- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

У парадзе ў Менску ўдзельнічае падразьдзяленьне 275-га САП, вайскоўцы якога абстрэльвалі Марыюпаль

Вызначанае, што ў парадзе 3 ліпеня 2019 г. у Менску ў якасьці пешага разьліку будзе ўдзельнічаць падразьдзяленьне з складу 275-га самаходна-артылерыйскага палку (275-ы САП) 4-й танкавай Кантэміраўскай дывізіі Збройных сілаў РФ. Паводле шматлікіх сьведчаньняў, вайскоўцы гэтага падразьздяленьня непасрэдна ўдзельнічалі ў ваеннай агрэсіі супроць Украіны й датычныя да зьдзяйсьненьня ваенных злачынстваў.

Вайскоўцы гэтага падразьдзяленьня з г. Нара-Фамінск Маскоўскае вобласьці прыбылі [1] ў Беларусь яшчэ 20 чэрвеня 2019 г.

[2]

Фота: mil.by

27 чэрвеня на інфармацыйным партале Міністэрства абароны Беларусі быў апублікаваны [3] матар’ял пра хаду падрыхтоўкі да параду войскаў Менскага гарнізону, прымеркаванага да Дня Рэспублікі 3 ліпеня. Карэспандэнт вайсковай інфармацыйнай агенцыі «Ваяр» узяў інтэрвію ў некалькіх расейскіх вайскоўцаў, што праходзілі чарговае трэнаваньне пешых парадных разьлікаў на тэрыторыі Менскай вайсковай камэндатуры. У дачыненьні да аднаго зь іх удалося назьбіраць максымальны аб’ём інфрамацыі, з дапамогаю якой дакладна вызначанае падразьдзяленьне, у якім ён служыць.

Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя

[4]Гэта яфрэйтар кантрактнай службы Аляксандар Калыванаў (рас. – Александр Колыванов). Нарадзіўся 19.10.1998 г., родам з г. Междурэчанск Кемераўскае вобласьці, РФ. Рэкрутаваны на службу 30.11.2016 г. Тэрміновую служыў праходзіў у 4-й Кантэміраўскай дывізіі. Пасьля сканчэньня тэрміновае службы падпісаў кантракт, служыць у 275-м САП. Зьяўляецца старэйшым радыётэлефаністам.

Акаўнт сацсеціва “VK [5]” (архіў акаўнту [6], кантактаў [7], фотаальбому [8]).

 

 

 

Характэрна, што Калыванаў выконвае патрабаваньні свайго камандаваньня і не выкладвае ў адкрытым доступе аніякіх фотасьведчаньняў з службы. Аднак гэта не датычыць ягонай маці, Ірыны Калыванай [9], якая мае ў акаўнце сацсеціва “OK” досыць інфарматыўны фотаальбом [10] з здымкамі свайго сына. У лютым 2019 году яна выклала ягонае «сэлфі», у якім Калыванаў зафіксаваны з шаўронам з надпісам «Тарнопольский» (рас).

[11]

Гэты шаўрон сьведчыць пра прыналежнасьць вайскоўца Аляксандра Калыванава да 275-га самаходна-артылерыйскага Тарнопальскага Красназнамённага ордэнаў Суворава й Кутузава палку (в/ч 73941, пункт сталай дысьлякацыі – г. Нара-Фамінск Маскоўскае вобл.). [12]

Шаўрон 275-га САП

Згодна з арганізацыйна-штатнай структурай ЗС РФ гэты полк увахоздіць у 4-ю гвардзейскую танкавую Кантэміраўскую дывізію 1-й танкавай арміі Збройных сілаў РФ.

Яшчэ ў 2014-2015 гг. супольнасьць InformNapalm зьдзейсьніла выяўленьне й ідэнтыфікацыю асноўных расейскіх падразьдзяленьняў групоўкі сілаў уварваньня ў складзе батальённа- й ротна-тактычных групаў (БТГр/РТГр), якія былі сканцэнтраваныя ўздоўж мяжы з Украінаю ў Растоўскай вобласьці РФ. Некаторыя з гэтых падразьдзяленьняў былі непасрэдна зафіксаваныя на тэрыторыі Данбасу. 275-ы САП ёсьць адным з артылерыйскіх падразьдзяленьняў Заходняй вайсковай акругі ЗС РФ, якое уваходзіла ў склад расейскай групоўкі сілаў уварваньня (1 [13], 2 [14]).

[15]

Паводле дадзеных Цэнтру “Міратворац” падразьдзяленьне 275-га САП падчас баявых дзеяньняў на Данбасе зазнала страты. Гэтак, 29 жніўня 2014 году ў выніку падрыву самаходнай артылерыйскай устаноўкі на тэрыторыі Украіны быў зьнішчаны лейтэнант 275-га САП Клейн Уладзімер Вальдэмаравіч [16], 04.01.1991 г.н., родам з г. Екатэрынбург.

[17]

У базе дадзеных Цэнтру “Міратворац” ён фігуруе як расейскі вайсковы злачынец.

[18]

Адметна, што імя Уладзімера Клейна занесенае [19] ў адмысловую кнігу памяці ўсіх загінулых за тэрарыстычнае фармаваньне “Л/ДНР”.

