Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm за сваю амаль чатырыхгадовую практыку зьдзяйсьненьня OSINT-расьледаваньняў (агульная колькасьць якіх на гэты момант ужо амаль 1500) упершыню сутыкнулася з прэцэдэнтам рэкрутаваньня экс-баявікоў на тэрміновую службу ў Збройныя Сілы РФ. Раней мы выяўлялі факты пераходу баявікоў “Л/ДНР”, грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, на кантрактную службу ў расейскую армію, але з фактам менавіта рэкрутаваньня на тэрміновую службу мы сутыкаемся ўпершыню. Да рэкрутаваньня баявік амаль два гады ваяваў у складзе бандфармаваньняў на Данбасе.
Віктар Уладзімеравіч Макараў / «Макар Рублёў»
У сацсетках: “VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), №2 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “OK”, “fotostrana”.
Характэрна, што ў чэрвені 2015 году дадзеныя пра Віктара Макарава былі занесеныя ў базу сайту «Міратворац», але яны ёсьць памылковымі і таму неабходна зрабіць пэўныя удакладненьні.
Як зьбіралі факты
Расейскі баявік быў ідэнтыфікаваны з дапамогаю акаўнтаў сацсетак ягоных сваякоў. Мы выйшлі на сьлед ягонае маці Алы Макаравай-Дзёмінай – “VK” №1, №2 і “ОК” (архівы профілю, супольнага фотаальбому й сямейного фотаальбому, кантактаў), якая й надала нам неабходную інфармацыю.
«Студэнт» у незаконных збройных фармаваньнях «Л/ДНР»
Удзельнічаць у баявых дзеяньнях Макараў пачаў меркавана ў кастрычніку-лістападзе 2014 году, калі ён з дапамогаю так званага казацтва апынуўся на Данбасе ў шэрагах незаконных збройных фармаваньняў «Л/ДНР». У адным з профіляў Макарава маецца запіс пра тое, што ён зьяўляецца студэнтам ВНУ імя Даля (Усходнеўкраінскі нацыянальны унівэрсытэт імя Уладзімера Даля, акупаваны Луганск, Украіна). «Студэнцтва» Макарава ў Луганску праходзіла ў шэрагах бандфармаваньня «Мангуст» – гэта так званая рота спэцпрызначэньня ў складзе батальёну «Заря» (рас.). Падчас знаходжаньня ў Луганскае вобласьці Макараў быў нават зафіксаваны разам з прадстаўнікамі маніторынгавае місіі АБСЭ. «Студэнт» і чальцы ягонае сям’і любяць выхваляцца ў сацсетках ганаровым знакам «ЛНР» «Бітва за Луганск».
Служба ў ЗС РФ. Навучаньне ў Волжску. Служба пад Растовам
У сьнежні 2016 году Віктара Макарава рэкрутавалі на тэрміновую вайсковую службу й накіравалі ў 187-ы Пскоўскі міжвідавы рэгіянальны навучальны цэнтар падрыхтоўкі малодшых спэцыялістаў інжынэрных войскаў (в/ч 73420, г. Волжскі, Валгаградзкая вобл.). Пасьля прысягі ў лютым 2017 году й пяцімесяцовага навучаньня ў навучальным цэнтры ўлетку 2017 году ён атрымаў кваліфікацыю спэцыяліста 3-й клясы. Для праходжаньня далейшай службы яго накіравалі ў войскі Паўднёвае вайсковае акругі Расеі. Згодна з зваім шаўронам Макараў у гэты час меркавана служыць непадалёк родных сваіх мясьцінаў, у інжынэрным падразьдзяленьні новай 150-й дывізіі, якая разгорнутая на ўкраінскім напрамку ў Растоўскае вобласьці. Цалкам мажліва, што пасьля заканчэньня тэрміновае службы напрыканцы 2017 году Макараў з сваім досьведам удзелу ў баявых дзеяньнях у складзе бандфармаваньняў падпіша трохгадовы кантракт і вернецца на Данбас ужо ў статусе інструктара-куратара ў інжынэрнай падрыхтоўцы для баявікоў.
Ніжэй падаем важны скрыншот – фота рэкрута, колішняга баявіка, ля стэлы вайсковай часткі 187-га навучальнага цэнтру малодшых спэцыялістаў інжынэрных войскаў, што знаходзіцца ў г. Волжскім, Валгаградзкая вобласьць (твары сваякоў зарэтушаваныя з этычнае прычыны).
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ адмыслова для сайту InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
