- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

РФ стварае гібрыдныя вайсковыя базы ў Беларусі пад выглядам “навучальна-баявых цэнтраў”

У 2021-2022 гадах Расейская Федэрацыя пад выглядам сумесных вайсковых манэўраў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь працягнула практыку насычэньня беларускае тэрыторыі расейскай вайсковай тэхнікай, частка якой не вярталася ў пункты пастаяннае дыслякацыі. Таксама РФ разгарнула некалькі гібрыдных вайсковых базаў, якія для адцягненьня ўвагі ад пагрозы акупацыі назвалі “навучальна-баявымі цэнтрамі”. Паказальна, что стварэньне сваіх вайсковых базаў у Беларусі – мэта, якой Расея дамагаецца дасягнуць вельмі даўно. І толькі цяпер, калі рэжым Лукашэнкі канчаткова здаў суверэнітэт Беларусі ў рукі Крамля, гэтая мэта пачала хуткімі тэмпамі рэалізавацца.

Нагадаем, што Расея з 2013 года актывізавала свае намеры разьмясьціць у Беларусі вайсковыя пляцдармы. У 2015 годзе валянтэры міжнароднае разведвальнае супольнасьці InformNapalm апублікавалі OSINT-расьследаваньне [1] “У Беларусі рыхтуецца пляцдарм ВКС РФ для ўварваньня ва Ўкраіну”. Гэтае расьследаваньне ўказвала, што разьмяшчэньне такіх базаў пагражае ня толькі суверэнітэту Беларусі, но і можа стаць паўночным пляцдармам для агрэсіі РФ супроць Украіны. Ў 2016 годзе стварэньне такіх пляцдармаў было пастаўленае на паўзу, але 5 марта 2021 года аднавілася: ў Маскве міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін і міністр абароны РФ генерал арміі Сяргей Шойгу абмеркавалі рэалізацыю Праграмы стратэгічнага партнэрства Рэспублікі Беларусь і Расейскае Федэрацыі на 2021-2025 гады і дамовіліся наконт фармаваньня навучальна-баявых цэнтраў.

На сёньня пад прыкрыцьцём навучальна-баявых цэнтраў у Беларусі створаныя і працягваюць стварацца новыя расейскія вайсковыя базы.

Плянавалася, што ў іх будуць разьмешчаныя расейскія Су-30СМ, а таксама расейскія ЗРК.

29 жніўня 2021 ў Горадню прыбылі [2] падразьдзяленьні зэнітна-ракетных войскаў Расеі і зэнітна-ракетныя комплексы (вэб-архіў [3]).

[4]

Гэта пацьвярджае таксама польскі даследчык Конрад Музыка, які 29 жніўня разьмясьціў [5] спадарожнікавыя здымкі ў сваім акаўньце ў твітэры (вэб-архіў [6]). Ягоныя здымкі дапамаглі дакладна акрэсліць знаходжаньне расейскіх ЗРК – Лабна-Агароднікі Гарадзенскае вобласьці, дзе знаходзіцца 1-ы зэнітна-ракетны полк Збройных Сілаў Беларусі.

[7]

Як было раней згадана, іншым складнікам для вайсковае базы, што ствараецца пад прыкрыцьцём навучальна-баявога цэнтра, Расея назвала вайсковыя самалёты Су-30СМ. 8 верасьня 2021 на аэрадром у Баранавічах прыбываюць [8] тры расейскія Су-30СМ (спасылка 2 [9], вэб-архіў [10]). Удалося вызначыць іх рэгістрацыйныя нумары:

На наступны дзень гэтыя самалёты ўжо пачалі баявое чаргаваньне [11] над тэрыторыяй Беларусі (вэб-архіў [12]). Згадана таксама, што адначасова зь імі пачалі баявое дзяжурства і адмыслоўцы зэнітна-ракетных войскаў, якія прыбылі сюды напрыканцы жніўня.

З тых часоў расейскія вайсковыя самалёты лётаюць над тэрыторыяй Беларусі прыкладна раз на тыдзень.

Тым часам, колькасьць “цэнтраў”, паводле Расеі, нечакана павялічылася. 6 кастрычніка 2021 года міністар абароны Расеі Шойгу заявіў [13], што так званых навучальна-баявых цэнтраў у Беларусі два (вэб-архіў [14]). Верагодна, што меліся на ўвазе два фактычныя мейсцы расейскае прысутнасьці: Су-30СМ у Баранавічах і ЗРК С-400 ля Горадні.

Цікава, што 1 сьнежня 2021 года Лукашэнка  сказаў [15], што С-400 у Беларусі ужо ёсьць, і ён знаходзіцца “ў навучальным цэнтры” (вэб-архіў [16]).

