- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Маскоўскія дэманы й украінская аўтакефалія: канец сталінскага праэкту РПЦ

Публікуем актуальны й важны матар’ял [1] нашых партнэраў зь “Інфармацыйнага Супраціву” пра мажлівыя тэктанічныя зьмены, якія адбудуцца ў нашай геапалітычнай прасторы праз паўстаньне ўкраінскае аўтакефальнае праваслаўнае царквы, пра актыўныя спробы Крамля прадухіліць гэта й мажлівыя фатальныя наступствы для РПЦ.

Спробы Маскоўскага патрыярхату прадухіліць зьяўленьне аўтакефальнае украінскае праваслаўнае царквы прывядуць да ягонае ізаляцыі ад праваслаўнага сьвету, далейшаму распаду – і зьнікненьню.

Расстаноўка сілаў

На тэрыторыі Украіны дзейнічаюць зараз некалькі праваслаўных цэркваў: Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП), Украінская праваслаўная царква Кіеўскага Патрыярхату (УПЦ КП) і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква (УАПЦ).

УПЦ МП, якую на гэты момант ачольвае мітрапаліт Кіеўскі й усяе Украіны Ануфрый, зьяўляецца кананічнай часткаю Рускай Праваслаўнай царквы на чале з патрыярхам Кірылам (РПЦ МП).

УПЦ КП на чале з патрыярхам Філярэтам была створаная ў 90-х гадох мінулага стагодзьдзя разам з абвяшчэньнем Украінай незалежнасьці, але пакуль яна не прызнаная кананічна іншымі праваслаўнымі цэрквамі.

УАПЦ паўстала пасьля рэвалюцыі 1917 году й працягвала сваю дзейнасьць у ЗША й Канадзе. Сыстэматычнае зьнішчэньне ейнага духавенства за савецкім часам спрычынілася да немажлівасьці пасьвячэньня эпіскапаў на тэрыторыі Украіны паводле першага Апостальскага правіла: ”Эпіскапа пастаўляюць два ці тры эпіскапы”. Праблема была разьвязаная ў 1969 годзе, калі УАПЦ перайшла пад юрысдыкцыю мітрапаліту Украінскае Праваслаўнае Царквы ў ЗША Мсьціслава, які ў 1990 годзе быў абраны ў Кіеве патрыярхам УАПЦ.

УПЦ ЗША ў сваю чаргу з 1995 году знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Канстантынопальскага патрыярхату. Такім чынам, хаця УАПЦ нельга назваць некананічнай, слова “аўтакефальная” ў назове адлюстроўвае толькі імкненьне здабыць аўтакефалію для Украіны. На гэты момант прадстаяцелем УАПЦ зьяўляецца мітрапаліт Кіеўскі й усяе Украіны Макарый.

Пры гэтым УПЦ МП мае ва Украіне больш за 11 000 парафіяў, што становіць прыблізна 60% ад агульнае колькасьці прыходаў РПЦ МП, часткаю якой яна зьяўляецца сёньня. Колькасьць парафіяў УПЦ КП складае каля 5000, а УАПЦ – каля 1500.

УАПЦ і УПЦ КП прынялі рашэнне пра аб’яднаньне ў адзіную Украінскую Праваслаўную Памесную Царкву й зьвярнуліся да Усяленскага (Канстантынопальскага) патрыярху Варфаламея з просьбаю пра прызнаньне Сынодам Усяленскага патрыярхату Канстантынопалю аўтакефаліі [2] аб’яднанай УППЦ.

Афіцыйная пазыцыя кіраўніцтва УПЦ МП палягае ў рэчышчы адмовы ад аб’яднаньня ў царкву, незалежную ад Масквы. Гэта робіць сытуацыю неадназначнай. З аднаго боку, ва ўкраінскіх праваслаўных герархаў, якія выступаюць за аўтакефалію, ёсьць для гэтага ўсе фармальныя падставы. Зь іншага, Усясьветны патрыярхат традыцыйна выступае супроць любых расколаў (схізмы) у праваслаўі.

Але УПЦ МП не маналітная. Нават зараз, нягледзячы на ​​фармальнае непрызнанне УПЦ КП, пераходы ў яе прыходаў з УПЦ МП, якія адбываюцца паводле ініцыятывы патрыятычных вернікаў, зьдзяйсьняюцца досыць часта.

