Зафіксаванае чарговае вялікае скопішча тэхнікі й цяжкога ўзбраеньня з калібрам 122 і 125-мм, якое аб’яднаныя расейска-тэрарыстычныя сілы, парушаючы ўмовы менскіх пагадненьняў, канцэнтруюць за 15-17 км ад лініі разьмежаваньня.
Валянтэрская аэравыведка перадала міжнароднай выведвальнай супольнасьці InformNapalm эксклюзыўныя здымкі. У выніку іхнага аналізу вызначанае, што ў адным з раёнаў акупаванага гораду Данецк баявікі арганізавалі вялікае скопішча ўзбраеньняў.
Апроч аўтамабільнае тэхнікі, цягачоў МАЗ-537, БМП, КШМ і МТ-ЛБ выяўленыя больш за 20 адзінак танкаў Т-64БВ і Т-72Б розных мадыфікацыяў (калібар 125-мм), а таксама, як мінімум, 2 адзінкі САУ 2С1 «Гвазьдзіка» (калібар 122-мм). Каардынаты: 47.9583438, 37.8532007.
На падставе дадзеных інсайдэраў з HUMINT-сеціва InformNapalm таксама выяўленае, што ў пазначаным раёне дысьлякуецца так званая 5 асобная мотастралковая брыгада (АМСБр) 1 Армейскага корпусу (АК) расейскіх акупацыйных сілаў. Камандыр брыгады мае пазыўны «Крэмень».
На сайце Галоўнага ўпраўленьня выведкі Украіны маецца дэталізаваная інфармацыя пра палкоўніка ЗС РФ Каплія Ігара Рыгоравіча, які і выкарыстоўвае пазыўны «Крэмень». Раней ён праходзіў службу на камандных пасадах у Паветрана-дэсантных войсках ЗС РФ. Да камандыроўкі на Данбас займаў пасады камандыра 51-го парашутна-дэсантнага палку (г.Тула, РФ), а таксама начальніка 242-га навучальнага цэнтра падрыхтоўкі малодшых спэцыялістаў (г. Омск, РФ).
На падставе зьдзейсьненага расьледаваньня валянтэрамі InformNapalm можна зрабіць наступныя высновы:
– расейскі бок куруе працэс паставак тэхнікі;
– парушаючы менскія дамоўленасьці працягвае насычаць і ўтрымліваць на акупаваных тэрыторыях цяжкое ўзбраеньне;
– у складзе незаконных збройных фармаваньняў на камандных пасадах знаходзяцца кадравыя расейскія афіцэры.
Нагадаем, што 24 верасьня 2016 г. InformNapalm таксама паведамляў, што ў Наваазоўску зафіксаваныя восем 122-мм гаўбіцаў баявікоў, якія знаходзяцца за 17 км ад лініі разьмежаваньня.
Глядзіце таксама інтэрактыўную мапу й базу дадзеных ідэнтыфікацыі кадравых расейскіх вайскоўцаў з больш чымся 75 вайсковых фармаваньняў, якія ваююць на Данбасе. Таксама глядзіце справаздачу супольнасьці InformNapalm пра ўзбраеньне й тэхніку аб’яднаных расейска-тэрарыстычных сілаў.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
