- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

ВПС РФ: ад падрыхтоўкі правакацыяў ва Украіне да перакідваньня грузаў у Сірыю

Міжнародная валянтэрская група InformNapalm.org падчас зьдзяйсьненьня выведкі сацыяльных профіляў сацсетак расейскіх вайскоўцаў выявіла шэраг фактаў, якія дэманструюць падрыхтоўку ВПС РФ да магчымых правакацыяў з выкарыстаньнем ударнае авіяцыі, а таксама зафіксавала зь якога аэрадрому адбываецца перакідваньне ўзбраеньня ў Сірыю.

У фатаздымку баявога гэлікоптэра Мі-28Н “Начны паляўнічы”, які выклаў вайсковец тэрміновай службы 1-й гвардзейскай зьмяшанай авіяцыйнай дывізыі зьнішчальнага авіяцыйнага палку (в/ч 75386, Краснадарскі край, г. Крымск) Пятро Гардзіенка [1] (архіў: https://archive.is/18OrV [2]), валянтэры InformNapalm зафіксавалі цікавыя асаблівасьці. Нягледзячы на ​​тое, што фатаздымак гэлікоптэру быў выкладзены ў сацсеціве пасьля выкарыстаньня візуальнага фільтру “блюр”, удалося вызначыць наступнае:

  1. Бартавы нумар зафарбаваны й адсутнічае на стандартным мейсцы (пазнака 1);
  2. Адсутнічае рэгістрацыйны нумар ЛА (пазнака 2);
  3. На корпусе левага рухавіку таксама можна пабачыць сьляды ад зафарбаванага маркаваньня (пазнака 3);
  4. Гармата дэмантаваная, шрубоў няма (магчыма, рыхтуецца да транспартаваньня).

метки [3]
Дзеля параўнаньня падаем некалькі фатаздымкаў гэлікоптэру Мі-28H з маркаваньнем паводле
вызначанага стандарту ў розных тыпах камуфляжу.

111 [4]222 [5]

Зазначым, што базавы вайсковы аэрадром Крымск (памер узлётна-пасадкавай паласы: 3000 х 60 м) месьціцца на паўночным ускрайку гораду з такім жа найменьнем. Характэрна тое, што гэты аэрадром зьяўляецца самым вялікім у Краснадарскім краі і ў гэты момант Расейская Фэдэрацыя выкарыстоўвае яго ў якасьці перавалачнага пункту для сірыйскіх камандыровак авіяцыі. Менавіта з гэтае базы ў Сірыю курсуюць транспартныя лятакі Ан-124 і Іл-76. Таксама падчас аналізу й маніторынгу радыёперамоваў дыспэтчараў быў вызначаны пазыўны расейскай авіябазы ў Латакіі (аэрапорт Latakia Bassel Al-Assad International Airport) – “POROG” [6]. Цікавыя таксама фатаздымкі, якія былі знойдзеныя ў сацыяльным профілі іншага расейскага вайскоўца – Ібрагіма Абкадырава [7] (архіў: https://archive.is/rFqwK [8]).

Ан-124 на авиабазе Крымск. [9]

Ан-124 на авіябазе Крымск / фота з профілю расейскага вайскоўца тэрміновае службы.

Ночная погрузка техники на самолет Ил-76. Авиабаза Крымск. [10]

Начная пагрузка тэхнікі ў лятак Іл-76. Авіябаза Крымск.

12027654_135355420148974_3601500191245522206_n [11]Паводле дадзеных сэрвісу Flightradar24 [12] каманда InformNapalm зафіксавала шэраг нядаўніх пералётаў расейскіх Ан-124:

23 верасьня, Ан-124 (RA-82035) ВТА ВПС РФ, вярнуўся зь Сірыі ў Крымск.

24 верасьня, Ан-124 (RA-82039) выправіўся з а/п Геленджык у Сірыю, 25.09 борт вярнуўся ў Крымск.

25 верасьня, Ан-124 (RA-82040) вярнуўся ў Крымск зь Сірыйскай камандыроўкі, 26 верасьня зноў выправіўся ў Сірыю.

