InformNapalm.org (Беларуская)

Актыўная падрыхтоўка Збройных Сілаў РФ да наступальных апэрацыяў

Анатоль Баронін адмыслова для InformNapalm.

Паводле рашэньня Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Збройных Сілаў РФ з 25 па 31 жніўня 2016 г. была зьдзейсьненая раптоўная праверка войскаў і сілаў ПВА, ЗВА, ЦВА, ПФ, Галоўнага камандаваньня ПКС і камандаваньня ПДВ, якія былі пераведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць. На працягу першых содняў была зьдзейсьненая праверка здатнасьці задзейнічаных падразьдзяленьняў выконваць захады вызначанай ступені баявой гатоўнасьці, пасьля гэтага злучэньні і вайсковыя часткі былі выпраўленыя на палігоны і ў навучальныя раёны, дзе адбывалася іхная падрыхтоўка да вышкалаў. Раптоўная праверка адбывалася ў межах падрыхтоўкі ў ПВА да стратэгічных вышкалаў «Каўказ-2016».

Аналіз раптоўнай праверкі сьведчыць пра прыярытэтнасьць тэрыторыі ПВА як пляцдарму для адпрацаваньня разгортваньня груповак. Мэтаю перегрупаваньняў, верагодна, зьяўляецца ацэнка гатоўнасьці ПВА разгарнуць у сьціслы тэрмін самадастатковыя групоўкі войскаў (сілаў), а ЗВА й ЦВА «нарошчваньня сілаў на Паўднёва-Заходнім стратэгічным напрамку». Нягледзячы на тое, што ў пачатковым этапе часткі УВА не ўваходзілі ў пляны правядзеньня праверкі, яны выкарыстоўваліся як у якасьці падразьдзяленьняў узмацненьня й забесьпячэньня, гэтак і для адпрацаваньня асобных задачаў, напрыклад, разгортваньня мэдычных пунктаў, апэрацыяў у лясістай і балоцістай мясцовасьці.

Аналіз правядзеньня раптоўнай праверкі сьведчыць пра комплекснасьць элемэнтаў і задачаў, адпрацаваных падчас ейнага правядзеньня. Сярод іх сьлед вылучыць агульныя элемэнты:

Вынік аналізу дазваляе зрабіць выснову пра тое, што адной з прыярытэтных задачаў праверкі была ацэнка магчымасьці баявога кіраваньня аб’яднанай міжвідавай групоўкай войскаў, зладжанасьці дзеяньняў штабоў і пунктаў кіраваньня ў зьвёнах «камандаваньне вайсковай акругі – аб’яднаньне», «аб’яднаньне – брыгада» і «брыгада – батальён». Шэраг эпізодаў раптоўнай паверкі адпрацоўваўся на міжвідавым і міжфлёцкім узроўні, што дало магчымасьць ацаніць узровень эфэктыўнасьці ўзаемадзеяньня падчас выкананьня задачаў адзінай задумы на сушы і на моры. Гэта сьведчыць пра тое, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ зацікаўленае ў ацэнцы магчымасьці фармаваньня й кіраваньня новымі групоўкамі й злучэньнямі, вызначэньня іхнае эфэктыўнасьці. Існуюць аб’ектыўныя сумневы ў тым, што такія задачы могуць быць зьвязаныя з арганізацыяй абароны на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

Асобныя адпрацаваныя элемэнты дзеяньняў падразьдзяленьняў маюць як абарончы, гэтак і наступальны характар, што не дае падставаў для адназначнага адказу на пытаньне пра падрыхтоўку расейскім вайскова-палітычным кіраўніцтвам маштабнае вайсковае апэрацыі неўзабаве. З высокай доляю верагоднасьці можна сьцьвярджаць, што пералік ўводных і задачаў, выкананых падчас праверкі, мае азнакі адпрацаваньня канкрэтных дзеяньняў у канкрэтных раёнах і ў прагназаваных ўмовах, якія ўключаюць як поўнамаштабныя наступальныя апэрацыі з разгортваньнем частак і злучэньняў за межамі краіны і хуткім нарошчваньнем ўдарнае групоўкі, гэтак і ўвядзеньне вайсковага стану на тэрыторыі ўласнае краіны з ажыцьцяўленьнем мабілізацыйных захадаў, арганізацыяй тэрытарыяльнае абароны й забесьпячэньнем войскаў ва ўмовах зьдзяйсьненьня абароны. Нельга выключаць тое, што частка задачаў, якая мае азнакі адпрацаваньня абарончых дзеяньняў, можа быць не зьвязаная з задачамі абарончага характару. Напрыклад, захады што да фармаваньня тэрытарыяльнае абароны ў Крыме могуць быць ацэнкаю Крамлём магчымасьці нарасьціць групоўку на паўвысьпе ў выпадку вылучэньня ўдарных групаў зь ягонай тэрыторыі ў іншых напрамках дзякуючы ўнутраным рэсурсам з мэтаю скарачэньня часу на фармаваньне ўдарнае групы.

