У той час, як расейцы таемна хаваюць сваіх чарговых «герояў вайны, на якой іх не было», а сваякі атрымліваюць кампэнсацыю за свае маўчаньне, ёсьць тыя, хто ўсё ж шануе памяць пра іх. InformNapalm таксама не застаўся ў баку – нашая міжнародная выведвальная супольнасць здабыла інфармацыю пра расейскага кантрактніка, зьнішчанага ва Украіне ў жніўні 2014 году.
Яшчэ на пачатковай фазе расейскага ўварваньня ва Украіну, у жніўні 2014 году, сталася вядома пра гібель вайскоўца 17-й асобнай мотастралковай брыгады (да нядаўняга часу – в/ч 65384, зараз – в/ч 71718; брыгада перафармоўваецца ў 70-ы полк у складзе новай 42-й дывізіі; н/п Шалі, Чачэнія), кантрактніка з Башкірыі Марсэля Араптанава. Тады гэтая навіна (сюжэты тэлеканалаў «Дождь» і fn24.ru) выклікала вялікі рэзананс, у тым ліку і ў самой Расеі. Тым больш, што ў той час адпаведныя службы РФ, што займаюцца цэнзурай, яшчэ былі разгубленыя і не заўжды кантралявалі ўцечку інфармацыі, датычную страты сваіх вайскоўцаў на Данбасе. Гэтую навіну не прапусьцілі і валянтэры InformNapalm, якія адшукалі старонку зьнішчанага кантрактніка і «ветэрана» яшчэ расейскага ўварваньня ў Грузію ў жніўні 2008 году ў сацыяльных сетках (профіль ужо выдалены). Іншай прычынаю, зь якой факт гібелі М. Араптанава стаўся рэзанансным, стаўся адкрыты анты-крамлёўскі пост ягонай сястры Дзінары – фота з сьледам «украінскага чаравіка» на выяве У. Пуціна.
Заўвага. Імя Марсэля Араптанава фігуравала потым і ў іншых матар’ялах нашае супольнасці, у тым ліку ў публікацыі з 9 верасьня 2014 году пра сьведчаньні знаходжаньня вайскоўцаў 17-й АМСБр ва Украіне, і ў публікацыі з 6 лютага 2015 году, у якой пададзеная выява помніку вайскоўцам гэтае брыгады, зьнішчаных ва Украіне ў жніўні 2014 году.
Мінулі два з паловаю гады з дня гібелі Марсэля Араптанава 12 жніўня 2014 году, якога таемна, без афіцыйнае пашаны пахавалі ў дзень ягонага нараджэньня 22 жніўня 2014 году ў роднай вёсцы Новатаймасава (Башкірыя). Яшчэ тады, па гарачых сьлядох, расейская прапаганда пасьпела перакруціць факт гібелі расейскага жаўнера на адкрытую дэзынфармацыю, у якой вялося пра ягонае забойства нібы на расейскай тэрыторыі праз абстрэл з «Градаў» з боку Украіны. Гэта было агучанае ў згаданым вышэй сюжэце fn24.ru. З тых часоў мала хто ўзгадвае Марсэля, у тым ліку і ягоная сястра, рыторыка якой у 2015 годзе ўжо была іншаю, ну а з часам ейная актыўнасьць у сацсетках наагул спынілася. Цалкам мажліва, гэта вынік «выхаваўчай працы» ФСБ і «бонусаў», якія сям’я атрымала ў якасьці кампэнсацыі за маўчаньне.
Але, мабыць, у Марсэля Араптанава ўсё ж былі верныя сябры. Гэтак, адзін зь іх, ягоны зямляк, нейкі Муслім Ісмаілаў 8 лютага 2017 году на старонцы групы «17<<ОМСБР>> Чеченская республика н.п Шали» (рас.) у сацсеціве «VK» апублікаваў пост, прысьвечаны Марсэлю, які набраў усяго дзясятак лайкаў і ня мае аніводнага камэнтару.
Гэты пост цікавы праз тое, што ў ім пададзены фатаздымак ордэна і ўзнагароднага пасьведчаньня Марсэля Араптанава да ордэну Мужнасьці пасьмяротна №70822, выдадзенага паводле ўказу прэзыдэнта РФ У. Пуціна з 24 лістапада 2014 году (факт пасьмяротнага ўзнагароджаньня М. Араптанава не фіксаваўся).
Заўвага: Ордэн Мужнасьці – дзяржаўная ўзнагарода РФ. Узнагароджваюць грамадзянаў, якія праявілі самаадданасьць, мужнасьць і адвагу падчас аховы грамадзкага парадку, барацьбы з злачыннасьцю, падчас выратаваньня людзей у часе стыхійных ліхаў, пажараў, катастрофаў і іншых надзвычайных абставінаў, а таксама за сьмелыя і рашучыя дзеяньні, учыненыя падчас выкананьня вайсковага, грамадзянскага або службовага абавязку ва ўмовах, спалучаных з рызыкаю для жыцьця.
