InformNapalm.org (Беларуская)

Найміт з РФ выкрыў факты паставак вайсковай тэхнікі: “Тэлепартацыя” расейскага танка Т-64 на Данбас

Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае выяўляць факты перакідваньня расейскага ўзбраеньня і тэхнікі на акупаваны Данбас. Мы ўжо неаднойчы дэманстравалі сьведчаньні перакідваньня і перадачы аб’яднаным расейска-сэпаратысцкім сілам (АРСС) арсэналаў зброі ад пуцінскага “ваенторга”. Досыць часта ідэнтыфікаваць гэтае ўзбраеньне і тэхніку дапамагаюць ня толькі тактычныя знакі і бартавыя нумары, але й надпісы, якія пакідаюць на сваіх “баявых конях” расейскія вайскоўцы і баявікі НЗФ.

Нагадваем, што адзін з апошніх матар’ялаў у гэтай тэме быў апублікаваны 13 сьнежня 2015 году. OSINT-выведнікі нашае каманды выявілі канкрэтны факт “тэлепартацыі” ўзбраеньня і тэхнікі з памежнага з Украінай расейскага вайсковага палігону ў Растоўскае вобласьці РФ у арсэнал НЗФ “наваросіі”. У прыватнасьці, гаворка йшла пра 122-мм буксаваныя гаўбіцы “Д-30”, з нанесенымі на іх чырвонай фарбай імёнамі Вікторыя і Люба, а таксама пра сьведчаньні што да іншага тыпу ўзбраеньня і тэхнікі. У гэтай жа публікацыі згадваўся і танк Т-64, з надпісамі на борце “Т-84” і “За Данбас” (фота выкладзенае ў профілі расейскага вайскоўца ў жніўні 2014 году), які пасля быў зафіксаваны ў баёх пад Дэбальцавам.

Празь некалькі дзён пасьля публікацыі “Любоў артылерыстаў” Усевялікага войска Данскога””, уважлівыя і адданыя чытачы InformNapalm даслалі паведамленьне з спасылкай на старонку расейскага найміта Аляксандра Кучэрскага, пазыўны “Кадыр”, 28.08.1993 г.н., г.Растоў-на-Доне (архівы на профіль, фотаальбом, кантакты), у фотаальбоме якога быў выяўлены фатаздымак, выкладзены 25 сакавіка 2015 году, з тым жа Т-64, які мае надпіс “Т-84 За Данбас”, але ўжо ва Украіне на Данбасе.

Танк “За Данбас” – не адзіны фотадоказ ад пазначанага вышэй расейскага найміта. У ягоным фотаальбоме таксама знойдзенае фота, выкладзенае 30 сакавіка 2015 году, з зьнішчаным у пас.8 Сакавіка, прадмесьці Дэбальцава, расейскім танкам Т-72Б3, пра што сьведчаць канкрэтныя адметныя дэталі, характэрныя для гэтай мадыфікацыі:


Ніжэй падаем раней апублікаваныя фатаздымкі гэтага танку. На адным зь іх таксама пазуе Кучэрскі. Дастаткова параўнаць тып і колер футаралу бронекамізэлькі, чорную шапку, пальчаткі з абрэзанымі пальцамі і капюшон курткі.


Глядзіце іншыя тэматычныя матар’ялы, у якіх падаецца інфармацыя пра перакідваньне расейскага ўзбраеньня і тэхнікі на Данбас:

Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднай валянтэрскай групай InformNapalm.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Exit mobile version