InformNapalm.org (Беларуская)

“Надвор’е ў Арэнбургу” зьнішчыла танкі Т-72БА 21-й АМСБр ЗС РФ пад Старабешавам

Чарговае расьледаваньне каманды InformNapalm.org раскрывае факты ўдзелу 21-й АМСБр ЗС РФ у вайне на Данбасе.
Нагадаем, што 22 верасьня 2014 году расейскі прапагандысцкі канал “ANNA NEWS” апублікаваў відэа “Данецк, Старабешава. Зьнішчаная бранетэхніка Украінскай арміі”, у якім спрабаваў выдаць зьнішчаныя расейскія танкі Т-72 за ўкраінскія.

Да вяртаньня да гэтай тэмы спрычыніўся фатаздымак, які быў выяўлены на старонцы расейскага вайсковага злачынцы, кантрактніка падразьдзяленьня СПА з складу 21-й асобнай матастралковай брыгады (в/ч 12128-ж Тоцкае-2, Арэнбургская вобласьць, ЦВА) Дзяніса Панчанкі (профіль у архіве: https://archive.is/eIpzt, фатаальбом: https://archive.is/z0QFk).

D Panchenko prof

У прыватнасьці, у фатаальбоме Дз.Панчанкі было выяўленае фота, выкладзенае 22 кастрычніка 2014 году, у якім група расейскіх вайскоўцаў пазуе на тле спаленага танку Т-72БА. На фота быў апазнаны танк, які таксама фігуруе і ў сюжэце “ANNA NEWS” з 22.09.2014 г. Параўноўваючы скрыншот з відэароліку з фатаздымкам з альбому Дз.Панчанкі, адразу бачна, што танк і мейсца здымкі супадаюць, толькі зробленыя з розных ракурсаў (глядзіце фатаздымкі з апісаньнем ніжэй).

  

Заўвага: Зыходзячы з фатаздымкаў з альбому Дз.Панчанкі станам на чэрвень 2015 году, вынікае, што ўлетку ён знаходзіўся ў Растоўскае вобласьці ў чарговай “растоўска-украінскай” камандыроўцы.

  

На падставе гэтага можна прыйсьці да высновы, што спаленыя пад Старабешавам танкі Т-72, ​​зьяўляюцца машынамі 21-й АМСБр (а ня 6-й ТБр, як мы дапускалі раней у матар’яле – “Чарговая хлусня расейскай прапаганды – танкі “Т-72ДЗ(БЗ)””). Тым ня менш, памылка ў вызначэньні падразьдзяленьня, да якога належаць танкі, ніякім чынам не ўплывае на сутнасьць матар’ялу што да доказу ўдзелу падразьдзяленьняў ЗС РФ у вайне ва Украіне.

Здагадка пра прыналежнасьць танку заснаваная на некалькіх ускосных фактах, у тым ліку:

1) адзначаны вышэй фатаздымак спаленага танку, які выкладзены ў альбоме вайскоўца 21-й брыгады;

2) зафіксаваная гібель двух танкістаў 21-й АМСБр з Арэнбургскай вобласьці на “вышкалах” пад Растовам напрыканцы жніўня 2014 году;

3) наяўнасьць ва ўзбраеньні 21-й брыгады танкаў Т-72БА мадыфікацыі 1999 году (у адрозьненьні ад мадыфікацыі “БЗ”, якая абсталяваная цеплавізарам “Сасна-У”, у “БА” усталяваны прыцэл “1К13”), якія, збольшага, знаходзяцца ў арсэнале вайсковых злучэньняў ЦВА.

Дзеля пацьверджаньня гэтай інфармацыі публікуем фатаздымкі танкаў Т-72БА з профіляў сацсетак вайскоўцаў 21-й брыгады, Рустама Абракава і Арцёма Чугаева.
  

 

Матар’ял падрыхтаваў Міхаіл Нет адмыслова для InformNapalm.org

(с) Падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялаў сайту спасылка на аўтара і арыгінал артыкулу абавязковая.

Пераклад на беларускую мову – Дзяніс Івашын

Exit mobile version