InformNapalm.org (Беларуская)

Пуцін паноўна ўзрывае Расею? У Санкт-Пецярбургу пратэставалі супроць карупцыі, але атрымалі крамлёўскі тэрор

3 красавіка 2017 году ў вагоне мэтрапалітэну ў Санкт-Пецярбургу адбыўся выбух.

У СМІ зьявіліся першыя жудасныя фота зь мейсца падзеяў. Дзьверы вагону моцна пашкоджаныя выбуховай хваляй, людзі параненыя і шакаваныя, паўсюль сьляды крыві. Характэрна, што ў Санкт-Пецярбургу зараз знаходзіцца і сам прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін, які ўдзельнічае ў плянарным паседжаньні штогадовага мэдыяфоруму “Общероссийского народного фронта” (ОНФ, рас.). Але Пуцін не карыстаецца мэтро, гэта грамадзкі транспарт для звычайных грамадзянаў Расеі. Дарэчы, 26 сакавіка, менавіта піцерцы выйшлі на адзін з самых вялікіх антыкарупцыйных мітынгаў: у шэсьці ад Марсавага полю да Дварцовай плошчы і па Неўскаму праспэкту ўдзельнічалі больш за 10 000 пратэстоўцаў.

Як паведамляў сайт mr7.ru, у адрозненьне ад папярэдніх і малаколькасных акцыяў пратэсту, на якія выходзілі лібэральна скіраваныя грамадзяне старэйшага пакаленьня, гэтым разам на Марсавым поле было вельмі шмат моладзі. Студэнты скандавалі (пакідаем тут і далей у арыгінале):

«Путин – вор!», «Миллионы – народу, а не Димону!», «Не забудем Немцова»,  «Медведева – в отставку, «Россия будет свободной», «Жалкий-алчный!».

Падобны стан рэчаў ня мог не ўсхваляваць Крэмль, пачаліся рэпрэсіі і масавыя затрыманьні. Хаця фэдэральныя СМІ задзейнічалі жорсткую цэнзуру да інфармацыі пра масавыя пратэсты й практычна не паведамлялі пра іх, альбо спрабавалі падаць як малалікія флэшмобы фрыкаў, інфармацыя працягвала паступаць праз сацыяльныя сеткі ад удзельнікаў падзеяў. У Заходняй прэсе зьявіліся першыя матар’ялы пра гэтыя пратэсты і рэакцыя на затрыманьні актывістаў. Пуцін доўга маўчаў, і толькі 30 сакавіка падчас выступу ў Архангельску на IV Міжнародным арктычным форуме ўпершыню пракамэнтаваў мітынгі: «Это инструмент арабской весны, это же стало поводом для государственного переворота на Украине и повергло страну в хаос».

Страх Пуціна перад «Майданам» даўно абмяркоўваўся ў экспэртных колах, часта менавіта гэты страх перад народнымі пратэстамі і рэвалюцыйнымі акцыямі зьвязваюць з актывізацыяй сілавога сцэнару ў зацяжной гібрыднай вайне РФ супроць Украіны. Анэксія Крыма й перакідваньне расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі на Данбас былі неабходныя кіраўніцтву Расеі як паветра. Нагнятаньне перадваеннай гістэрыі з дапамогаю прапаганды, калі «русскій міръ» нібыта змагаецца за свае існаваньне (толькі чамусьці на тэрыторыі суседніх дзяржаваў) сталася адзінай саломінкай Пуціна ў барацьбе за адцягваньне непазьбежных рэвалюцыйных працэсаў у самой Расеі.

Самі ж мэтоды працы Крамля што да «кансалідацыі» і загону ў стойла расейскага грамадзтва чаргуюцца паміж унутраным тэрорам і пошукам зьнешняга ворага.

Пра ўнутраны тэрор сусьветная грамадзкасць даведалася дзякуючы кнізе «ФСБ падрывае Расею». У якой экс-супрацоўнік ФСБ, палкоўнік расейскай дзяржбясьпекі Аляксандар Літвіненка расказаў пра датычнасьць спэцслужбаў Расеі да арганізацыі сэрыі тэрарыстычных актаў у гарадох Буйнакск, Масква і Валгадонск 4-16 верасьня 1999 году, мэтаю якіх быў прыход да ўлады Пуціна. За сваю шчырасьць Літвіненка быў атручаны палёніем-210 і памёр у Лёндане ў 2006 годзе.

Агрэсія супроць Грузіі, анэксія крымскае паўвыспы пад вывескамі «Русская Весна» і «КрымНаш», таемная вайна супроць Украіны і праэкты «Новороссии» на Данбасе, вайсковая апэрацыя ў Сірыі – гэта далёка ня ўвесь сьпіс у пошуку зьнешніх фактараў “кансалідацыі” расейцаў.

Але як слушна заўважылі актывісты сацыяльнае супольнасьці «Пратэстны Санкт-Пецярбург»:

«История штука сильно упрямая и кремлевским карликам-узурпаторам не суждено ее изменить. На фото митинг против самодержавия на Дворцовой площади в январе 1917 года. Сто лет назад уже через месяц режим рухнул и самодержавия не стало. Для сравнение фото за 26.03.17».


А пакуль ці то тэрарысты, ці то Пуцін узрывае Расею, піцерскі актывіст Дзінар Ідрысаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў, што ў Санкт-Пецярбургу зачыненыя ўсе станцыі мэтро праз пагрозу выбухаў, а аэрапорт Пулкава зачынены для вылету.

Ішоў 2017 год, мінулі роўна 100 гадоў з дня рэвалюцыі…


Roman Burko адмыслова для міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

«Цемру адолее полымя / Ignis vincit tenebris» – крэда InformNapalm.

Exit mobile version