Прызнаньне ж Усясьветным патрыярхатам аўтакефаліі аб’яднанай УППЦ зь вялікай верагоднасьцю зробіць гэты працэс лавінападобным, што спрычыніцца да аб’яднаньня ўжо ўсіх трох украінскіх праваслаўных цэркваў. “З Маскоўскім патрыярхатам аб’яднаньне будзе. Толькі будзе не з гары, то бок не ад герархіі духавенства, але ад народу”, – так выказаўся [3] на гэтую тэму патрыярх УПЦ КП Філярэт у інтэрвію каналу ТСН. У ролі ж раскольнікаў пры гэтым апынуцца прыходы УПЦ МП, якія не пажадалі выйсьці з падпарадкаваньня Маскоўскага патрыярхату.

У УПЦ МП ужо чуваць тых [4], хто заяўляе пра мажлівы выхад з Маскоўскага патрыярхату, і калі працэс атрыманьня аўтакефаліі нельга спыніць, то яго варта ачоліць, распачынаючы гульню на апярэджаньне. Наўрад ці Ануфрый зьдзейсьніць гэта, але сам факт зьяўлення падобных публікацыяў сьведчыць пра многае.

Царкоўна-прававы аспэкт

У праваслаўі няма адзінага лідэра, аналягічнага Папе ў каталікоў, а Канстантынопальскі патрыярх у супольнасці прадстаяцеляў праваслаўных памесных цэркваў мае статус толькі “першага сярод роўных”. Ягоная юрысдыкцыя не распаўсюджваецца за межы Канстантынопальскага патрыярхату.

Аднак, менавіта за ім гістарычна замацаваная роля арбітру ў спрэчках, падобных ўкраінскай. Апроч гэтага, пытаньне пра тое, дзе, уласна, сканчваюцца межы юрысдыкцыі Канстантынопальскае патрыярхіі таксама досыць ня простае. І тут на карысьць прызнаньня ўкраінскае аўтакефаліі ёсьць некалькі сур’ёзных аргумантаў гістарычнага й прэцэдэнтнага фактару.

Паводле Томасу з 1589 году тэрыторыя сёньняшняе Украіны не ўваходзіць у склад Маскоўскага патрыярхату. Да 1686 году праваслаўныя эпархіі на гэтай тэрыторыі падпарадкоўваліся Канстантынопалю й былі пераведзеныя пад юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату гвалтам.

У Томасе 1924 году Канстантынопальскі патрыярхат канстатаваў, што ніколі не адмаўляўся законным чынам ад сваёй юрысдыкцыі над Кіеўскай мітраполіяй. Менавіта на гэтай падставе й было задаволенае жаданьне герархаў Праваслаўнае Царквы ў Польшчы што да наданьня ім аўтакефаліі.

Маюцца й падрабязныя дасьледаваньні, якія абгрунтоўваюць права ўкраінскае праваслаўнае царквы на аўтакефалію, напрыклад, праца Уладзімера Мельніка на сайце Рэлігійна-інфармацыйнае службы Украіны (1 [5] , 2 [6] , 3 [7]).

Апроч гэтага, нягледзячы на тое, што праваслаўны сьвет прызнае сёньня кананічнасьць РПЦ, існуе мноства фактаў, як гістарычных, гэтак і сучасных, здольных паставіць яе пад сумнеў.

Да 1917 году РПЦ кіраваў Сьвяцейшым урадавым сынодам на чале з обэр-пракурорам – сьвецкім чыноўнікам, якi прызначаўся імпэратарам. Пасьля 1917 году на тэрыторыі, кантраляванай Саветамі, Руская праваслаўная царква была разгромленая, а духавенства зьнішчанае або сасланае. Ацалелі толькі тыя, хто абвясьціў пра безумоўную ляяльнасьць савецкай уладзе – абнаўленцы й сергіяне. Зрэшты, з 1935 году ў дачыненьні да іх таксама пачаліся масавыя рэспрэсіі, прычым, гэта закранула, як эпіскапат і духавенства, гэтак і актыўных вернікаў.