21 студзеня 2022 Расея заявіла, што падчас падрыхтоўкі да вышкалаў “Союзная решимость – 2022” накіроўвае ў Беларусь два дывізыёны С-400.

Рэсурс avia.pro ў той жа дзень, 21 студзеня, напісаў (вэб-архіў [17]), што С-400 нібыта ўжо прыбылі ў Беларусь. Сваю “навіну” аўтары рэсурсу суправадзілі відэа адпраўкі С-400 з Хабараўскага краю, ўзятым, мяркуючы паводле назову відэа, з паведамленьня [18] “РИА Новости”, ў якім ішла гаворка пра адпраўку С-400 (вэб-архіў [19]). То бок аўтары гэтага рэсурсу ведалі, што на відэа менавіта кадры адпраўкі, а не прыбыцьця.

Усяго праз два дні, 23 студзеня 2022 года на сайце беларускага тэлеканала “БТ” зьявіўся рэпартаж [20] пра прыбыцьцё расейскіх войскаў на станцыю Палонка ў Берасьцейскае вобласьці (вэб-архіў [21]). З пачатку ў рэпартажы паказваюцца вайскоўцы, што стаяць ля вагонаў з надпісам “РЖД”, і аркестар, які іх сустракае. А потым (пачынаючы з часу 0:16 на відэа) паказаная перавозка зэнітна-ракетнага комплекса С-400. У выніку ў гледачоў можа стварыцца ўражваньне, што ЗРК С-400 прыбыў у Берасьцейскую вобласьць гэтым эшалонам разам з гэтымі вайскоўцамі.

Але відэа-ўрывак з С-400 узяты з рэпартажу [22] Мінабароны Расеі ад 21 студзеня (вэб-архіў [23]), ў якім распавядаецца, што гэты ЗРК толькі пачалі перакідваць, і згаданы відэа-ўрывак – гэта дарога да станцыі пагрузкі ў Хабараўскім краі.

Што датычыць іх прыбыцьця, то пра гэта было згадана толькі ў артыкуле [24] расейскага выданьня “Российская газета” ад 31 студзеня 2022 года, паводле якога два дывізыёны ЗРК С-400 былі перакінутыя з мэтай праверкі Адзінае рэгіянальнае сыстэмы СПА (вэб-архіў [25]).

У выніку пра прыбыцьцё ЗРК было ўрачыста аб’явлена [26] зранку 3 лютага (вэб-архіў [27]), прычым прыбыцьцё расейскае вайсковае тэхнікі адбывалася ўначы.

Апісаныя эпізоды дазваляюць зрабіць выснову, што праз крамлёўскія і праўладныя СМІ РБ, якія працуюць зь імі ў адным зьвязку, магла стварацца імітацыйная дзейнасьць, каб схаваць факты існаваньня С-400 у Беларусі і колькасьць гэтых ЗРК.

Верагодна, што пасьля вышкалаў “Захад-2021” Расея пакінула ў Беларусі вайсковую тэхніку. Ў камэнтарох пад абмеркаваньнем разьмяшчэньня ЗРК С-400 у Падмаскоўі адзін з камэнтавальнікаў кажа [28], што 210-ы зэнітна-ракетны полк (в/ч 51890) 4-е дывізыі СПА Расі, які знаходзіцца ў Дзьмітроўскім раёне Маскоўскае вобласьці, пасьля вышкалаў “Запад-2021” пакінуў у Беларусі як мінімум адзін дывізыён С-400 (вэб-архіў [29]).

[30]

Такім чынам, так званыя вышкалы “Союзная решимость – 2022” могуць стаць сродкам, з дапамогай якога Расея плянуе абгрунтаваць прысутнасьць у Беларусі вайсковае тэхнікі і вайскоўцаў, накіраваных сюды раней.

Але больш значнае пытаньне – якую ролю Расея надае сваім вайсковым базам?

Ёсьць вялікая небясьпека, што гэтыя фактычныя вайсковыя базы ў сваю чаргу стануць сродкам для “легалізацыі” расейскіх вайскоўцаў і вайсковае тэхнікі, якія застануцца пасьля заканчэньня так званых вышкалаў “Союзная решимость – 2022” на стала.

Адпаведна беларускія патрыятычныя сілы маюць разумець и цьвяроза ацэньваць гэтую пагрозу, каб быць падрыхтаванымі да адпаведных абарончых дзеяньняў супроць акупантаў на сваёй тэрыторыі.


Служба маніторынга Беларускай рэдакцыі InformNapalm