InformNapalm.org (Беларуская)

«Падвойны ўдар» Лі па афіцэрах СПА Узброеных Сілаў Расеі

Валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm працягваюць зьбіраць інфармацыю што да расейскіх узнагароджаных вайскоўцаў, якія атрымалі вышэйшыя дзяржаўныя баявыя ўзнагароды ў мірны час. У гэтым артыкуле пададзены афіцэр падразьдзяленьня 7-й расейскай вайсковай базы, узнагароджаны ўвесну 2015 году ордэнам «Мужнасьці», і камандуючы 49-й арміяй Паўднёвае вайсковае акругі (ПВА), які яго ўзнагародзіў.

Падчас вывучэньня профіляў сацсетак расейскіх вайскоўцаў, якія прайшлі праз так званую растоўска-ўкраінскую камандыроўку, у поле нашага зроку трапіў кантрактнік з складу 7-й расейскай вайсковай базы, дысьлякаванай у г. Гудаўта (в/ч 09332, акупаваная Абхазія, Грузія) – Мікалай Лі (архівы на профіль, фотаальбом, кантакты). У фотаальбоме кантрактніка Лі быў знойдзены фатаздымак, выкладзены 28 сакавіка 2015 году, з камэнтаром «З камандырам», у якім ён зафіксаваны зь іншым вайскоўцам з ордэнам «Мужнасьці». У гэты ж дзень Лі выклаў і іншы фатаздымак, у якім пазуюць тры вайскоўцы ў нестатутнай форме тыпу “горка”, два зь іх (у тым ліку і Лі) відавочна з прыкметамі стомленасьці і неспагадлівасьці.

 

Знайсьці «камандыра», згаданага ў камэнтары кантрактнікам Лі, было не складана, бо на ягонай нагруднай нашыўцы можна выразна прачытаць прозьвішча Дудараў і ініцыялы С.А. Ім аказаўся старэйшы лейтэнант Сяргей Дудараў – камандыр падразьдзяленьня 4-га мотастралковага батальёну той жа 7-й акупацыйнай вайсковай базы ЗС РФ з Абхазіі, які ў складзе тактычнай групы не аднойчы знаходзіўся ў растоўска-ўкраінскай камандыроўцы.

Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Сяргей Дудараў (архівы на старонкі ў сацсетках: «VK» – профіль, фотаальбом, кантакты; «OK» – профіль, фотаальбом, кантакты), узрост 27 гадоў, родам з г. Благавешчанск. Выпускнік Далёкаўсходняе вышэйшае вайсковае каманднае вучэльні (ДВВКВ) імя Ракасоўскага. Жонка – Воля Дударава, 24 гады з Благавешчанска.

Нягледзячы на ​​сьціпласць старонкі ў сацсеціве «VK» (мінімум кантактаў і фатаздымкаў), у альбоме старэйшага лейтэнанта ёсьць шэраг цікавых фота, у тым ліку фатаздымак, выкладзены 16 студзеня 2016 году, у якім нейкі генэрал-маёр узнагароджвае Дударава ордэнам «Мужнасьці» перад шыхтом вайскоўцаў у палявых умовах.

Заўвага: Ордэн «Мужнасьці» – Дзяржаўная Баявая ўзнагарода Расейскай Фэдэрацыі. Зацьверджаная ўставаю з 2 сакавіка 1994 году на падставе прэзыдэнцкага ўказу. Ордэнам «Мужнасьці» ўзнагароджваюцца грамадзяне Расеі за мужнасьць, самаадданасьць і адвагу, праяўленую падчас аховы грамадзкага парадку, у барацьбе з злачыннасьцю, выратаваньні людзей падчас стыхійных бедзтваў, катастрофаў, пажараў і ў іншых надзвычайных абставінах, таксама за рашучыя і сьмелыя дзеяньні падчас выкананьня вайсковага, службовага або грамадзянскага абавязку, якія былі спалучаныя з рызыкай для жыцьця. Пераважная колькасьць узнагароджаньняў ордэнам «Мужнасьці» прыпадае на баявыя дзеяньні на Паўночным Каўказе, сярод узнагароджаных гэтым ордэнам на палёх бітваў у 1999-2000 гадох – камандуючы 58-й арміяй генэрал-лейтэнант У. Шаманаў.

Сярод іншых фатаздымкаў Дударава ёсьць фота з памежных з Украінаю раёнаў Растоўскае вобласьці РФ, у тым ліку з ваколіцаў Кузьмінскага палігону (пра што сьведчаць геатэгі), дзе паводле нашых дадзеных разгорнуты адзін з базавых лягероў расейскай групоўкі, ськіраванай на Украіну. Большасьць фатаздымкаў з палёў з Растоўскае вобласьці выкладзеныя ў студзені 2016 году, хаця пазначаны вышэй фатаздымак Дударава з кантрактнікам Лі сьведчыць пра тое, што фота з узнагароджаньнем ордэнам мужнасьці зробленае ўвесну 2015 году. Астатнія фатаздымкі могуць быць і больш позьняга часу, бо тактычныя групы з 7-й вайсковай базы, ратацыя якіх адбываецца кожныя 3-4 месяцы, сыстэматычна знаходзяцца на баявой варце ў Растоўскае вобласьці ля ўкраінскай мяжы і час ад часу выкарыстоўваюцца для падтрымкі карпусоў «ДНР/ЛНР».

