Адплата. Расейскі кантрактнік, ветэран «украінскае камандыроўкі» 2014 году, выяўлены ў 2015 годзе, меркавана загінуў у выпадковым ДТЗ.
У матар’ялах InformNapalm неаднойчы было зазначанае пра тое, што расейскія вайсковыя злачынцы, якія асабіста ўдзельнічалі ў неабвешчаных і падступных войнах раней ці пазьней будуць пакараныя. Гэтак, напрыклад, яшчэ ў лістападзе 2014 году ў адной з нашых публікацыяў была пададзеная інфармацыя пра выяўленых расейскіх інтэрвэнтаў з 15-й так званай міратворчай брыгады, якія ваявалі на Данбасе – празь некаторы час сталася вядома пра зазнаныя баявыя страты «міратворцаў». Тая ж доля напаткала і аднаго з фігурантаў нашага расьледаваньня, апублікаванага ў 2015 годзе, пра выкрытых расейскіх вайскоўцаў з складу 18-й мотастралковай брыгады ПВА, якія ваявалі на Данбасе ўлетку-ўвосень 2014 году. Хаця сьмерць апісанага ніжэй фігуранту не зьяўляецца баявой стратаю, нейкі сымбалізм яна, усё ж, мае.
З 1 траўня 2017 году ў сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца паведамленьні-спачуваньні што да Віктара Аўжынава, які фігураваў у адным з расьледаваньняў InformNapalm. Сярод тых, хто сумуе зь ягонае сьмерці досыць шмат ягоных сяброў (1, 2, 3) і сваякоў (4, 5, 6, 7, 8). Камэнтароў што да ягонае сьмерці няшмат, але паводле аднаго зь іх, ейнай прычынаю сталася дарожна-транспартнае здарэньне, якое адбылося 30 красавіка 2017 году ў ягоным родным Ханты-Мансійску.
Пасьля нашай выкрывальнай публікацыі 2015 году старонка В. Аўжынава была выдаленая з сацсеткі (архіў). Неўзабаве ён стварыў новыя профілі з прыдуманымі імёнамі: у “VK” – “Охотник Вездесущий” (рас., архіў профілю, фотаальбому, кантактаў), у “OK” – “Віктар Іваноў” (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў). Сярод сяброў і падпісьнікоў у гэтых профілях шмат расейскіх вайскоўцаў, зафіксаваных у Сірыі і на Данбасе, у тым ліку ягоныя таварышы ў службе з 18-й брыгады. Таксама ў Сеціве маецца яшчэ некалькі старонак Аўжынава, неактыўных з 2009 і 2014 гадоў.
1 траўня 2017 году ханты-мансійскія СМІ паведамілі наступнае (пакідаем у арыгінале):
Нягледзячы на тое, што расейскія СМІ не падалі імя загінулага падчас ДТЗ, пазначаныя імі дадзеныя пра ўзрост, мейсца і дату сьмерці супадаюць з масай згаданых вышэй жалобных пастоў што да В. Аўжынава.
P.S. У расьледаваньні «11 сяброў Пуціна» маецца відэа, створанае валянтэрамі нашае супольнасьці, якое назьбірала больш за 70 тысячаў праглядаў. Для музычнага фону ў відэа быў выкарыстаны «Жалобны марш» Фрэдэрыка Шапэна. Характэрна, што музычнае суправаджэньне пачынаецца з 0:24 сэкунды хранамэтражу – менавіта з моманту пачатку разгляду фігурантаў расьледаваньня, першым нумарам якога і зьяўляецца меркавана загінулы ў ДТЗ Віктар Аўжынаў. Супадзеньне?
Так што, калі вайсковага злачынца, кантрактніка й ветэрана ЗС РФ Аўжынава, які прайшоў не адную баявую камандыроўку, усё ж напаткала пакараньне – гэта можа здарыцца і зь іншымі. Мараль гэтай публікацыі вельмі простая: «таварышы» акупанты, няхай шчасьціць!
Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ і Al Gri.
Загалоўную ілюстрацыю падрыхтаваў Лук’ян Турэцкі.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