Захады барацьбы з НЗФ, зьдзейсьненыя падчас праверкі, паводле сваіх характарыстык ідэнтычныя контрпаўстанчым і контрпартызанскім апэрацыям, характэрным для правядзення на акупаваных тэрыторыях.

Задачы, адпрацаваныя падразьдзяленьнямі ЗВА на паўночна-заходніх напрамках, у прыватнасьці, у Балтыйскім рэгіёне, адрозьніваюцца ад тых, што былі пастаўленыя перад часткамі на паўднёва-заходнім напрамку. Большасьць задачаў, адпрацаваных падразьдзяленьнямі, разгорнутымі ў ПВА, мелі дачыненьне да наступальных дзеяньняў, у той час як часткі ЗВА ўдзельнічалі пераважна ў адпрацаваньні задачаў перадысьлякацыі, прыкрыцьця й адбіцьця нападаў ўмоўнага супраціўніка. Напрыклад, гэта выразна было відаць падчас адпрацаваньня задачаў РЭБ. Гэтак, падразьдзяленьні РЭБ і разьлікаў БПЛА мотастралковага злучэньня ПВА, дысьлякаванага ў Рэспубліцы Дагестан, у межах раптоўнае праверкі боегатоўнасьці адпрацавалі супольныя навучальна-баявыя задачы пошуку й падаўленьня радыёэлектронных сродкаў ўмоўнага супраціўніка з выкарыстаньнем комплексу РЭБ «Леер-3» у дыяпазонах GSM-900 і GSM-1800. Гэтыя комплексы ўжо былі ідэнтыфікаваныя ў акупаваным Данецку 29 сакавіка 2016 году.

У сваю чаргу сувязісты брыгады кіраваньня ЗВА адпрацоўвалі задачы арганізацыі правадной, радыёрэлейнай і радыёсувязі, арганізацыі аховы й абароны палявых пунктаў кіраваньня й вузлоў сувязі, забесьпячэньня перадачы сыгналаў кіраваньня ва ўмовах выкарыстаньня сродкаў РЭБ. Магчыма, што адрозненьне паводле задачаў адлюстроўвае ацэнку Крамлём сілаў і сродкаў супраціўніка на адпаведных напрамках.

Прыярытэт паўднёва-заходняга напрамку быў заўважны й падчас адпрацаваньня задачаў перадысьлякацыі авіяцыі ЗВА. Гэтак, лятакі, дысьлякаваныя ў Варонежскай, Курскай і Цьвярской абласьцях, адпрацавалі перабазаваньне на аэрадромы ПВА ў Краснадарскім краі, Крыме, і Растоўскае вобласьці. Гэлікоптэры Мі-8, Мі-24, Мі-35 і Мі-28Н авіябазы армейскае авіяцыі, дысьлякаванай у Санкт-Пецярбургу, зьдзейсьнілі перабазаваньне на апэратыўныя аэрадромы на тэрыторыі Краснадарскага краю. Такім чынам, камандаваньне зьдзейсьніла перадысьлякацыю авіяцыі з паўночна-заходняга напрамку. Падобнае рашэньне супярэчыць рыторыцы Масквы пра пагрозы з боку NATO й можа быць зьвязанае з тым, што найбольш баяздольныя падразьдзяленьні ЦВА ў гэты момант задзейнічаныя ў апэрацыі ў Сірыі (в/ч №69806, 63559).

Тым ня менш, падчас ацэнкі прычынаў падобнай перадысьлякацыі нельга выключаць ацэнку Крамлём малой верагоднасьці вайсковага адказу NATO ў выпадку ўзрастаньня актыўнасьці Расеі на паўднёва-заходнім напрамку. У такім выпадку гэта дае Маскве магчымасьць задзейнічаць авіягрупы ЗВА ў апэрацыях на паўднёва-заходнім напрамку.

