- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Марскія пяхотнікі Балтыйскага флёту ў Сірыі

Сьведчаньні ўдзелу ў наземнай апэрацыі ў Сірыі марскіх пяхотнікаў 879-га АДШБ 336-й брыгады марской пяхоты Балтыйскага флёту.

У выніку OSINT-маніторынгу профіляў расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца пад асаблівым кантролем валянтэраў міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm (IN), былі здабытыя новыя доказы «сірыйскае камандыроўкі» марскіх пяхотнікаў Балтыйскага флёту.

Увосень 2014 году IN паставіў на кантроль вайскоўцаў 879-га дэсантна-штурмавога батальёну 336-й асобнай брыгады марской пяхоты (в/ч 06117, мейсца дысьлякацыі – г. Балтыйск так званай Калінінградзкай вобласьці РФ) Балтыйскага флёту, якія станам на чэрвень 2014 г. фіксаваліся ў памежных з Украінаю раёнах Варонежскае вобласьці РФ. Крыху пазьней, у лістападзе 2014 г., ротна-тактычная група гэтага батальёну была зафіксаваная ўжо ў Растоўскае вобласьці, у раёне базавага лягеру Мілерава расейскае групоўкі сілаў уварваньня, скіраванай на Украіну (гл. «Падразьдзяленьне 336-й брыгады МП у складзе сілаў уварваньня [1]»). Праз год, у лістападзе 2015 г.,  валянтэры IN падалі інфармацыю [2] пра выяўленага марскога пяхотніка 336-й брыгады МП Балтыйскага флёту А. Сердзюкова, жаўнера расейскага вайсковага кантынгенту ў сірыйскай правінцыі Эс-Сувэйда. Пасьля публікацыі ягоную старонку ў сацсеціве апэратыўна зачысьцілі расейскія спэцслужбы.

Праз тры гады пасьля першай фіксацыі 879-га батальёну былі здабытыя новыя фотасьведчаньні ўдзелу марскіх пяхотнікаў з гэтага падразьдзяленьня ў наземнай апэрацыі ў Сірыі. У прыватнасьці, гэта «сэлфі [3]», выкладзенае 11 сьнежня 2016 г. на старонцы вайскоўца-кантрактніка Івана Варзіна [4] (архівы профілю [5], фотаальбому [6], кантактаў [7]). Меркавана, гэты фатаздымак зроблены ўлетку 2016 г. У фота зафіксаваная група расейскіх вайскоўцаў у форме экспэдыцыйных сілаў, якія ўладкоўваюць баявыя пазыцыі.

Былі дасьледаваныя й кантакты І. Варзіна. Сярод іх ёсьць і іншыя марскія пяхотнікі гэтага батальёну, у профілях якіх маюцца наўпроставыя і ўскосныя сьведчаньні «сірыйскае камандыроўкі».

Супольны фатаздымак [8] марскіх пяхотнікаў гэтага ж батальёну выяўлены на старонцы кантрактніка Сямёна Посмара [9] (архівы профілю [10], фотаальбому [11], кантактаў [12]). У фота, выкладзеным 22 чэрвеня 2016 г., зафіксаваныя сямёра вайскоўцаў у форме экспэдыцыйных сілаў.

Яшчэ адным, але ўжо ўскосным сьведчаньнем удзелу ў «сірыйскай камандыроўцы», зьяўляецца фота [13] з мэдалём МА РФ «Удзельніку вайсковай апэрацыі ў Сірыі», які быў выкладзены ў ліпені 2016 г. на старонцы марпеха гэтага ж батальёну Яўгена Харчанкі [14] (архівы профілю [15], фотаальбому [16], кантактаў [17]). Верагодна, ён вырашыў намякнуць на сваю датычнасьць і пахваліцца ўзнагародаю загадзя, бо на той момант ён яе яшчэ не атрымаў.

Паводле назіраньняў IN «сірыйскія камандыроўкі» падразьдзяленьняў расейскай арміі й флёту ня надта адрозніваюцца ад падобных «растоўска-ўкраінскіх камандыровак». Падразьдзяленьні, што накіроўваюцца ў зону баявых дзеяньняў, зьяўляюцца тактычнымі групамі батальённага або ротнага складу, укамплектаваныя вайскоўцамі кантрактнае службы. Досыць часта ў Сірыю выпраўляюць тыя ж падразьдзяленьня й вайскоўцаў, якія ўжо атрымалі баявы досьвед на Данбасе. Супольнасьць InformNapalm ідэнтыфікавала прысутнасьць у Сірыі ўжо 16 падразьдзяленьняў расейскай арміі й флёту (!):

Балтыйскі флёт – 336-я АБрМП [2] (879-й АДШБ гэтай жа брыгады);

Паўночны флёт – 200-я АМСБр [18] і 61-я АБрМП [19];

Чарнаморскі флёт – 810-я АБрМП [20];

Заходняя вайсковая акруга – 27-й АМСБр [21] і 20-ы полк РХБА [22] (ЦВС-1А);

Усходняя вайсковая акруга – 200-я АртБр [23];

Цэнтральная вайсковая акруга – 21-я АМСБр [24], 28-я АМСБр [25], 74-я АМСБр [26], 7-я ТБр [27] і 120-я АртБр [28];

Паўднёвая вайсковая акруга – 34-я АМСБр [29], 7-я в/база [30], 291-я АртБр [31] і 66-я АБрСувязі [32].

Усе гэтыя падразьдзяленьні ўдзельнічалі ва «ўкраінскіх камандыроўках». І гэта без уліку падразьдзяленьняў ССА, ГРУ і ПДВ ЗС РФ і дарадцаў, а таксама ПКС РФ [33] і, вядома, так званых расейскіх прыватных вайсковых кампаніяў [34], якія былі перакінутыя ў Сірыю значна раней за іншыя падразьдзяленьні. Апроч гэтага ў Сірыі задзейнічаны і сакрэтны рэзэрв расейскіх спэцслужбаў – баявікі-“добраахвотнікі” [35], якія маюць досьвед баявых дзеяньняў на Данбасе.


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ [37].

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [38].

(CC BY 4.0 [39]) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org [40], падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.