- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Новыя страты расейскай авіягрупоўкі ў Сірыі: зьнішчаны вайсковы лятак Іл-20

Паводле паведамленьня [1] Міністэрства абароны Расейскае Фэдэрацыі, 17 верасьня 2018 г. прыблізна а 22.00 над акваторыяй Міжземнага мору за 35 км ад узьбярэжжа Сірыі зьнікла сувязь з экіпажам расейскага вайсковага лятаку Іл-20. На борце знаходзіліся 15 чалавек.

Характэрна, што лятак вяртаўся на авіябазу Хмэймім падчас атакі чатырох зьнішчальнікаў ВПС Ізраілю на сірыйскія вайсковыя аб’екты ў правінцыі Латакія, дзе засяроджаныя расейскія ваенныя сілы. Мінабароны РФ падае таксама інфармацыю, што з дапамогаю радыёлякацыйных сродкаў кантролю паветранае прасторы былі нібыта зафіксаваныя пускі ракетаў з французскага фрэгату “Auvergne”.

Friendly Fire

У той жа час паводле паведамленьня [2] тэлеканалу CNN з спасылкай на крыніцы ва ўрадзе ЗША, расейскі лятак Іл-20 быў зьбіты праз памылку сірыйскімі сродкамі супрацьпаветранае абароны падчас адбіцьця атакі ізраільскае аівяцыі на сірыйскія вайсковыя аб’екты рэжыму Асада ў Латакіі. Паводле інфармацыі тэлеканалу, інфармацыя пра зьнікненьне лятаку была атрыманая з паведамленьня сірыйскае арміі на міжнародных частотах пра пачатак пошукава-выратавальнай апэрацыі.

На сэрвісе MarineTraffic [3] валянтэрамі InformNapalm выяўленая інфармацыя, што насамрэч пасьля зьбіцьця лятаку Іл-20 на адлегласьці крыху больш за 20 км ад узьбярэжжа Сірыі расейскае выратавальнае буксірнае судна “Профессор Николай Муру” (рас.) зьдзяйсьняла пошукавую апэрацыю. Згодна з гэтай інфармацыяй маем прыблізныя каардынаты падзеньня лятаку: 35°05’57.5″N 35°41’48.8″E [4].

[5]

Паводле ж заявы афіцыйнага прадстаўніка Мінабароны РФ, генэрал-маёру Ігара Канашэнкава, Іл-20 быў зьбіты празь дзеяньні ізраільскіх ВПС, які падставілі яго пад удар сірыйскіх сыстэмаў СПА.

[6]

Генэрал-маёр Ігар Канашэнкаў

Сваю пазыцыю ён аргумэнтуе тым, што для РЛС эфэктыўная паверхня Іл-20 на парадак большая, чымся мае зьнішчальнік F-16. Ён наўпрост зьвінавачвае ізраільскі бок (тут і далей падаем у арыгінале):

В результате безответственных действий израильских военных погибло 15 российских военнослужащих. Это абсолютно не отвечает духу российско-израильского партнерства, – падкрэсьліў [7] Канашэнкаў.

Таксама ён зазначыў, што лятак быў зьбіты [8] ракетай з комплексу С-200 сірыйскіх сродкаў СПА. Згодна зь ягонымі словамі Расея ўспрымае дзеяньні ізраільскіх вайскоўцаў у раёне Латакіі як варожыя:

Мы оставляем за собой право на адекватные ответные действия, — заявіў прадстаўнік дзяржавы-агрэсара.

 

У  акаўнце сэрвісу Twitter прэс-службы ізраільскіх Ваенна-паветраных сілаў выкладзеная  афіцыйная заява пра тое, што ізраільскія лятакі знаходзіліся ўжо ў паветранай прасторы Ізраілю, калі супрацьпаветраная абарона Сірыі выпусьціла па расейскаму Іл-20 ракеты. Апроч гэтага, падчас зьдзяйсьненьня авіяўдараў па цэлях у Латакіі зьбіты расейскі лятак ня быў у зоне правядзеньня аэпрацыі. Таксама зазначанае, што менавіта вялікая колькасьць й недакладнасьць пускаў ракетаў зь сірыйскіх зэнітна-ракетных комплексаў і сталася прычынаю зьбіцьця расейскага лятаку (1 [9], 2 [10]):

[11] [12]

Зьнішчаны лятак штабу камандаваньня?