У сеціве таксама цыркулююць радыёперахопы розных рэйсаў расейскіх бартоў ў Сірыю і назад: https://soundcloud.com/mil-avia [13]. Шчыльнасьць пералётаў расейскіх вайсковых бартоў ў Сірыю і назад скрайне высокая.

Пра намэнклятуру вайсковых грузаў, якія перакідваць з РФ у Сірыю можна даведацца з шматлікіх відэа з расейскім узбраеньнем і тэхнікай. Адзін вайскова-транспартны лятак Ан-124 можа транспартаваць 3 штурмавікі Су-25 альбо 2 шматмэтавыя цяжкія зьнішчальнікі Су-30. Дарэчы, на спадарожнікавых здымках, якія нядаўна апублікавала амэрыканская прыватная выведвальная фірма “Stratfor”, у аэрапорце Латакіі зафіксаваныя менавіта гэтыя тыпы расейскіх лятакоў. У сваю чаргу, экспэрты InformNapalm з высокай ступеньню верагоднасьці выказалі здагадку, што, як мінімум, адзін зь лятакоў, выяўленых у Латакіі, знаходзіцца ва ўзбраеньні ВПС Расеі: 120-га зьмяшанага авіяцыйнага палку 303-й гвардзейскай зьмяшанай авіяцыйнай дывізыі 3-га Камандаваньня ВПС і СПА Усходняе вайсковае акругі. Гэтыя здагадкі заснаваныя на аналізе здымкаў лятака Су-30СМ [14], у якіх быў ідэнтыфікаваны ягоны бартавы нумар “24” (RF-95003) і іншыя ўскоснымі азнакі.

Але калі пра вайсковыя грузы, якія паступаюць з РФ у Сірыю можна мець хоць нейкае ўяўленьне, то пра намэнклятуру зваротных грузаў застаецца толькі здагадвацца.

810 [15]

Гэтак, 24 верасьня адразу некалькі крыніцаў падалі інфармацыю пра дастаўку ў Сэвастопаль целаў дзесяці марскіх пяхотнікаў 810 абрмп. Факт дастаўкі “грузу 200” зь Сірыі ў Сэвастопаль таксама агучыў і лідэр крымскіх татараў Мустафа Джэмілеў [16]. У сваю чаргу ад крыніцы, блізкае да ЧФ РФ, мы таксама атрымалі інфармацыю, што, як мінімум, шасьцёра загінулых з складу навапрыбылага “грузу” былі раней заўважаныя ў скандалах з-за фатаздымкаў “сэлфі” зь сірыйскіх камандыровак. Апроч гэтага паступаюць дадзеныя пра ўзмацненьне жорсткасьці захадаў, якія выкарыстоўваюць у дачыненьні тых, хто спрычыніўся да ўцечкі інфармацыі што да “сірыйскіх камандыровак”.

Вяртаючыся да асноўнай тэмы расьледаваньня, хочам нагадаць, што OSINT-дасьледнікі каманды InformNapalm ужо неаднойчы фіксавалі вайсковыя гэлікоптэры РФ з зацертым або зафарбаваным маркаваньнем. Гэтак у верасьні 2014 году ля самае мяжы з Украінай у Растоўскае вобласьці мы выявілі расейскі гэлікоптэр Мі-8АМТШ [17] з цалкам зафарбаванымі апазнавальнымі знакамі. Дзеля якіх мэтаў было зьдзейсьненае суцэльнае або частковае зафарбаваньне нумарных і апазнавальных знакаў на расейскай вайсковай тэхніцы застаецца толькі здагадвацца. Магчыма, падобныя дзеяньні ажыцьцяўляюцца дзеля падрыхтоўкі рэалізацыі нелегальных паставак тэхнікі рэжыму Башара Асада, або, цалкам мажліва, што яны ажыцьцяўляюцца і ў межах зьдзяйсьненьня “гібрыднай” вайны на Данбасе.

Матар’ял падрыхтаваў: Міхаіл Кузьняцоў [18] адмыслова для InformNapalm.org.

На беларускую мову пераклаў: Дзяніс Івашын [19]

(с) Падчас перадруку й выкарыстаньня інфармацыі спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.