[20]

Характэрна, што паводле дадзеных Цэнтру, 29 жніўня 2014 году былі зьнішчаныя [21] ня менш за 7 расейскіх кадравых вайскоўцаў з групоўкі сілаў уварваньня. Менавіта ў гэты дзень украінскія вайскоўцы пачалі зьдзяйсьняць арганізаваны выхад з кола атачэньня расейскімі войскамі вакол Ілавайску. Расейская армія апроч забітых і параненых зазнала страты і ў выглядзе захопленых у палон вайскоцаў, а таксама зьнішчанай і захопленай вайсковай тэхнікі.

[22]Вайскоўцы рэгулярнай арміі РФ, захопленыя ў палон наконадні выхаду з Ілавайску

Аднак адной з самых чорных старонак ваенных злачынстваў, зьдзейсьненых вайскоўцамі 275-га самаходна-артылерыйскага палку, ёсьць абстрэл Марыюпаля 24 студзеня 2015 году. У гэты дзень расейскія падразьдзяленьні зьдзейсьнілі абстрэл марыюпальскага мікрараёну “Усходні” з ракетных сыстэмаў залпавага вагню БМ-21 “Град”. У выніку гэтага, па-сутнасьці, тэрарыстычнага акту загінулі 29 грамадзянаў Украіны, 92 былі параненыя, сярод загінулых і параненых – дзеці й падлеткі. Былі пашкоджаныя жылыя будынкі, у зону паражэньня патрапіла таксама школа, рынак і крамы.

7 траўня 2018 году кіраўнік СБУ Васіль Грыцак падчас брыфінгу надаў матар’ялы расьледаваньня пра ўвесь ланцужок арганізацыі, каардынацыі й выкананьня кадравымі вайскоўцамі ЗС РФ  злачынства супроць мірнага насельніцтва Украіны. Грыцак заявіў наступнае:

Падчас дасудовага расьледаваньня нашымі сьледчымі вызначанае й пацьверджанае, што гэты тэрарыстычны акт зьдзейсьнены кадравымі расейскімі вайскоўцамі з выкарыстаньнем двух штатных рэактыўных дывізыёнаў Збройных сілаў РФ.

Паводле СБУ, каардынацыю дзеяньняў расейскіх рэактыўных дывізыёнаў зьдзяйсьняў [23] падпалкоўнік ЗС РФ Уласаў Максім Уладзімеравіч [24], пазыўны “Югра”, 15.02.1980 г.н. Дасьледніцкая супольнасьць Bellingcat вызначыла [25], што ў момант зьдзяйсьненьня ваеннага злачынства Уласаў быў камандырам артылерыйскага падразьдзяленьня 275-га самаходна-артылерыйскага палку.

[26]

Згодна з радыёперахопам размоваў менавіта Уласаў неаднаразова надаваў загады артылерыстам на вагнявых пазыцыях зьдзяйсьняць абстрэл. Характэрна, што нават пасьля атрыманьня ім інфармацыі пра тое, што знарады “Граду” патрапілі не па пазыцыях украінскіх вайскоўцаў, але па жылым раёне Марыюпаля, ён не спыніў абстрэл, але толькі загадаў больш пільна зьдзяйсьняць навядзеньне.

Апроч 275-га САП абстрэл Марыюпаля зьдзяйсьняла й іншае злучэньне 4-й Кантэміраўскай дывізіі – 2-я Таманская мотастралкоўвая дывізія. Паводле словаў кіраўніка СБУ Васіля Грыцака [23], дзякуючы праведзенай карпатлівай працы ўдалося пахвілінна зафіксаваць і задакумантаваць пераход расейскімі падразьдзяленьнямі расейска-ўкраінскае мяжы й шлях на пазыцыі тэрарыстаў, зь якіх зьдзяйсьняўся абстрэл Марыюпаля.

У цэнтры беларускай сталіцы ў парадзе 3 ліпеня будуць крочыць вайскоўцы расейскага падразьздяленьня, якое ня толькі ўдзельнічала ў ваеннай агрэсіі супроць Украіны, але й зьдзейсьніла тэрарыстычны акт. Сьлед асабліва зазначыць, што гэта асабістая воля й жаданьне вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы, якое пэўным чынам ператварыла Беларусь на сатэліт-пратэктарат Расейскай Фэдэрацыі.

[27]

Трэнаваньне параднага разьліку 275-га САП на пляцы Менскай вайсковай камэндатуры / mil.by

Маршаваньне ў цэнтры Менску вайсковых падразьдзяленьняў дзяржавы-агрэсара, дэманстрацыя ягонага наступальнага ракетнага ўзбраеньня, выкарыстаньне паветранае прасторы Беларусі стратэгічнымі лятакамі – ядравымі ракетаносьбітамі – катэгарычна не адпавядае палітыцы добрасуседзтва беларускага народу, якому крытычна важна захаваць добрыя й мірныя стасункі з усімі сваімі суседзямі.

Беларуская служба InformNapalm працягвае зьдзяйсьняць маніторынг што да знаходжаньня на тэрыторыі нашай краіны падразьдзяленьняў дзяржавы-агрэсара Расейскай Фэдэрацыі.

Інфармацыю, фота- й відэафіксацыю што да перасоўваньня расейскай арміі па тэрыторыі Беларусі просьба паведамляць на адрэсу беларускай службы InformNapalm у Фэйсбуку: facebook.com/by.informnapalm.org.


Аддзел маніторынгу беларускае службы
міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [28].

Загалоўнае фота – mil.by.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [29])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [30] / Твітэр [31] / Telegram [32]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.