Задачы, адпрацаваныя падчас раптоўнай праверкі, сьведчаць пра тое, што меркаваны раён наступальных дзеяньняў мае вялікія рачныя артэрыі. Гэтак, вайскоўцы злучэньня чыгуначных войскаў Усходняе вайсковае акругі падчас тактыка-спэцыяльных вышкалаў зрабілі 800-мэтровую пераправу цераз раку Зея – самую вялікую раку басэйна Амура. Былі падрыхтаваныя падыходы да берага для руху вайсковай тэхнікі й арганізаваная паромная пераправа. Гэтая ўводная зьвяртае на сябе ўвагу праз тое, што задача выконвалася на тэрыторыі і сіламі УВА, чый удзел у захадах з раптоўнай праверкай можна лічыць збольшага выключэньнем. У завяршальным этапе раптоўнае праверкі на палігоне Прудбой у Валгаградзкай вобласьці было адпрацаванае фарсаваньне Дона з арганізацыяй пераправы шырынёю болей за 500 мэтраў. Нягледзячы на тое, што шырыня пераправы ў абодвух выпадках адпавядае шырыні Дняпра, а гідралягічныя парамэтры Зеі і Дона таксама падобныя да парамэтраў Дняпра, найбольш верагоднай прычынаю ўводнае зьяўляецца рэагаваньне расейскага абароннага ведамства на арганізацыю пераправы цераз раку Вісла падразьдзяленьнямі NATO падчас праведзеных у чэрвені бягучага году вышкалаў «Anakonda 2016». У выніку дзеяньняў 130-га інжынэрнага батальёну Бундэсвэру і 75-га сапёрнага палку Вялікай Брытаніі пераправа даўжынёю 350 мэтраў была арганізаваная за 35 хвілінаў.

Пра наяўнасьць вялікіх рачных артэрыяў у раёне меркаваных наступальных дзеяньняў сьведчыць і тое, што пяць злучэньняў ПДВ РФ падчас праверкі адпрацоўвалі дэсантаваньне на ваду. Гэтая задача выконвалася выключна вайскоўцамі выведвальных падразьдзяленьняў і падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня, якія ўваходзяць у склад ПДВ. Былі задзейнічаныя падразьдзяленьні Ульянаўскага, Іванаўскага, Пскоўскага і горнага злучэньняў ПДВ, а таксама ўсе падразьдзяленьні асобнае брыгады спэцыяльнага прызначэньня з Падмаскоўя. Фактычна ўсе яны раней ужо былі ідэнтыфікаваныя на Данбасе.

Паводле наяўных дадзеных, на працягу 2016 году ва ўсіх вайсковых частках і злучэньнях ПДВ на тэрыторыі паветрана-дэсантных комплексаў былі пабудаваныя новыя спэцыяльныя трэнажэры для адпрацаваньня элемэнтаў дэсантаваньня з прывадненьнем. Дэсантаваньне на ваду выконвалася з транспартна-баявых гэлікоптэраў Мі-8 і лятакоў Ан-2 з вышыні ад 600 да 1200 мэтраў, пры гэтым глыбіня вадаёму мае быць ня менш за 1,5 метры, што таксама характарызуе парамэтры рачной перашкоды.

Адначасова з гэтым у мотастралковым злучэньні ПВА, дысьлякаваным у Валгаградзкай вобласьці, пачаўся экспэрымэнт што да застасаваньня сыстэмы псыхалягічнай падрыхтоўкі асабовага складу й псыхалягічнага суправаджэньня баявой падрыхтоўкі войскаў, а таксама падтрыманьня ў вайскоўцаў высокай псыхічнай устойлівасьці й здольнасьці вытрымліваць нагрузкі ў складанай стрэсавай абстаноўцы. Вайскоўцам неабходна скокнуць з вышыні ў ваду ў амуніцыі і з рыштункам зь вежы вышынёю 3-5 мэтраў і затым знаходзіцца пад вадою, дыхаць з дапамогаю падручных сродкаў (трубка, саломінка, чарот і да т.п.), што можа сьведчыць пра адпрацаваньне дэсантаваньня ў ваду з гэлікоптэраў у межах закіду ДВГ.

Такім чынам, аналіз задачаў, якія стаялі перад падразьдзяленьнямі падчас правядзеньня раптоўнае праверкі, сьведчыць пра безумоўны прыярытэт адпрацаваньня дэсантных апэрацыяў, як з паветра, гэтак і з мора.

