InformNapalm.org (Беларуская)

Наварасійска-сірыйская камандыроўка ЗС РФ

 

На працягу апошніх некалькі дзён міжнародная прэса актыўна абмяркоўвае чуткі пра ўдзел расейскіх вайскоўцаў у канфлікце ў Сірыі. Пра гэта было ўжо шмат напісанае і паказанае. Нашую ўвагу прыцягнуў сюжэт, які выкладзены на відэапартале нейкага Ivan Sidorenkoo, з назовам “Сірыя, Латакія – Сірыйская Арабская армія / Некаторыя кадры сёньняшняга бою Нацыянальных сілаў абароны” (“Syria, Latakia – Syrian Arab Army / National Defense Forces Some Battle Footage from Today”).

У гэтым відэароліку ёсьць некалькі характэрных момантаў, у прыватнасьці, закадравыя перамовы на расейскай мове: хранамэтраж 02:03 – “Давай, быстрее”, 02:06 – “Ходу”, 02:10 – “Еще раз! Повтори!”, 02:30 – “Павлин, Павлин, мы выдвигаемся”. Апроч гэтага, у кадрах зафіксаваная тэхніка савецкае/расейскае вытворчасьці, што, зрэшты, ня дзіўна. Не сакрэт, што армію Асада, як раней, гэтак і цяпер, узбройваюць сябры з Крамлю, а забесьпячэньне ажыцьцяўляецца з выкарыстаньнем вялікіх дэсантных караблёў ВМФ РФ, збольшага, з ваенна-марской базы Наварасійска.

Больш за ўсё прыцягнуў увагу бранетранспартэр БТР-82А з стандартнай расейскай афарбоўкай, які зафіксаваны ў відэароліку, хранамэтраж 0:40-0:43, 1:15-1:20 і 2:15-2:22. Бранетранспартэры гэтай мадыфікацыі ўсяго некалькі гадоў таму расейская армія прыняла ва ўзбраеньне, у чарзе на прыём новых бранемашынаў стаіць шэраг вайсковых частак ЗС РФ, якія даўно патрабуюць замены старога, амартызаванага хламу на новую тэхніку.

Вядома, што бранетранспартэры БТР-82А, збольшага, паступілі ва ўзбраеньне прыярытэтных расейскіх вайсковых частак, у матастралковыя і выведныя батальёны брыгадаў. У злучэньнях Паўднёвае вайсковае акругі (ПВА) гэта 7-я акупацыйная в/база, Абхазыя, Грузыя; 136-я АМСБр, Дагестан; 20-я АМСБр, Чачэнія; у Цэнтральную вайсковую акругу (ЦВА) – 15-я АМСБр “міратворчая”, Рошчынскі, Самарская вобл., 23-я АМСБр, с.Тоцкое, Арэнбургская вобл.; у Заходнюю вайсковую акругу (ЗВО) – 27-я АМСБр, п.Масрэнтген, Маскоўская вобл.

У выніку павярхоўнага аналізу і параўнаньня БТР-82А, які “засьвяціўся” ў відэароліку ў Сірыі, з падобнымі тыпамі машынаў, якія знаходзяцца ва ўзбраенні ў вышэйзгаданых расейскіх вайсковых злучэньнях, найбольшае падабенства было выяўленае з бранетранспартэрамі з складу 27-й АМСБр – в/ч 61899, якая дысьлякуецца ў Падмаскоўі.

У прыватнасьці, у групе “В/ч 61899 Сэвастопальская 27 АМСБр. Таварышы ў службе” былі выяўленыя фатаздымкі бранетранспартэраў БТР-82А гэтай брыгады з ідэнтычным камуфляжам і бартавымі нумарамі белага колеру, якія нанесеныя з выкарыстаньнем аднаго шаблёну.

  

Заўвага: нагадваем, што ў розных вайсковых частках камуфляж машынаў і стыль нанясеньня бартавых нумароў адрозьніваюцца. Напрыклад, на БТР 23-й АМСБр нумары нанесеныя чырвонай фарбай, а на БТР 7-й вайсковай базы – белыя, але маюць больш тлусты шрыфт.

 

Прадстаўленая ідэнтыфікацыя не зьяўляецца доказам, але шэраг ускосных азнакаў – супадзеньне камуфляжу, адзіны тып бартавой нумарацыі машынаў у ЗС РФ, ідэнтычны трафарэт шрыфтоў і колераў, таксама закадравы голас на расейскай мове – падмацоўваюць вэрсыю, якая была выказаная вышэй. Магчыма, з часам мы даведаемся больш падрабязнасьцяў, у тым ліку пра “наварасійска-сірыйскую камандыроўку” экіпажа 1-й машыны 1-й матастралковай роты 1-га матастралковага батальёну 27-й АМСБр.

P/S. Апдэйт: У выніку дадатковай OSINT-выведкі на матчыным форуме расейскіх вайскоўцаў 27-й асобнай матастралковай брыгады выяўленая перапіска што да адпраўкі кантрактнікаў гэтага вайсковага злучэньня ў Сірыю з 3-4-месячнымі камандыроўкамі і з “някепскім заробкам” (люты 2013 г.).

Такім чынам, мы маем яшчэ адное ўскоснае пацьверджаньне таго, што на відэа зь Сірыі цалкам, магчыма, зафіксаваная БТР-82А 27-й АМСБр ЗС РФ, пра “нава-Сірыйскія” камандыроўкі якой расейскае сарафаннае радыё згадвала яшчэ ў 2013 годзе.

 

Глядзіце арыгінальныя спасылкі на форум – ““Мама жаўнера” в/ч 61899 27-я АМСБр” в/ч 61899 27-я АМСБр Наш домік – ВЯЧОРКІ (працяг: 119)”, старонкі 46-49:

http://mamasoldata.mybb.ru/viewtopic.php?id=654&p=46https://archive.is/aDqUA

http://mamasoldata.mybb.ru/viewtopic.php?id=654&p=47https://archive.is/m7BzO

http://mamasoldata.mybb.ru/viewtopic.php?id=654&p=48https://archive.is/Od6L8

http://mamasoldata.mybb.ru/viewtopic.php?id=654&p=49https://archive.is/sZyak
Аўтар OSINT-расьледаваньня Міхаил Нет (Кузьняцоў) адмыслова для InformNapalm.org.

(с) Падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялаў сайту спасылка на аўтара і арыгінал артыкулу абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына

Exit mobile version