InformNapalm.org (Беларуская)

“Пажары ў Бураціі” спалілі танкі 5-й АТБр ЗС РФ пад Дэбальцавам

Новае расьледаваньне каманды InformNapalm раскрывае некаторыя дэталі ўдзелу 5-й танкавай брыгады ЗС РФ у вайне на Данбасе. Нагадаем, што 2 сакавіка 2015 году расейскае выданьне “Новая Газэта” апублікавала інтэрвію з расейскім танкістам Доржы Батамункуевым, які разам з сваім батальёнам быў камандыраваны на Данбас.

Інфармацыя пра перакідваньне падразьдзяленьня 5-й танкавай брыгады (в/ч 46108, Улан-Удэ, ст. Дывізыёная) Цэнтральнай вайсковае акругі ЗС РФ у Растоўскую вобласьць і ягоны ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе, упершыню была агучаная InformNapalm-ам яшчэ ў лістападзе 2014 – студзені 2015 году, задоўга да публікацыі інтэрвію расейскага танкіста (глядзіце ніжэй тэматычныя спасылкі).

dorji 

Да вяртаньня да гэтай тэмы спрычыніўся фатаздымак, які мы выявілі на партале “lostarmor”, і які даў нам магчымасьць зьвязаць адно з адным і даказаць прыналежнасьць зьнішчаных ва Украіне танкаў да 5-й расейскай танкавай брыгады. У прыватнасьці, у вышэйзгаданым інтэрвію танкіст Доржы зазначыў:

– У мяне танк быў вельмі добры. Ня проста 72, але танк 72Б. А “бэшка” вылучаецца тым, што мае прыцэл “1К13”.

– Але камбату не пашэнціла. Падчас выкананьня “каруселі”, калі страляеш з танку…
– Танк вельмі капрызная машына, бывае, што стрэл зацяжны. Ты нібы стрэліў, але ён ня стрэліў ні халеры. Проста не страляе танк, тупа не страляе і ўсё.

– Першы танк стрэліў – бах, другі, трэйці танк – затрымка. А іх дзяўбуць “укропы”. І ўсё. Камбат заскочыў у свой танк, паехаў – адзін танк ён зьнішчыў, другі яго зьнішчыў.”

Зыходзячы з аповяду Доржы, былі зьдейсьненыя захады ў пошуку двух зьнішчаных расейскіх танкаў танка Т-72Б з прыцэлам “1K13” у раёне Дэбальцаўскае дугі. Фатаздымкі танкаў, якія нас цікавяць, былі выяўленыя на партале “lostarmor” па спасылках: http://lostarmour.info/armour/item.php?id=4628 і http://lostarmour.info/armour/item.php?id=4629.

Паводле аднаго з фатаздымкаў, гэта танк Т-72БМ (Т-72Б ўзору 1989 г.) з характэрнымі адметнымі рысамі – начны прыцэл “1K13”, дынамічная абарона “Кантакт-V”, адсутнасьць т.зв. датчыку ветру “ДВЕ-БС”.

Пра тое, што зьнішчаныя танкі ідэнтыфікаваныя, як баявыя машыны з 5-й ТБр, пра якія ў сваім інтэрвію казаў Доржы Батамункуеў, гавораць шэраг фактараў:

– на прадстаўленых фатаздымках і ў інтэрвію фігуруюць танкі Т-72Б ўзору 1989 г. з начным прыцэлам “1К13” (якія ў розных крыніцах часта згадваюцца, як Т-72БМ);

– танкі зьнішчаныя ля пасёлку Логвінава (ключавы н/п у баёх за Дэбальцава), гэтак жа супадае час іхнага зьнішчэньня;

– на фатаздымках фігуруюць два зьнішчаныя танкі, пра што й вядзецца ў інтэрвію, другая падбітая машына – танк камандыра батальёну (танкі спаленыя, люкі адчыненыя, вежы на мейсцы).

Паводле наяўнай інфармацыі, танкі Т-72Б ўзору 1989 г. знаходзяцца ва ўзбраенні 5-й асобнай танкавай брыгады. Дзеля пацьверджаньня гэтага публікуем некалькі фатаздымкаў з фатаальбому групы 5-й АТБр (група: https://vk.com/club25820264, група ў архіве: https://archive.is/q51sI, фатаальбом групы: https://vk.com/album-25820264_131815522, фатаальбом групы ў архіве: https://archive.is/GJWC7).

                                        

Глядзіце тэматычныя спасылкі:

Чарговы кавалер мэдалю “За воінскую доблесьць” з 5-й танкавай брыгады. March 30, 2015

Буратаў 5-й танкавай брыгады ўзнагароджваюць мэдалямі “За воінскую доблесьць”. January 15, 2015

Дадатковая інфармацыя пра падразьдзяленьне 5-й танкавай брыгады растоўскай групоўкі сілаў уварваньня – “НА КІЕЎ-2”. November 25, 2014

Падразьдзяленьне 5-й танкавай брыгады УВА ў складзе расейскай групоўкі сілаў уварваньня. November 17, 2014

Глядзіце таксама артыкул ““Надвор’е ў Арэнбургу” зьнішчыла танкі Т-72БА 21-й АМСБр ЗС РФ пад Старабешавам” – расьледаваньне InformNapalm фактаў удзелу 21-й АМСБр ЗС РФ у вайне на Данбасе.

 

Матар’ял падрыхтаваў Міхаіл Нет адмыслова для InformNapalm.org

(с) Падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын

Exit mobile version