- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Асабовы склад ракетнага катэра Р-60 ўдзельнічаў у ваеннай агрэсіі супроць Украіны

Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm сабралі новыя доказы пра ўдзел расейскіх вайскоўцаў у ваеннай агрэсіі супроць Украіны ў Крыме. Вызначанае, што асабовы склад вялікага ракетнага катэру (ВРК) Р-60 з складу 41-й брыгады ракетных катэраў Чарнаморскага флёту ВМФ РФ падчас спэцапэрацыі захопу Крыму ўдзельнічаў у блякаваньні караблёў ВМС Украіны ў бухце Данузлаў. За ўдзел у ваеннай агрэсіі супроць Украіны экіпаж карабля Р-60 узнагароджаны мэдалямі Міністэрства абароны РФ. Цікава, што камандыр гэтага карабля быў узнагароджаны ня толькі за акупацыю Крыму, але й за ўдзел у расейскай ваеннай кампаніі супроць Грузіі.

Два дывізіёны 41-й брыгады ракетных катэраў

У склад 41-й БрРК [1] ЧФ ВМФ РФ (в/ч 72165, пункт сталае дысьлякацыі – часова акупаваны Крым, г. Сэвастопаль) уваходзяць два дывізіёны: 166-ы Наварасійскі дывізіён малых ракетных катэраў (166-ы ДМРК) і 295-ы Сулінскі дывізіён ракетных катэраў (295-ы ДРК).

Караблі абодвух дывізіёнаў удзельнічалі ў спэцапэрацыі захопу Крыму. Супольнасьць InformNapalm ужо падавала інфармацыю пра ўдзел 166-й ДМРК [2] у ваеннай агрэсіі супроць Украіны. У гэтым расьледаваньні мы публікуем зьвесткі пра расейскіх агрэсараў з 295-га ДРК, а менавіта пра чальцоў экіпажу вялікага ракетнага катэра Р-60 (бартавы нумар 955 [3]).

Р-60 вялікі ракетны катэр праэкту 12411, прызначаны для зьнішчэньня баявых надводных караблёў супраціўніка, дэсантных і транспартных сродкаў у моры, пунктах базаваньня, марскіх груповак і іхнага прыкрыцьця, а таксама для прыкрыцьця сваіх караблёў і суднаў ад надводных і паветраных пагрозаў.

Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя

У фатаздымку ніжэй зафіксаваныя расейскія ваенныя злачынцы Канстантын Цяжко (леваруч) і Алег Лёвачкін (праваруч) з мэдалямі за акупацыю Крыму. Гэтае фота яны абодва выклалі ў сваіх акаўнтах сацыяльных сетках.

екіпаж ракетного катера Р-60

 

Алег Лёвачкін (рас. – Лёвочкин Олег)

[4]Нарадзіўся 15.10.1990 г. у г. Стаўрапаль, РСФСР. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў на ВРК Р-60. Удзельнік ваеннай спэцапэрацыі захопу ўкраінскага Крыму.

 

 

 

 

 

Да фатаздымку карабля, на якім служыў, Лёвачкін дадаў подпіс (падаем тут і далей у арыгінале з захаваньнем артаграфіі й пунктуацыі): “Вотан наш красавчик рка р-60″.

 

ракетний катер Р-60

 

У фотаальбоме акаўнта сацсеткі «ОК» Алега Лёвачкіна выяўленае фота, зробленае на борце ракетнага катэра. У выніку параўначага аналізу гэтага фота з даступнымі ў адкрытым доступе фатаздымкамі [5] ВРК Р-60 пацьверджанае, што Лёвачкін служыў менавіта на гэтым караблі.

Цяжко Канстантын (рас. – Тяжко Константин)

[6]Нарадзіўся 10.11.1990 г. у г. Ізабільны, Ізабільненскі раён Стаўрапальскага краю, РСФСР. Вайсковую службу праходзіў на ВРК Р-60. Удзельнік ваеннай спэцапэрацыі захопу ўкраінскага Крыму.