Увосень 1943 году Сталін вырашыў выкарыстаць у палітычных мэтах рускую эміграцыю, а таксама арганізаваць блёк краінаў Усходняе Эўропы й Балканаў, з застасаваньнем таксама этнаканфэсійных інструмантаў, і фармаваньнем вобразу СССР як новай рэдакцыі Трэйцяга Рыму.

З гэтай мэтай ён выклікаў у Крэмль трох ацалелых мітрапалітаў зь Сергіянскае групоўкі: Сергія (Страгародзкага), Алексія (Сіманскага) і Мікалая (Ярушэвіча). Сталін надаў ім ўрадавы лятак, загадаў сабраць па лягерох пазасталых жывых ляяльных эпіскапаў, неабходных для правядзеньня “сабору” й абраньня новага “патрыярха”.

Але эпіскапаў, што выжылі, было занадта мала, каб надаць сталінскай пастаноўцы пераканаўчы выгляд. Давялося прыбегнуць да некалькіх надзвычайных, і, з улікам абставінаў, няпэўных хіратоніяў.

У выніку, 19 чалавек, якія абвесьцілі сябе праз парушэньне шэрагу нормаў усяленскага й расейскага праваслаўя, праваслаўным саборам, заснавалі Рускую Праваслаўную Царкву Маскоўскага Патрыярхату й надалі Сергію Страгародзкаму паўнамоцтвы “Патрыярха ўсяе Русі”. Гаворка вядзецца менавіта пра заснаваньне, ці больш дакладна, пра перазаснаваньне, бо з часоў сынадальнага кіраваньня падобнай арганізацыі як РПЦ МП не было.

Новая “праваслаўная царква” будавалася згодна з наўпроставымі дырэктывамі Сталіна, як філія спэцслужбаў [8], і як таталітарная сэкта, якая адмаўляла прынцыпы праваслаўнае саборнасьці. Тры герархі, набліжаныя за ляяльнасьць, атрымалі ўладу большую, чымся Памесны сабор, і права адміністрацыйна кіраваць Царквой з большымі дыктатарскімі паўнамоцтвамі, чымся меў царскі сынод. Быў адкінуты прынцып выбарнасьці эпіскапату й ліквідаваныя выбары прыходзкіх старастаў.

Пасьля распаду СССР з дапамогаю ўдалага выкарыстаньня ў новых умовах захаваных шчыльных сувязяў з расейскімі спэцслужбамі герархі РПЦ актыўна заняліся бізнэсам, пры гэтым яны атрымалі нават падатковыя ільготы ў якасьці платы за ляяльнасьць і супрацу.

РПЦ суцэльна й асобныя герархі ў прыватнасьці зьяўляюцца [9] сузаснавальнікамі, чальцамі ўправаў і акцыянэрамі мноства банкаў, прадпрыемстваў што да збыту каштоўных мэталаў, нафты, цыгарэтаў і алькагалю. Фактычна РПЦ МП ператварылася на афшор, у якім рэлігійны складнік служыць толькі прыкрыцьцём ягонай фінансавай дзейнасьці й фармальнай падставаю для атрыманьня ільготаў.

Шматлікія факты сьведчаць і пра шчыльную супрацу РПЦ [10] на ўсіх ейных узроўнях з расейскімі спэцслужбамі [11] , а таксама пра сыстэматычную працу спэцслужбаў пад царкоўным “дахам” [12].

Нахабства самазванцаў і непазьбежны фінал

Прызнаньне іншымі праваслаўнымі цэрквамі адыёзнай арганізацыі РПЦ МП адбылося толькі праз шматгадовыя намаганьні Крамля, у ягоным, як савецкім, гэтак і постсавецкім абліччы, разам з наданьнем важных паслугаў іншым аўтакефальным цэрквам, наўпроставым подкупам герархаў і таемных апэрацыяў з уціскам або наўпроставай ліквідацыяй няўгодных асобаў дзеля замены іх на больш згаворлівых.

Многія з гэтых крокаў лёгка прасачыць праз даступныя ў Сеціве матар’ялы. Такім чынам, называць РПЦ МП царквою можна толькі зь вялікай нацяжкаю. Што датычыць менавіта рэлігійных практыкаў РПЦ МП, то тут маецца шэраг азнакаў таталітарнае сэкты, з улікам таго, што ў гэтым выпадку вядзецца пра сэкту, якую фармальна прызнаюць памеснай праваслаўнай царквой і якая зьяўляецца інструмантам больш шырокай структуры, фармальна прызнанай дзяржавай, і нават сталым чальцом Рады Бясьпекі ААН з правам вета.

