- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Пэрспэктывы й прагнозы вайсковага ўзмацненьня пазыцыяў Расеі ў Судане

Анатоль Баронін [1], Da Vinci AG, адмыслова для InformNapalm.

Расейская Фэдэрацыя ўзмацняе сваю вайсковую прысутнасьць уздоўж пэрымэтру Арабійскае паўвыспы

12 сьнежня 2017 году расейскі карэспандэнт «Комсомольской правды» (рас.) Аляксандар Коц апублікаваў [2] відэакадры, якія сьведчаць пра актывізацыю вайсковае прысутнасьці РФ у Судане. Паводле сьцьверджаньняў карэспандэнта, у кадрах зафіксаваны пэрсанал расейскае прыватнае вайсковае кампаніі (ПВК), які навучае суданскіх вайскоўцаў. У відэа можна пабачыць адпрацаваньне практыкаваньняў што да зачысткі населеных пунктаў. Характар вышкалаў і практыкаваньняў падобны да манэўраў, якія зьдзяйсьнялі падразьдзяленьні ПДВ і ССА РФ у Эгіпце [3] ў верасьні 2016 году.

Паводле нашых ацэнак, існуе высокая ступень верагоднасьці, што навучаньне суданскіх вайскоўцаў зьдзяйсьняюць не прадстаўнікі ПВК, але менавіта рэгулярныя падразьдзяленьні Сілаў спэцыяльных апэрацыяў (ССА) Расейскай Фэдэрацыі. У іхныя задачы ўваходзіць наданьне ваеннай дапамогі замежным дзяржавам (military assistance). Расея мае недастаткова людзкіх рэсурсах, якія валодаюць мінімальнымі ведамі арабскае мовы. Большасьць супрацоўнікаў ПВК з адпаведнымі ведамі ў гэты момант задзейнічаныя ў апэрацыях на тэрыторыі Сірыйскае арабскае рэспублікі. Маўленчыя крытэры чалавека, які аддае каманды за кадрам, відавочна сьведчаць пра тое, што ён належыць да расейскамоўных. Гэта выключае вэрсію пра спэцыяльныя падразьдзяленьні РФ з Каўказа.

Шматгадовая гісторыя вайсковае супрацы можа працягнуцца

У чэрвені 2008 году надыйшла інфармацыя пра сьмерць расейскага лётніка ў Судане, які пілятаваў зьнішчальнік МіГ-29. Было зазначанае, што расейскія пілёты – якія служаць у Збройных Сілах РФ і адстаўныя – зьдзяйсьняюць палёты на 14 суданскіх МіГ-29 [6]. Тады гэтае рашэньне зьвязвалі з складанасьцямі падчас навучаньня суданскіх пілётаў і «неадэкватнасьцю іхных паводзінаў».

Гэты факт сьведчыць пра існаваньне шматгадовае расейскае вайсковае дапамогі рэжыму Амара Башыра, які знаходзіцца пад ціскам Міжнароднага Крымінальнага Суду й мае тыя ж матывы, што і Башар Асад у Сірыі. Рэгулярнае галасаваньне Судана ў ААН супроць украінскіх рэзалюцыяў што да Крыма таксама ўскосна сьведчыць пра наяўнасьць вайскова-палітычнага ўзаемадзеяньня на высокім узроўні паміж Масквой і Хартумам, як мінімум на працягу апошніх трох гадоў.

Верагодна, Крэмль імкнецца да пашырэньня й паглыбленьня падобнае супрацы, якая мае ператварыцца на непасрэдную расейскую вайсковую прысутнасьць у краіне паводле сірыйскае схемы: гарантыі палітычнаму рэжыму ў абмен на неабмежаваны вайсковы кантынгент і разьмяшчэньне вайсковае інфраструктуры.