Пасьмяротнае ўзнагароджаньне расейскага кантрактніка, «загінулага праз выпадковы знарад, які прыляцеў з Украіны» – нонсэнс і ня мае дачыненьня да пунктаў уставы да ордэну. Вынікае, што Крэмль і МА РФ ўсё ж прызналі тое, што Марсэль Араптанаў быў забіты ва Украіне падчас баявых дзеяньняў. І ўсё гэта дзеля маўчаньня ягоных сваякоў. Цалкам мажліва, ордэн – не адзіны бонус сям’і М. Араптанава, пэўна, і помнік на ягонай магіле аплочаны расейскай казною.
Нагадваем, што 17-я АМСБр фігуруе ў 15 эпізодах расьледаваньняў InformNapalm, збольшага гэта публікацыі, зьвязаныя з фактамі ўварваньня й удзелу ў баёх на Данбасе ўлетку – ўвосень 2014 году. Маюцца таксама дадзеныя і пра пазьнейшы ўдзел кантрактнікаў гэтае брыгады ў вайне на Данбасе (больш падрабязна ў спойлеры ніжэй).
-
17-я АМСБр у публікацыях InformNapalm
- 17-я АМСБр ПВА ва Украіне
- «Танкіст» – расейскі афіцэр 17-й АМСБр, удзельнік летніх баёў на Данбасе
- «Бясслаўныя вырадкі»: помнік вайскоўцам 17-й мотастралковай брыгады ў Шалі
- Афіцэр 17-й АМСБр ЗС РФ узнагароджаны ордэнам Мужнасьці за вайну на Данбасе
- САУ «Мста-С» 17-й АМСБр пад Наваазоўскам
- Фотасьведчаньні: 17-я АМСБр на Данбасе, лета 2014 году
- Чарговы гібрыдны шахтар з 17-й АМСБр
- Ветэраны Данбаса з 17-й АМСбр з ордэнамі Мужнасьці
- Знойдзены афіцэр ЗС РФ, які згубіў ордэн Мужнасьці
- «Вырачаная брыгада». Колішні кантрактнік і «ветэран» Данбаса пра 17-ю АМСБр ЗС РФ (Відэа)
- Апазнаныя мотастралкі з Чачэніі, якія ўдзельнічалі ў баёх на Данбасе
Базы дадзеных кадравых расейскіх вайскоўцаў і доказаў іхнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне на баку расейска-тэрарыстычных сілаў, у тым ліку датычныя фактаў узнагароджаньня (патаўраваныя «ордэнам Мужнасьці» яшчэ два вайскоўцы 17-й АМСБр), даступныя праз сталую спасылку.
-
Склад і ўзбраеньне 17-й АМСБр
17-я асобная гвардзейская мотастралковая брыгада, в/ч 65384 (Шалі, Чачэнская Рэспубліка)
Склад: кіраваньне, 1-ы мотастралковы батальён, 2-і мотастралковы батальён, 3-ці мотастралковы батальён, батальён СпН, стралковая рота (снайпэраў), танкавы батальён, 1-ы гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, 2-і гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, рэактыўны артылерыйскі дывізыён, процітанкавы артылерыйскі дывізыён, зэнітны ракетны дывізыён, зэнітны ракетна-артылерыйскі дывізыён, выведвальны батальён, рота БПЛА, інжынэрна-сапёрны батальён, рота РХБА, батальён кіраваньня (сувязі), рота РЭБ, батарэя кіраваньня й артылерыйскай выведкі (начальніка артылерыі), узвод кіраваньня й радыёлякацыйнай выведкі (начальніка супрацьпаветранай абароны), узвод кіраваньня (начальніка выведвальнага аддзяленьня), рамонтна-аднаўленчы батальён, батальён матар’яльнага забесьпячэньня, камэнданцкая рота, мэдычная рота, узвод інструктараў, узвод трэнажэраў, палігон, аркестар.
Узбраеньне: 40 адз. Т-72Б3, 1 адз. Т-72БК, 159 адз. МТ-ЛБМ 6МБ і МТ-ЛБ ВМК, 6 адз. ГАЗ-233014 СТС «Тыгр», 18 адз. БМ-21 «Град» і 2Б26 «Град», 36 адз. 152-мм самаходных гаўбіцаў 2С19 «Мста-С», 18 адз. 120-мм мінамётаў 2С12 «Сані», 12 адз. 100-мм гарматаў МТ-12 «Рапіра», 12 адз. самаходных ПТРК 9П149 «Штурм-С», 11 адз. БТР-80, 4 адз. БРДМ-2, 12 адз. БМ 9А33БМ2(3) «Аса», 6 адз. БМ 9А34(35) «Страла-10», 6 адз. ЗСУ 2С6М «Тунгуска», 27 адз. ПЗРК 9К38 «Ігла».
Крыніца: milkavkaz.net
Матар’ял да публікацыі на падставе ўласнага OSINT / HUMINT– расьледаваньня міжнароднае выведвальнае супольнасці InformNapalm падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
«Цемру адолее полымя / Ignis vincit tenebris» – крэда InformNapalm.