Мы нездарма згадалі пра сяброўства Расеі ў РБ ААН. Апошнім часам розгалас атрымалі грубыя парушэньні, зьдзейсьненыя падчас прызнаньня права Расеі атрымаць у спадчыну мейсца СССР у Радзе Бясьпекі. Цалкам мажліва, што гэтая памылка будзе прызнаная й выпраўленая, а Расею пазбавяць мейсца ў РадБезе, якое яна незаконна займае. Гэта досыць складана, бо за час знаходжаньня ў ААН расейская квазідыпляматыя ўзьвяла шмат лініяў абароны, каб захаваць захопленае – але гэтую абарону пакрысе прабіваюць. Штуршком да пачатку працэсу сталася агрэсія супроць Украіны.

Зь вялікай доляю верагоднасьці прыкладна тое ж самае адбудзецца і з РПЦ МП. У выпадку прызнаньня Усясьветным патрыярхатам аўтакефаліі Украінскае памеснае царквы ейная кананічнасьць неўзабаве будзе аспрэчаная, і яна апынецца ў становішчы ізгою. РПЦ МП у гэтай сытуацыі застаецца толькі адное: нападаць першай і адчайна гуляць ва-банк з актыўным застасаваньнем агентуры ўплыву ва Украіне, пагрозамі разрыву статункаў з Канстантынопальскім патрыярхатам, а таксама шырокамаштабнай схізмаю ў самой Украіне. Для апошняй патрэбная імітацыя “пратэсту” шырокіх народных масаў вернікамі УПЦ МП супроць сыходу з-пад рукі Масквы.

Усе гэтыя акцыі ўжо адбываюцца, і нагэтулькі інтэнсіўна, што патрыярх Варфаламей нават паведаміў падчас прыватнай гутаркі [13], што адчувае ціск з боку супраціўнікаў ідэі аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы. Верагодна, гаворка вялася пра надакучлівыя прапановы [14], зь якімі апошнім часам часта наведваў Стамбул [15] дэпутат ад Апазыцыйнага блёку Вадзім Навінскі, які дзейнічае з выкарыстаньнем шчыльнага кантакту зь генэральным консулам РФ у Стамбуле Дзьмітрыем Еўдакімавым.

На шэрагу ўкраінскіх прадпрыемстваў, напрыклад, на прадпрыемствах групы “Мэтінвэст” [16], якія належаць Рынату Ахметаву й Вадзіму Новінскаму, працаўнікоў прымушаюць падпісваць звароты [17] да Усяленскага патрыярха Варфаламея з просьбаю запабегчы “ўзаконьваньню расколу на падставе стварэньня аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ва Украіне”.

2 траўня на пароме Адэса-Стамбул (ці больш дакладна, Чарнаморск – Хайдарпаша) выправілася група асобаў, якія пазыцыянуюць сябе як “праваслаўныя журналісты” і вернікі УПЦ МП, дзеля наведваньня Усяленскае патрыярхіі й асабіста патрыярха Варфаламея й данясеньня да яго пратэсту супроць наданьня аўтакефаліі аб’яднанай УППЦ. Арганізатарам і мэцэнатам гэтай апэрацыі стаўся мітрапаліт Адэскі й Ізмаільскі УПЦ МП Агафангел (Савін). Візыт у рэзыдэнцыю Патрыярха быў заплянаваны на 4 траўня, пасьля чаго мелася адбыцца прэс-канфэрэнцыя. Аднак, менавіта 4 траўня патрыярх выляцеў праз аэрапорт Атацюрк для вырашэньня неадкладных справаў. Такое супадзеньне. Не пашчасьціла.

