InformNapalm.org (Беларуская)

Наварасійская вайскова-марская база ЧФ РФ удзельнічала ў акупацыі Крыму

У чэрвені 2019 году міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm апублікавала доказы ўдзелу вайскоўцаў 184-й брыгады караблёў аховы воднага раёну (184 БрКАВР, в/ч 90921) Наварасійскае вайскова-марское базы (ВМБ) ЧФ РФ у апэрацыі захопу Крыму. Публікацыя спрычынілася да значнага розгаласу сярод расейцаў, які пакідалі свае нэгатыўныя камэнтары да расейскага перакладу расьледаваньня. Гэтыя камэнтары дэманструюць ўвесь спэктар расейскае прапаганды — ад хвальбы й пагрозаў да ўжо традыцыйнага «ихтамнет», маўляў, не існуе ані такой брыгады, ані карабля «Поворино». Таму для пашырэньня факталягічнай базы мы раскрываем інфармацыю пра яшчэ чатырох расейскіх вайскоўцаў з Наварасійскай ВМБ, якія маюць быць прыцягнутыя да адказнасьці Міжнародным трыбуналам за ўдзел у ваенным злачынстве супроць Украіны.

Першым фігурантам гэтага расьледаваньня зьяўляецца марак з малога супрацьлодкавага карабля (МСК) «Поворино» Айнур Салахаў, у акаўнце сацсеткі якога былі знойдзеныя фотадоказы пра ўзнагароджаньне яго і ягоных таварышаў у службе мэдалямі Міністэрства абароны РФ “За возвращение Крыма” (рас.).

Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя

Айнур Салахаў (рас. Айнур Салахов). Нарадзіўся 25.06.1992 г. у г. Набярэжныя Чалны, Рэспубліка Татарстан, РФ. Навучаўся ў Камскім дзяржаўным аўтамэханічным тэхнікуме. У 2014 годзе праходзіў вайсковую службу на МСК «Поворино».  У акаўнце сацсеціва “VK” Айнура Салахава выяўлены групавы фатаздымак, у якім ён разам з сваімі таварышамі ў службе зафіксаваны з мэдалямі за акупацыю Крыму.

Айнур Салахаў стаіць другі леваруч

У камэнтарох да гэтага фота Салахаў пацьверджвае, што зьяўляецца адным зь непасрэдных ўдзельнікаў падзеяў, за якія й атрымаў мэдаль ад МА РФ (падаем у арыгінале з захаваньнем артаграфіі й пунктуацыі):

Рустам Гузаіраў: “Вижу медаль дали за возвращения Крыма:)”

Айнур Салахаў: “Рустам, да. как никак участники событий.:)”.

Мы выявілі й ідэнтыфікавалі ўсіх расейскіх вайскоўцаў, зафіксаваных у гэтым фатаздымку.

Зьлева направа: Ільназ Гільфанаў, Айнур Салахаў, Адэль Сібгатулін, Мікалай Баравік.

Ільназ Гільфанаў (рас. Ильназ Гильфанов).  Нарадзіўся 30.03.1993 г. у г. Казань, Рэспубліка Татарстан, РФ. Другі фігурант гэтага расьледаваньня Ільназ Гільфанаў дастаткова асцярожны ў сацсетках, відавочна ён прыслухаўся да наказаў свайго камандаваньня што да забароны публікацыі фатаздымкаў з вайсковай службы ў адкрытым доступе. Аднак Гільфанаў быў выкрыты дзякуючы свайму таварышу ў службе Айнуру Салахаву, які выклаў пададзены вышэй групавы фатаздымак у сваім акаўнце. У фота Гільфанаў стаіць першы леваруч побач з Салахавым.

Характэрна, што ў сваім фотаальбоме Гільфанаў выклаў фота сьцяга расейскага ВМФ разам зь віншаваньнямі зь сьвятам, а таксама апублікаваў на сваёй старонцы відэа з расповедам пра МСК «Поворино».

Адэль Сібгатулін (рас. — Адель Сибгатуллин). Нарадзіўся 30.12.1988 г., жыве ў г. Казань, Татарстан, РФ. Навучаўся ў Казанскім фэдэральным унівэрсытэце.

Сібгатулін таксама не публікаваў фотадоказы свайго ўдзелу ў ваеннай агрэсіі супроць Украіны. Аднак ён выяўлены й ідэнтыфікаваны ў групавым фатаздымку першага фігуранта расьледаваньня — Айнура Салахава (у групавым фота вышэй Сібгатулін стаіць трэці леваруч).

Чацьвертым мэдалістам і фігурантам гэтага расьледаваньня, апазнаным у групавым фатаздымку Салахава, зьяўляецца Мікалай Баравік.

Мікалай Юр’евіч Баравік (рас. — Николай Юрьевич Боровик). Нарадзіўся 21.06.1995 г. у г. Растоў-на-Доне. У 2013 годзе скончыў школу ў с. Лысагорка Куйбышаўскага раёну Растоўскае вобласьці РФ. Там жа навучаліся й зараз жывуць ягоныя бацькі (1, 2). Дзед па лініі бацькі жыве ў Макееўцы Данецкае вобласьці, якая знаходзіцца пад акупацыяй 1-га армейскага корпусу 8-й агульнавайсковай арміі ЗС РФ. На ягонай старонцы сацсеціва маецца клясічны набор расейскае прапаганды й фэйкаў. Характэрна, што Баравік апублікаваў фота сваёй дачкі, якую абдымае тэрарыст Аляксандар Захарчанка.

У фотаальбоме Мікалая Баравіка выяўленае фота, ідэнтычнае групавому фатаздымку Айнура Салахава з мэдалістамі-“паворынцамі”. У гэтым здымку ён стаіць крайні праваруч:

Камандыры

Расейскія афіцэры Наварасійскае вайскова-марское базы – удзельнікі апэрацыі захопу Крыму

Узнагародныя дакуманты да мэдалёў за акупацыю Крыму вайскоўцам 184-й БрКАВР падпісаў камандыр брыгады капітан 1-га рангу Дзьмітры Яўгенавіч Кузьменка. Яго поўнае імя, пасада й тэлефон маюцца ў дакуманце, выяўленым у Сеціве (скрыншот).


Камандырам МСК «Поворино» у падчас правядзеньня апэрацыі захопу Крыму быў капітан 3-га рангу Яўген Шылаў.

У выніку гэтага расьледавньня выяўленыя й ідэнтыфікаваныя чатыры расейскія ваенныя злачынцы, якія разам з камандыры маюць быць прыцягнутыя да Міжнароднага трыбуналу.

Зьвяртаемся да праваахоўных органаў Украіны: просім успрымаць нашае расьледаваньне як паведамленьне пра злачынства, якое зьдзейсьненае супроць Украіны, і зьдзейсьніць усе неабходныя працэсуальныя дзеяньні.


Зь інфармацыяй пра ўсе выяўленыя супольнасьцю InformNapalm падразьдзяленьні Збройных сілаў Расейскае Фэдэрацыі, што ўдзельнічалі ў ваеннай агрэсіі супроць Украіны, Грузіі й Сірыі, можна азнаёміцца ў базе дадзеных Russian Aggression.


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.


Вы можаце падтрымаць нас дабрачынным ахвяраваньнем, каб дапамагчы кампэнсаваць выдаткі на ўтрыманьне сайту й спрыяць разьвіцьцю нашага валянтэрскага праэкту.

Exit mobile version