InformNapalm.org (Беларуская)

Памочнік дэпутату Дзярждумы РФ фінансуе інфармацыйныя рэсурсы тэрарыстаў

28 чэрвеня 2016 г. украінскія патрыёты з кібэр-альянсу FalconsFlame, TrinityРух8 і КібэрХунта зьдзейсьнілі пасьпяховую апэрацыю #opDay28: узламалі сеціва расейскіх прапагандысцкіх інфармацыйных рэсурсаў. У выніку 17 «інфармацыйных» рэсурсаў былі ін’ектаваныя сыроваткаю праўды ад нашых хакераў. Разам з гэтымі рэсурсамі былі ўзламаныя й электронныя паштовыя скрыні, акаўнты сацыяльных сетак і воблачныя сховішчы асобаў, якія маюць дачыненьне да працы гэтых сайтаў. Гэта рэдактары, сыстэмныя адміністратары, журналісты, а таксама куратары й фінансісты з РФ. Усе атрыманыя дадзеныя былі перададзеныя валянтэрам-выведнікам InformNapalm для аналізу і інфармаваньня грамадзкасці. Сёньня мы хочам надаць увагу ўзламанаму ліставаньню ў сацыяльным сеціве “VK” дырэктара прапагандысцкага рэсурсу МІА «Новороссия» Альхіна Арцёма.

Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Альхін Арцём Барысавіч (архіў на профіль), нарадзіўся 16.12.1981 г.; ДРФО: 2993512172; мейсца працы: Данецкі прыватны ліцэй. Зьяўляецца галоўным рэдактарам часопісу «Новая Зямля» і кіраўніком прадстаўніцтва Данецка ў Ізборскім Клюбе. Часта наведвае Растоў і Маскву, дзе атрымлівае фінансаваньне для праэкту МІА «Новороссия». Дастаўляе з Расеі вайсковы рыштунак і амуніцыю для прарасейскіх баявікоў. Напрыклад, у ягоным ліставаньні з Раманам Катом гаворка вядзецца пра замову армейскага шлема 6Б7-1М для агульнавайсковага камплекту «Ратнік» з Масквы.

У Маскве Альхін час ад часу сустракаецца з Каваленкам Андрэем Аляксеевічам (архіў на профіль) – памочнікам дэпутата дзяржаўнай думы РФ Фёдарава Яўгена Аляксеевіча і старшынёю нацыяналістычнай партыі «Нацыянальны курс», мэтай якой зьяўляецца «аднаўленне сувэрэнітэту, страчанага ў 1991 годзе». Нагадваем, што гэтая партыя зьяўляецца палітычнай плятформай для так званага “Национального освободительного движения” (“НОД”, рас.).

Менавіта Каваленка кантралюе фінансаваньне супрацоўнікаў МІА «Новороссия» і дае заданьні для публікацыяў на сайце.

Грошы ён пераводзіць на банкаўскую картку Дзьмітрыеўскага Аляксандра Уладзімеравіча (архіў на профіль), зь якой іх пераводзяць ужо непасрэдна супрацоўнікам інфармацыйнае агенцыі.

Характэрна, што Альхін шукае дадатковых замоўцаў для свайго рэсурсу, скардзіцца на крызу ў Расеі, адсутнасьць грошай у патэнцыйных замоўцаў і распавядае пра адмову фінансаваньня сумежных праэктаў з пачатку 2016 году.

Ёсьць усе падставы меркаваць, што Каваленка – толькі фінансавы пасярэднік і каардынатар працы праэкту МІА «Новороссия». Асноўным замоўцам антыўкраінскае прапаганды зьяўляецца ягоны шэф Фёдараў Яўген Аляксеевіч:

Фёдараў Я.А. – дэпутат Дзяржаўнае Думы РФ, чалец Камітэта бюджэту і падаткаў, які з 2011 году куруе “Национальное Освободительное Движение России” (“НОД”). Апошнім часам выступае за наданьне надзвычайных паўнамоцтваў прэзыдэнту РФ, менавіта:

Для нас роля Расейскай Фэдэрацыі ў вайне на Данбасе даўно ўжо відавочная, але праз тое, што фактычна адсутнічаюць ці адбываюцца мізэрныя зрухі ў міжнароднай палітыцы што да гэтай дзяржавы-агрэсара, чыя палітыка грунтуецца на хлусьні, захопе тэрыторыі і зьнішчэньні жыхароў суседніх зь ёю дзяржаваў, мы працягваем публікаваць новыя неабвержныя факты, якія сьведчаць ня толькі пра наўпроставы ўдзел Расеі ў войнах, пачатых ёю ж на тэрыторыі суседніх дзяржаваў, але й наўпроставы ўдзел прадстаўнікоў дзяржаўнае улады Расейскай Фэдэрацыі ў гэтай агрэсіі. Сьлед было даўно зразумець, што на Данбасе ваююць ня проста «добраахвотнікі», нацысты й садысты, якія зьляцеліся на акупаваныя тэрыторыі Украіны з усіх куткоў Расеі, і нават не рэгулярныя жаўнеры расейскае арміі, якіх мы ўжо больш за два гады фіксуем на акупаваных тэрыторыях, але ў першую чаргу сам Крэмль, які зьяўляецца наўпроставым арганізатарам і спонсарам безупыннага тэрору на Усходзе Украіны.

Нагадваем, што з усімі нашымі матар’яламі, крыніцаю інфармацыі для якіх ёсьць дадзеныя, перададзеныя ўкраінскімі кібэрпатрыётамі, можна азнаёміцца паводле хэштэгу #хакеры.


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў валянтэр міжнароднае супольнасьці InformNapalm Міхаіл Кузьняцоў на падставе аналізу дадзеных, перададзеных хакерскім кібэр-альянсом FalconsFlame, TrinityРух8 і КібэрХунта.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

 (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version