 

 

 

 

У сваім акаўнце сацсеткі «VK» у якасьці вайсковага фармаваньня, у якім служыў у 2013-2014 гг., К. Цяжко пазначыў 41-ю БрРК (в/ч 72165):

Фота ракетнага катэра Р-60, якое выклаў у сваім акаўнце, ён падпісаў: “Мой катерок”:

Камандыр вялікага ракетнага катэра Р-60

У сакавіку 2014 году асабовы склад ВРК Р-60 удзельнічаў [7] у блякаваньні караблёў ВМС Украіны ў бухце Данузлаў.

Раней супольнасьць InformNapalm падавала інфармацыю пра ўдзел у блякаваньні ўкраінскіх караблёў таксама і асабовага складу ракетнага крэйсэра «Масква» [8].

Камандырам ВРК Р-60 падчас зьдзяйсьненьня спэцапэрацыі захопу Крыму быў капітан 3-га рангу Кузьмін Яўген Юр’евіч (рас. – Кузьмин Евгений Юрьевич). Фота Яўгена Кузьміна й падрабязную інфармацыя пра яго апублікавала [9] расейскае выданьне «Флаг Родины» (№83 з 30.10.2015 г.) (архіў [10]).

У 2003 годзе Яўген Кузьмін скончыў Вайскова-марскі інстытут радыёэлектронікі імя А. Папова. Сьпярша ён быў прызначаны камандырам 4-й і 7-й баявой часткі (БЧ сувязі й радыётэхнічная (кіраваньня) адпаведна) вялікага ракетнага катэра Р-71. Потым там жа служыў у якасьці памочніка. Пасьля сканчэньня вышэйшых афіцэрскіх курсаў прызначаны на пасаду старэйшага памочніка камандыра малога ракетнага карабля «Самум», а ў верасьні 2012 году – камандыра ВРК Р-60. Узнагароджаны мэдалём ордэна «За заслугі перад Айчынай» ІІ ступеню, мэдалём «За вайсковую доблесьць» II ступеню (за баявую службу ракетнага катэра ў Міжземным моры), мэдалём Ушакова. Пасьля акупацыі Крыму Расеяй Яўген Кузьмін працягваў [11] зьдзяйсьняць камандаваньне вялікім ракетным катэрам Р-60.

Характэрна, што ўзнагароду «За заслугі перад Айчынай» ІІ ступеню Яўген Кузьмін атрымаў за ўдзел у расейскай ваеннай агрэсіі супроць Грузіі ў 2008 г. Падчас правядзеньня гэтага расьледаваньня выяўленае, што Кузьмін фігуруе ў сьпісе [12] ўзнагароджаных грамадзянаў РФ за ўдзел у расейска-грузінскай вайне 2008 г. У гэтым сьпісе пададзенае ягонае поўнае імя, з дапамогаю гэтай інфармацыі мы вызначылі таксама ягоную дату нараджэньня й мейсца жыхарства.

Супольнасьць InformNapalm выявіла фатаздымак Яўгена Кузьміна з пазначанымі вышэй узнагародамі. У гэтым фатаздымку Я. Кузьмін зафіксаваны таксама й з мэдалём «За возвращение Крыма» (рас.).

Выснова

Камандыр карабля ВРК Р-60 Яўген Кузьмін дагэтуль не фігуруе ў сьпісе вайсковых службовых асобаў камандаваньня Збройных сілаў і прадстаўнікоў улады Расейскае Фэдэрацыі, якім Генэральнаю пракуратураю Украіны паведамленае пра падазрэньне (1, [13] 2 [14]). Вялікі ракетны катэр Р-60 таксама не пазначаны ў пераліку [15] караблёў, якія Расейская Фэдэрацыя задзейнічала ў ваеннай агрэсіі супроць Украіны. У зьвязку з выяўленьнем новай факталягічнай інфармацыі, валянтэры супольнасьці InformNapalm адкрыта зьвяртаюцца да дзяржструктураў Украіны й заклікаюць іх зьдзейсьніць усе належныя працэсуальныя дзеяньні ў дачыненьні да камандыра й чальцоў экіпажу ВРК Р-60 Чарнаморскага флёту ВМФ РФ, якія ў 2014 годзе ўдзельнічалі ў спэцапэрацыі акупацыі Крыму.


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [16].

Загалоўнае фота – shipspotting.com.

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [17].

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [18])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [19] / Твітэр [20] / Telegram [21]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.


[22]InformNapalm [23] – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 5 гадоў.

Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць [24] або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца [25] на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.