InformNapalm.org (Беларуская)

Нацысты ў расейскім спэцназе. Ідэнтыфікаваная рота вайсковай выведкі РФ, якая штурмавала Крымскі Парлямэнт

Наша каманда ідэнтыфікавала падразьдзяленьне расейскай арміі, якое ўдзельнічала ў захопе Крымскага Парлямэнта ў Сымфэропалі 27 лютага 2014 году раніцой прыблізна а 4:30. Гэта была 7-я гвардзейская дэсантна-штурмавая (горная) дывізыя, пра якую больш падрабязна можна даведацца ў Вікіпэдыі тутака. Атрымалася выявіць, што дэсантнік выведроты, які ўдзельнічаў у гэтай вайсковай апэрацыі, зьяўляецца сябрам адной з нэанацыскіх групаў у Расеі. Ягонае імя Станіслаў Мікалаевіч Раменскі. Праходзіў службу ў вайсковай частцы № 61756. 14 красавіка 2014 году ён быў узнагароджаны мэдалём “За вяртаньне Крыма”.

Расейскі нэанацыст спэцназавец Станіслаў Раменскі на тле будынку Крымскага Парлямэнта ў лютым 2014 году

Падчас расьледаваньня ўдзелу расейскай арміі ў вайсковым канфлікце на Усходзе Украіны нашая каманда выявіла профіль Станіслава Раменскага https://vk.com/mixmake. Ён выкарыстоўвае псэўданім “Сьвятаслаў Мудры”. Фатаздымак вышэй быў зроблены перад будынкам Парлямэнта Крыма, які быў захоплены добра ўзброеным вайсковым падразьдзяленьнем без апазнавальных знакаў. Будынак за сьпінай Раменскага быў ідэнтыфікаваны як будынак Крымскага Парлямента. Ён выклаў гэты фатаздымак 6 ліпеня 2014 году празь некалькі месяцаў пасьля анэксыі Крыма Расейскай Фэдэрацыяй. Гэтае фота даступнае ў вялікай рэзалюцыі 2560 × 1714.

Фатаздымак, апублікаваны Крымскай агенцыяй навінаў 1 сакавіка 2014 году

1 сакавіка 2014 году Крымская агенцыя навінаў апублікавала некалькі фатаздымкаў узброеных людзей, якія ўзялі пад кантроль Парлямэнт Крыма, падрабязна пра гэтае тутака: http://www.kianews.com.ua/news/centr-simferopolya-polnostyu-okruzhen-voennymi. Не выклікае сумневу, дзе і калі быў зроблены фатаздымак, апублікаваны Станіславам Раменскім.

Медаль “За возвращение Крыма”, полученная Раменским

16 ліпеня 2014 году Станіслаў Раменскі апублікаваў фатаздымак мэдалю, які ён атрымаў ад Міністэрства Абароны Расейскай Фэдэрацыі. У дакумэнце пазначанае, што загад быў падпісаны 14 красавіка 2014 году. На мэдалю маецца надпіс “За вяртаньне Крыму”. Загад падпісаны камандырам вайсковай часткі № 61756 генэрал-маёрам В.Саладчуком. Гэтая вайсковая частка мае прыналежнасьць да 7-ай гвардзейскай дэсантна-штурмавой (горнай) дывізыі. Валеры Саладчук зьяўляецца камандырам гэтай дывізыі з 2012 году. Вайсковая частка № 61756 базуецца ў Наварасійску. З мейсцам ейнай дысьлякацыі можна азнаёміцца на рэсурсе Wikimapia тутака. Фатаздымак мэдалю таксама выкладзены зь вялікай рэзалюцыяй 2560 × 1920.

Нумар ягонай вайсковай часткі можна таксама ідэнтыфікаваць паводле ягонага профілю, ён нават пазначыў гады службы! І нават назоў падразьдзяленьня – Выведвальная Рота Дывізыі.

Скрыншот старонкі профілю Раменскага з пазначэньнем вайсковай часткі і гадоў службы

Ніжэй яшчэ адзін фатаздымак зь вялікай рэзалюцыяй 2560 × 1920, які Станіслаў Раменскі апублікаваў 20 жніўня 2014 году. На фатаздымку можна пабачыць, як ён трымае сьцяг вайсковай выведкі Расейскай Фэдэрацыі. Мейсца, дзе было зробленае фота – нявызначанае. На фатаздымку можна пабачыць татуіроўку, падобную да тых, якія звычайна робяць чальцы нэанацыскіх групаў Расеі.

Фатаздымак Раменскага з сьцягам вайсковай выведкі РФ і з нэанацыскай татуіроўкай

На фатаздымку таксама можна пабачыць срэбраны ланцужок на шыі. Гэта ня проста срэбраны ланцужок. На ім маецца мэдальён, які можна ўбачыць на іншым фатаздымку Раменскага, які апублікаваны 27 жніўня 2014 году. У камэнтарах да фатаздымку ён напісаў: “Нарэшце атрымаў. Вялікі дзякуй.” Сымбаль на мэдальёне выкарыстоўваюць ультраправыя групы ў Расеі, якія ўсьведамляюць сябе паганцамі, але насамрэч ёсьць нэанацыстамі.

Нэанацыскі мэдальён Раменскага

У ягоным профілю ёсьць і іншыя фатаздымкі, якія не патрабуюць камэнтароў, напрыклад гэты фатаздымак з свастыкай, якая ў нэапаганскім асяродзьдзі называецца “зорка Інгліі”.

Скрыншот фатаздымку з фатаальбома Раменскага

Або яшчэ адзін фатаздымак з сымболікай Расейскай нэанацыскай групы з надпісам “Сьвет будзе БЕЛЫМ!”

Скрыншот фатаздымку з фатаальбома Раменскага

Ёсьць шмат іншых жаўнераў спэцназу Расейскай арміі, якія прымалі ўдзел ў вайсковых дзеяньнях ва Украіне, і якія ўжо ідэнтыфікаваныя. Але сам факт удзелу ў баёх гэтага жаўнера вельмі іранічны. Рускі нэанацыст, які ўступіў у шэрагі Расейскай арміі і пайшоў “вызваляць” Крым ад фашыстаў, публікуе фатаздымак мэдалю, атрыманага ад Пуціна за вайсковую апэрацыю, якую Крэмль не вызнаваў больш за год.

Матар’ял падрыхтаваны камандай Lugansk-News.com адмыслова для InformNapalm.org

Арыгінал артыкулу на ангельскай мове тутака: http://lugansk-news.com/russian-neo-nazi-identified-as-paratrooper-who-took-part-in-crimea-annexation/.

(с) Пры перадруку і выкарыстанні матэрыялу спасылка на наш праект абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына

RU: Нацисты в российском спецназе. Идентифицирована рота военной разведки РФ, которая штурмовала крымские органы власти

 

Exit mobile version