У гэты ж дзень, 4 траўня, у Варшаве зьявіліся [18] ўжо згаданы Навінскі, а зь ім кіраўнік справаў УПЦ МП мітрапаліт Антоній і намесьнік старшыні аддзелу зьнешніх сувязяў УПЦ МП пратаярэй Мікалай Данілевіч. Дэлегацыя прыбыла пераконваць прадстаяцеля Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, мітрапаліта Варшаўскага Саву, што, маўляў, аўтакефалія Украінскай памеснай царквы не патрэбная. І зноў няўдача: Сава быў заняты. Ён рыхтаваўся да прыёму дэлегацыі з Стамбулу для абмеркаваньня тых жа пытаньняў і сустрэцца зь незаплянавымі наведнікамі ня змог. Прыбыцьцё ў Варшаву дэлегацыі Канстантынопальскага патрыярхату мае адбыцца 19-20 траўня.

У гэтай сытуацыі РПЦ МП застаецца толькі зьвяртацца да пагрозаў, якія, зрэшты, нікога не палохаюць. У адказ на заяву [19] начальніка сынадальнага Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў РПЦ МП мітрапаліта Іларыёна (Алфеева) пра тое, што ўкраінская аўтакефалія – “каталіцкі праэкт”, які пагражае расколам, параўнальным з схізмаю 1054 году [20], калі хрысьціянства канчаткова падзялілася на Рыма-каталіцкую й праваслаўныя цэрквы, у Канстантынопалі наўпрост паціснулі плячыма [21] – маўляў, пагрозаў не спалохаліся, але праз паводзіны Іларыёна расчараваныя.

Тым часам, рэакцыя РПЦ стае ўсё больш гістэрычнаю. Гэтак, у адказ на заяву Украінскае праваслаўнае царквы ў ЗША, самакіраванай у складзе Канстантынопальскага Патрыярхату, пра падтрымку ўкраінскае аўтакефаліі, нейкі пратаярэй Андрэй Новікаў выказаў гнеўную тыраду [22] пра “раскольнікаў”, пра тое, што для ЗША й Канады “характэрны скрайні нацыяналізм, дух кампрамісу з вуніяцтвам і русафобія” і пра непрызнаньне “законнасьці далучэньня Канстантынопальскім Патрыярхатам гэтых раскольнікаў”, бо яны “адкалоліся ад Рускай Праваслаўнай Царквы і маюць вяртацца ў ейнае ўлоньне”. Натуральна, што на падобнае нэрвовае браханьне ніхто ў Канстантынопалі нават не адказаў.

Аднак, насамрэч, што адбудзецца, калі ўкраінскую аўтакефалію прызнаюць, і да яе за некалькі гадоў пяройдуць амаль усе прыходы УПЦ МП?

Па-першае, РПЦ МП зьменшыцца больш чым удвая. Па-другое, сьледам за УПЦ МП зь яе непазьбежна пачнуць выходзіць праваслаўныя цэрквы ў Малдове, Эстоніі, а затым і ў астатніх колішніх саюзных рэспубліках, у якіх аўтакефаліі ці іншай формы асобнага існаваньня ад Масквы яшчэ няма. Малдоўскія прыходы, цалкам мажліва, адыйдуць да Румынскай праваслаўнай царквы, а астатнія пяройдуць пад руку Канстантынопалю.

Што да РПЦ МП, то ад яе застануцца рожкі ды ножкі – добра яшчэ, калі адсоткаў 10 ад ліку сёньняшніх прыходаў, але можа ня стацца й гэтага. І вось тады маскоўскім папам прыгадаюць усе няпэўныя моманты ў іхных, прапахлых нафтаю, гарэлкаю й спэцапэрацыямі біяграфіях. А ў пакінутым абгрызку пачнуцца расколы й барацьба за рэшткі рэсурснае базы.

З найбольшай доляй верагоднасьці гэта будзе канцом сталінскага праэкту РПЦ МП і зьяўленьнем на вызваленай прасторы зусім іншай структуры, з абноўленым, мажліва цалкам зьмененым складам вышэйшых герархаў. Іхныя хіратоніі зможа зьдзяйсьняць Канстантынопальскі патрыярх, а сёньняшняе кіраўніцтва “РПЦ ФСБ” будзе наагул нікому не патрэбнае.

Галоўны маскоўскі нячысьцік у патрыяршай расе й дробныя чэрці зь ягонай сьвіты таму й супраціўляюцца так адчайна, бо разумеюць непазьбежнасьць гэтага фіналу.

Сэкцыя «Дэльта», група «Інфармацыйны Супраціў»


Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [23] / Твітэр [24] / Telegram [25]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.