки вывели, но оставили сирийскую армию в таком состоянии, что она при поддержке оставшейся группировке способна проводить наступательные операции и заняла Пальмиру». Спадзяемся, што чытачы разумеюць, хто менавіта зьдзяйсьняў наступальную апэрацыю і хто заняў гэтую самую Пальміру. Застаецца, праўда, пытаньне наконт стану гэтай групоўкі (пад словам «стан» маецца на ўвазе ўзровень падрыхтоўкі і ўзбраеньня): чаму менавіта 61-ая АБрМП кантралюе пазыцыі і, відаць па ўсім, прымала ўдзел у штурме гораду? Але не 21-я АМСБр, 28-я АМСБр, 74-я АМСБр, 34-я АМСБр, падразьдзяленьні 7-й расейскай акупацыйнай вайсковай базы або марпехі з 336-й АБрМП і 810-ай АБрМП, якія раней былі зафіксаваныя ў Сірыі?

Рэч у тым, што да адказных апэрацыяў прыцягваюць самыя падрыхтаваныя падразьдзяленьні, якія маюць баявы досьвед. Нагадаем, што вайскоўцы 61-й АБрМП зь лета 2014 году па люты 2015 году ўдзельнічалі ў вайсковай агрэсіі супроць Украіны, дэталёва пра гэта ў нашых расьледаваньнях: «Марская пяхота Паўночнага флёту Расеі ў стэпах Данбаса» або «Сьведчанні ўдзелу ў баёх на Данбасе 61-й брыгады марской пяхоты ПФ ВМФ РФ». Менавіта ў баёх на Усходзе Украіны брыгада атрымала баявы досьвед, які яна выкарыстоўвала падчас баявых задачаў у Сірыі. На падставе аналізу профіляў марпехаў 61-й брыгады, перакідваньне гэтага падразьдзяленьня ў Сірыю было распачатае ў 20-х днях сьнежня 2015 году і ажыцьцяўлялася з дапамогаю лятакоў вайскова-транспартнае авіяцыі ПКС РФ. Задачай вайскоўцаў з Печангі была вайсковая варта на авіябазе Хмэймім, у порце Тартус, на апорных пунктах ля вышыняў і дарогаў  стратэгічнага прызначэньня. Кульмінацыяй баявых задачаў брыгады стаўся кантроль Пальміры і, мажліва, удзел у штурме гораду.

Яскравым прыкладаў сярод вайскоўцаў брыгады, якія атрымалі баявы досьвед у баёх на Усходзе Украіны і пазьней былі накіраваныя ў Сірыю, зьяўляецца Валянцін Шаманін (архіў на профіль, фотаальбом). У ягоным фотаальбоме маюцца фатаздымкі, зробленыя ў 2014 годзе ў Растоўскай вобласьці, скуль зьдзяйсьняліся «набегі» на тэрыторыю Украіны (у фота зафіксаваныя ўжо вядомыя нам абавязковыя атрыбуты гібрыдных расейскіх вайскоўцаў: нестатутная вайсковая форма, адсутнасць знакаў прыналежнасьці, зафарбаваныя бартавыя нумары і тактычныя знакі на тэхніцы).

Таксама ёсьць і фаздымкі, выкладзеныя напачатку 2016 году, але неўзабаве выдаленыя з фотаальбому ўжо зь Сірыі.

Апроч Ягошына і Шаманіна валянтэры InformNapalm выявілі профілі 32 вайскоўцаў 61-ай АБрМП, якія прымалі ўдзел у “сірыйскай камандыроўцы”, якія, цалкам мажліва, раней удзельнічалі ў вайсковай агрэсіі супроць Украіны. Але пра гэта будзе ў наступным матар’яле, прысьвечанаму баяваму шляху брыгады.

 

Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднай валянтэрскай групай InformNapalm.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Падзяліцеся публікацыяй у сацсеціве, выпальвайце крамлёўскіх акупантаў разам з InformNapalm!

 

 

Exit mobile version