Таксама ў профілі Дударава ў «ОК» выяўленая грамата з 23 лютага 2015 году “За доблеснае выкананьне вайсковага абавязку» з подпісам камандыра в/ч 09332 (тая ж 7-я акупацыйная вайсковая база) палкоўніка М. Касабокава.

Гл. архівы на фатаздымкі – 1, 2, 3, 4, 5, 6.

Ідэнтыфікаваць асобу, якая ўзнагароджвала, таксама не было складана. Ёю зьяўляецца камандуючы 49-й арміі Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ генэрал-маёр Сяргей Сеўрукоў, прызначаны на гэтую пасаду ў сьнежні 2013 году.

Ня ёсьць таямніцаю, што менавіта войскі Паўднёвае вайсковае акругі і, у прыватнасьці, 49-я армія ЗС РФ стаіць у авангардзе расейскай вайсковай групоўкі, ськіраванай супроць Украіны. Камандаваньне і войскі ПВА зьяўляюцца асноўнымі дастаўнікамі гібрыднае вайны й тэрарызму на Данбас. Пра гэта неаднаразова паведамляла Галоўнае ўпраўленьне выведкі МА Украіны, таксама такое аўтарытэтнае выданьне як Bloomberg, на падставе чаго InformNapalm дадаў да гэтых дадзеных важныя дэталі.

Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Сяргей Міхайлавіч Сеўрукоў, 52 гады, родам з г. Бугульма, Татарстан. Служыў у СА, у тым ліку 5 гадоў у Нямеччыне, да пераводу на поўдзень Расеі на працягу 10 гадоў служыў на Далёкім Усходзе, у тым ліку на пасадзе камандыра 467-га акруговага навучальнага цэнтра. Выпускнік сувораўскае і Казанскае танкавае вучэльні, пасьля скончыў Акадэмію Генэральнага штабу. Жонка – Ірына, служыла ў ЗС РФ, мае званьне прапаршчыка. Дзеці – Міхаіл, 30 гадоў і Кацярына, 27 гадоў. За службу ў Чачэніі ў 1995 годзе ўзнагароджаны ордэнам «Мужнасьці».

Зыходзячы з усяго вышэй пазначанага, у тым ліку з улікам храналёгіі ўзнагароджаньня (фота Лі і камандыра з ордэнам) і статусам узнагароды, можна меркаваць, што ордэнам «Мужнасьці» старэйшага лейтэнанта С. Дударава генэрал-маёр С. Сеўрукоў узнагародзіў у выніку дэбальцаўскіх падзеяў лютага 2015 году, калі для пералому сытуацыі й падтрымкі баявікоў «ДНР/ЛНР» расейскае вайсковае камандаваньне актыўна выкарыстоўвала батальённа- і ротна-тактычныя групы ЗС РФ, разгорнутыя ў памежных з Украінаю палявых лягерох Растоўскае вобласьці. Да таго ж, падразьдзяленьні 7-й акупацыйнай вайсковай базы ЗС РФ неаднаразова фігуравалі ў розных эпізодах нашых OSINT-расьледаваньняў у кантэксьце растоўска-ўкраінскіх камандыровак, некаторыя вайскоўцы-кантрактнікі з гэтае базы і да сёньняшняга дня, паралельна з службай у ЗС РФ, уваходзяць ў склад НЗФ «наваросіі».

У спасылках ніжэй пададзеныя 15 эпізодаў з фактамі ўдзелу вайскоўцаў 7-й вайсковай базы ЗС РФ у вайсковай авантуры супроць Украіны:

«Калі няма чаго рабіць»: Гульні расейскіх акупантаў на Данбасе.

Кантрактнік ЗС РФ з 7-й вайсковай базы ваюе ў складзе бандфармаваньняў ДНР.

Расея перакідвае тэхніку 7-й вайсковай базы ў Растоўскую вобласьць.

Зафіксаванае маштабнае перакідваньне сілаў і сродкаў ЗС РФ з акупаванай Абхазіі.

Легенда-біяграфія “колішняга” вайскоўца 7-й вайсковай базы.

Вайскоўцы 7-й вайсковай базы ЗС РФ перагульваюць падчас пераапрананьня ў баявікоў “ДНР/ЛНР”.

Чарговыя ўзнагароджаныя з 7-й акупацыйнай вайсковай базы ў выніку ўкраінскіх камандыровак.

Міхос “адважны” – выведнік 7-й в/базы, кавалер мэдалю “За адвагу”.

Тэрміноўцаў 7-й вайсковай базы РФ масава вярбуюць у кантрактнікі для “ўкраінскіх камандыровак”.

Вайскоўцаў 7-й вайсковай базы РФ з Абхазіі за ўдзел у баёх на Данбасе ўзнагароджваюць мэдалямі.

“З мандарынавага раю ва ўкраінскае пекла”: як расейскіх кантрактнікаў у добраахвотна-прымусовым парадку выпраўляюць забіваць украінцаў.

Рэактыўная артылерыя 7-й расейскай акупацыйнай базы з Абхазіі на мяжы з Данбасам.

«Інтэрны» – мэдычнае падразьдзяленьне 7-й вайсковай базы з Абхазіі на мяжы з Украінай.

«Данецкі экспрэс» – ідэнтыфікацыя расейскай тэхнікі й узбраеньня, якое перакідваюць на Данбас.

Баявыя разьлікі САУ “Акацыя” 7-й вайсковай базы, якія “партызаняць” у лясох уздоўж мяжы з Украінай.

Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднай валянтэрскай групай InformNapalm. Аўтар расьледаваньня – Іраклі Камахідзэ.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Exit mobile version