 

Асаблівасьцю ейнага правядзеньня зьяўляецца актыўнае выкарыстаньне падразьдзяленьняў матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня на ўсіх ейных этапах. Ворганы вайсковага кіраваньня, злучэньні й вайсковыя часткі МТЗ падчас раптоўнай праверкі Збройных Сілаў РФ выканалі задачы што да ўсебаковага забесьпячэньня войскаў на ўсіх этапах ейнага правядзеньня. Сыстэма арганізацыі МТЗ правяралася як у вайсковых частках, гэтак і на маршрутах высоўваньня і ў палявых умовах. Зьвяртае на сябе ўвагу праверка арганізацыі дарожна-камэнданцкае службы, харчаваньня вайскоўцаў, забесьпячэньня рэчавай маёмасьцю, падвозу боепрыпасаў і матар’яльных сродкаў, а таксама рамонту ўзбраеньня й вайсковай тэхнікі, разгортваньне пунктаў харчаваньня й лазенна-пральнага абслугоўваньня на агульнавайсковых палігонах. Падчас захадаў перабазаваньня авіяцыі вайскова-транспартная авіяцыя зьдзейсьніла перабазаваньне, у тым ліку й тэхнікі інжынэрна-аэрадромнае службы на апэратыўныя аэрадромы.

У праверцы МТЗ былі задзейнічаныя таксама вайсковыя фінансісты, якія адпрацавалі пытаньні пераводу фінансава-эканамічнае службы зь мірнага на вайсковы час, а таксама праверылі эфэктыўнасьць сыстэмы фінансавага забесьпячэньня войскаў у асаблівых умовах. Намесьніца Міністра абароны РФ Тацьцяна Шаўцова арганізоўвала праверку сыстэмы фінансавага забесьпячэньня ворганаў кіраваньня й войскаў на Паўднёва-Заходнім стратэгічным напрамку падчас пераводу зь мірнага на вайсковы час.

Была адпрацаваная прынцыповая схема фінансавага забесьпячэньня, як паводле існага тэрытарыяльнага прынцыпу, гэтак і ва ўмовах даручэньня задачаў арганізацыі разьлікова-касавага абслугоўваньня камандырам злучэньняў і вайсковых частак. Таксама быў адпрацаваны пераход аб’яднаньняў, злучэньняў й асабовага складу на банкаўскае абслугоўваньне ў сыстэму установаў Банка Расеі, што дае магчымасьць забясьпечыць войскі й асабовы склад Збройных Сілаў РФ грашовымі сродкамі ў любых умовах абстаноўкі. Гэта можа быць неабходным у выпадку пабудовы сыстэмы грашовага забесьпячэньня падразьдзяленьняў РФ на тэрыторыі замежнай дзяржавы й фармаваньня сыстэмы вайскова-грамадзянскіх адміністрацыяў па-за юрысдыкцыяй РФ, якая грунтуецца на расейскай фінансавай сыстэме. Такім чынам, маюцца ўскосныя азнакі адпрацаваньня сыстэмы фінансавага забесьпячэньня дзеяньняў войскаў і інфраструктурных аб’ектаў на акупаваных тэрыторыях. У РФ фінансаваньне вайсковых частак забясьпечвае Банк Расеі або Сбербанк Расеі. Такім чынам, выкананьне падобных задачаў на тэрыторыі самой РФ нават ва ўмовах вайсковага стану ня мае сэнсу.

Задзейнічаньне падразьдзяленьняў МТЗ у перагрупаваньнях падобнага маштабу зьяўляецца важнай і найбольш значнай азнакай падрыхтоўкі да наступальных апэрацыяў. На сёньняшні дзень сфармаваная аб’яднаная групоўка сілаў РФ на тэрыторыі ПВА паводле наяўных сілаў і сродкаў, а таксама МТЗ здольная зьдзейсьніць кароткатэрміновыя наступальныя апэрацыі на паўднёва-заходнім напрамку пад прыкрыцьцём вышкалаў «Каўказ-2016», якія маюць адбыцца з 5 па 10 верасьня. Характар адпрацаваных задачаў падчас зьдзяйсьненьня раптоўнай праверкі маюць азнакі падрыхтоўкі да такіх апэрацыяў з актыўным выкарыстаньнем авіяцыі, стварэньнем эшалянаванае сыстэмы СПА і правядзеньнем дэсантных апэрацыяў жывой сілы й тэхнікі на некалькіх напрамках.


Аналіз адмыслова для InformNapalm падрыхтаваў Анатоль Баронін.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

У матар’яле выкарыстаныя фота і відэа правядзеньня раптоўнай праверкі з афіцыйнага сайту МА РФ.

 (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version