Іл-20 – савецкі чатырохматорны турбавінтавы вайсковы лятак, збудаваны на базе пасажырскага лайнэра Іл-18. Прызначаны для зьдзяйсьненьня радыёэлектроннай выведкі (РЭВ) і радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ).  На борце ўсталяваная станцыя агульнай і дэталёвай ратыётэхнічнай выведкі, апаратура для радыёперахопу, ІЧ-сканэр, аптычныя датчыкі, сыстэма абароненай спадарожнікавай спэцсувязі, у падфюзеляжнай гандоле знаходзіцца антэна радыёлякацыйнай станцыі бакавога агляду. Вырабляўся з 1968 па 1976 гг. Экіпаж лятаку складаецца з 5 чалавек лётнага складу і 8 апэратараў радыэтэхнічных сыстэмаў.

[13]

Зьнішчаны лятак быў адной з мадыфікацыяў Іл-20. Гэта мог быць Іл-20М – мадыфікацыя з больш магутнымі рухавікамі, зьменшанай палётнай масай і павялічанай далёкасьцю палёту да 5 400 км, што дазваляе працяглы час знаходзіцца ў паветры ў рэжыме патруляваньня. Таксама гэта магла быць і яшчэ адная мадыфікацыя – Іл-22М – паветраны камандны пункт з абароненай спэцсувязьзю (“Выраб 40” або “Зебра”), якую застасоўвае толькі самае вышэйшае зьвяно камандаваньня Збройных сілаў – на ўзроўні камандуючых вайсковых акругаў, групаў войскаў або галоўнакамандуючых родамі войскаў. Калі пацьвердзіцца інфармацыя менавіта пра зьнішчэньне гэтай мадыфікацыі Іл-20, то могуць стаць вядомымі гучныя імёны загінулых афіцэраў штабу камандаваньня групоўкі расейскіх войскаў у Сірыі.

3 жніўня 2018 году лятак адной з гэтых мадыфікацыяў быў заўважаны над н.п. Латамінья, што месьціцца на мяжы правінцыяў Хама і Ідліб.

 

Пасьля чарговай афіцыйнай заявы кіраўніка РФ Пуціна напрыканцы 2017 году пра сканчэньне ваеннай кампаніі РФ у Сірыі, расейская вайсковая авіяцыя працягвае зазнаваць вельмі істотныя страты:

– 31 сьнежня 2017 г. у правінцыі Хомс зьнішчаны гэлікоптэр Мі-24, загінулі 2 чальцы экіпажу, 1 паранены;

– 2 сакавіка 2018 г. над правінцыяй Ідліб зьбіты штурмавік Су-25, пілёт загінуў;

– 6 сакавіка 2018 г. падчас пасадкі на авіябазу Хмэймім разьбіўся вайскова-транспартны лятак Ан-26, загінулі ўсе 39 чалавек, што былі на борце;

3 траўня 2018 г. падчас узьлёту з авіябазы Хмэймім разьбіўся [16] зьнішчальнік Су-30СМ, загінулі 2 чальцы экіпажу;

– 7 траўня 2018 году падчас патруляваньня ўсходніх тэрыторыяў Сірыі разьбіўся [17] выведвальна-ўдарны гэлікоптэр Ка-52, загінулі 2 чальцы экіпажу.

Толькі з моманту заявы пра афіцыйнае заканчэньне ваеннай кампаніі ў Сірыі вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расеі дзеля рэваншысцкіх спробаў аднаўленьня геапалітычнага статусу імпэрскай звышдзяржавы ахвяравала сотні жыцьцяў грамадзянаў РФ.

[18]

Расейскія звышгукавыя ракетаносьбіты Ту-22М бамбуюць тэрыторыю Сірыі

Таксама сьлед памятаць і казаць пра іншы аспэкт ваеннай інтэрвэнцыі Расейскае Фэдэрацыі ў Сірыю – ў выніку ракетна-бомбавых удараў Паветрана-касьмічных сілаў ЗС РФ па жылых раёнах сірыйскіх гарадоў загінулі шматлікія тысячы мірных жыхароў, сярод якіх жанчыны й дзеці. Усе факты ваенных злачынстваў Расеі мае вывучаць і дасьледаваць міжнародны трыбунал.

Чытайце таксама: Асабістыя дадзеныя 116 афіцэраў ПКС РФ, якія зьнішчаюць мірнае насельніцтва ў Сірыі [19]


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [20] Дзяніс Івашын [21].

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [22])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [23] / Твітэр [24] / Telegram [25]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.


[26]