InformNapalm.org (Беларуская)

Пераходны “Тамбоў” або ракіроўка расейскіх генэралаў у ЛНР

2 ліпеня Bloomberg апублікаваў справаздачу Службы бясьпекі Украіны, у якім, апроч фактаў ідэнтыфікацыі расейскіх вайскоўцаў і ўзбраеньня на Данбасе, фігуравалі дадзеныя пра 5 расейскіх генэралаў, якія ажыцьцяўляюць непасрэднае камандаваньне аб’яднанымі расейска-сэпаратысцкімі сіламі.

Каманда InformNapalm.org вырашыла дадаць да гэтых дадзеных важныя дэталі, бо ў справаздачы ня быў адлюстраваны факт ратацыі аднаго з расейскіх генэралаў, пасьля таго, як пра яго сталі масава паведамляць СМІ ў лютым 2015 году.

Фота: генэрал-маёр Кузаўлёў

У справаздачы пазначаецца, што ў раёне Луганска рэгулярнымі падразьдзяленьнямі расейскага спэцназу кіруе генэрал-маёр Сяргей Кузаўлёў. Пра яго InformNapalm.org ўпершыню паведамляў у зводцы за 3 студзеня 2015 году. Гэты расейскі афіцэр сапраўды ажыцьцяўляў камандаваньне, але да сакавіка 2015 году.

Цікава тое, што падчас знаходжаньня ў камандыроўцы ў ЛНР генэрал-маёр Кузаўлёў Сяргей Юр’евіч меў пазыўны “Тамбоў”.

31.12.2014 г. СБУ апублікавала запіс тэлефоннай размовы камандыра стаханаўскіх казакоў Паўла Дромава, які заявіў, што асабіста сустракаўся з прэм’ер-міністрам РФ Дзьмітрыем Мядзьведзевым. У размове ён згадаў, што казакам былі абяцаныя тэхніка і адмыслоўцы з РФ: “Пры мне дадзены загад “Тамбову” да 15 студзеня – танкі, БМ-кі, гарматы і ўсё астатняе даць… У нядзелю “Тамбоў” прыязджае на інспэкцыю, мы маем паказаць яму склады…”

Фота: генэрал-маёр Яўген Нікіфараў

Нам вядома, што пазыўны “Тамбоў” пераходны. У сакавіку-красавіку 2015 году генэрал-маёр Кузаўлёў быў адкліканы ў Расею і яго замянілі на іншага высокапастаўленага афіцэра, які атрымаў у спадчыну той самы пазыўны – “Тамбоў”. Гэтым афіцэрам стаўся намесьнік камандуючага 58-й агульнавайсковай арміяй генэрал-маёр Яўген Нікіфараў.

Зь ягонай біяграфіі вядома, што ў 1991 годзе ён скончыў Каломенскую артылерыйскую вучэльню, камандаваў артылерыйскім узводам, супрацьтанкавай батарэяй, парашутна-дэсантным батальёнам. Чыны маёра і падпалкоўніка атрымаў датэрмінова. У красавіку 2005 году стаўся камандырам асобнай паветрана-дэсантнай брыгады. У дадзены момант афіцыйна зьяўляецца намесьнікам камандуючага 58-й агульнавайсковай арміяй (якая ўдзельнічала ў нападзе на Грузыю ў 2008-м).

Фота: Артылерыя ЛНР пад Краснадонам / stainlesstlrat.livejournal.com

Фота: Артылерыя ЛНР пад Краснадонам / stainlesstlrat.livejournal.com

Ня ёсьць таямніцай, што галоўныя функцыі ў пазыцыйнай вайне на Данбасе выконвае артылерыя. Менавіта для забесьпячэньня ўзаемадзеяньня расейскіх артылерыстаў з падразьдзяленьнямі аб’яднаных расейска-сэпаратысцкіх сілаў і прыкамандыроўваюць афіцэрскі склад ЗС РФ. Яны забясьпечваюць плянаваньне і ўзгодненасьць дзеяньняў, таксама зьяўляюцца ценявымі камандырамі груповак баявікоў, пакуль на камэру пазуюць казакі, гопнікі й найміты.

Згодна з гэтым, інфармацыя ад мясцовых жыхароў Луганскае і Данецкае вобласьцей, што расейскія артылерысты здаюць у баявых умовах іспыты, абстрэльваючы ўкраінскіх вайскоўцаў і ўкраінскія населеныя пункты, мае ўскоснае пацьверджаньне. Бо з выпускнікамі артылерыйскіх вучэльняў ў генэральскіх пагонах цалкам можна дамовіцца пра выпускную “практыку” курсантаў і афіцэраў. І калі расейскіх вайскоўцаў адпраўляюць ва Украіну на “вышкалы”, то збольшага ня хлусяць ім. Расейскае кіраўніцтва сапраўды праводзіць “вышкалы” на ўкраінцах.

Такім чынам, ужо не 5, але, як мінімум, 6 расейскіх высокапастаўленых афіцэраў з генэральскімі пагонамі маюць дачыненьне да авантуры Крамля на Данбасе. Колькасьць палкоўнікаў і маёраў падлічыць цяжка, іх дзясяткі, магчыма, сотні.

Гэта дадатковы важкі аргумэнт у будучых працэсах міжнароднага трыбуналу.

Roman Burko адмыслова для InformNapalm.org, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына.

Exit mobile version