Высновы й прагнозы

Такім чынам, фармуецца тэндэнцыя выкарыстаньня Расеяй замежных лякальных канфліктаў дзеля пашырэньня вайсковае прысутнасьці РФ на гэтых тэрыторыях у абмен на вайсковую падтрымку й гарантыі дзейным аўтарытарным рэжымам. Аналягічным чынам Расея надае падтрымку лібійскаму лідэру Халіфе Хафтару (які кантралюе ўсходнюю частку краіны) дзеля разьмяшчэньня вайсковых базаў непадалёк Бэнгазі [7].

Чытайце таксама: «Пэрспэктывы расейска-эгіпецкай кампаніі ў Лібіі [8]»

Нягледзячы на ​​сэрыю крытычных публікацыяў у расейскіх СМІ што да мэтазгоднасьці разьмяшчэньня вайсковае інфраструктуры ў Судане пасьля візыту Амара Башыра ў Маскву ў лістападзе 2017 году, Крэмль, цалкам мажліва, ухваліць пазытыўнае рашэньне ўжо ў першай палове 2018 году. Сумневы ў мэтазгоднасьці падобнага рашэньня мелі дачыненьне да рэакцыі Захаду на гэты крок, а таксама дастатковасьці фінансавых рэсурсаў для падобнага праэкту.

Разам з тым затратны фінансавы чыньнік праэкту, цалкам мажліва, стане асноўным фактарам, які будзе вызначаць пазыцыю МА РФ у кантэксьце зьніжэньня інтэнсіўнасьці дзеяньняў у Сірыі і, адпаведна, скарачэньня фінансавых выдаткаў/патокаў, якія праходзяць праз гэтае ведамства.

З палітычнага пункту гледжаньня Крэмль пойдзе на падобную нятанную авантуру, бо гэта надасьць мажлівасьць чарговага разу прадэманстраваць патэнцыял канфрантацыі з Вашынгтонам, які мае значную прыстунасьць у рэгіёне, і дазволіць атрымаць падтрымку краінаў, якія імкнуцца зьменшыць уплыў Вашынгтона або гандлявацца зь ім. Апроч гэтага, гэта дазволіць кантраляваць лягістычныя маршруты пастаўкі энэрганосьбітаў цераз Чырвонае мора, а ў каардынацыі зь Іранам, у выпадку неабходнасьці блякаваць экспарт нафты з Арабійскае паўвыспы, зьдзяйсьняць значны ўплыў на дынаміку сусьветных коштаў. Тым ня менш, для вырашэньня падобнае задачы неабходная прысутнасьць сталае марское групоўкі РФ, што ўзмоцніць фінансавы ціск на бюджэт. У выніку, паводле нашых ацэнак, Крэмль можа распачаць будаўніцтва тэхнічнае базы, аналягічнай той, што маецца ў Тартусе (Сірыя) [9] з мажлівасьцю сытуацыйнага разгортваньня часовае абмежаванае марское групоўкі. Такі сцэнар досыць верагодны, калі ўзяць пад увагу ўзровень узаемінаў Крамля з Эгіптам і Этыёпіяй, якія ня будуць замінаць праходжаньню вайсковых караблёў РФ.

У выпадку разьмяшчэньня вайскова-марской базы (ВМБ) у Судане, Расея можа сутыкнуцца з узмацненьнем канкурэнцыі з боку КНР у рэгіёне, які мае істотныя інтарэсы ў гэтай краіне, а таксама з пазыцыяй Савудаўскай Арабіі, для якой расейская ВМБ ў Порт-Судане мае ня толькі рызыкі для нафтавай галіны, але й нацыянальнай бясьпецы ў кантэксьце зручнай лягістыкі для вайсковых паставак хусіцкім паўстанцам у Емэне. Зьяўленьне расейскай ВМБ ў Судане таксама значна паслабіць рэгіянальную вагу Этыёпіі, як аднаго з рэгіянальных цэнтраў ўплыву. Гэта мажліва адаб’ецца на падвышэньні для Расеі ставак далейшай дзейнасьці ў рэгіёне.


Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [10].

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [11])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [12] / Твітэр [13] / Telegram [14]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.