У якім напрамку расейская станцыя наземнай выведкі «Крэда-М1» выяўлее цэлі?
У профілі жыхара Шахтарска знойдзенае фота, выкладзенае 27 лютага 2016 году, у якім зафіксаваная расейская станцыя наземнай выведкі «Крэда-М1».
Гэты фатаздымак прыцягвае ўвагу яшчэ і праз тое, што да яго, пачынаючы з 1 сакавіка 2016 году, маецца шмат камэнтароў накшталт «Памятаем, смуткуем…». Зазначым, што апошні візыт на старонку быў 28 лютага 2016 году, а вось у «Чысьцец» «Міратворца» Рукавішнікаў Аляксандар Уладзімеравіч патрапіў а 20:17 у гэты ж дзень. Вось дык супадзеньне. Цікава, што было раней: апошні візыт або запіс у «Чысьцец»?
Дах высокага будынку – гэта Яленаўскі камбінат хлебапрадуктаў (КХП) у н.п. Яленаўка Валнавахскага раёну Данецкае вобласьці.
ПСНР-8М «Крэда-М1» (1Л120М) – радыёлякацыйная мадэрнізаваная пераносная станцыя наземнай выведкі. Прызначаная для выяўленьня наземных (надводных) рухомых цэляў, забесьпячэньня стральбы артылерыі, у тым ліку падчас адсутнасьці аптычнае бачнасьці (туман, дождж, завіруха, падчас запыленьня або задымленьня атмасфэры).
Разьлік – 2-3 чал.
Працоўная частата – 2 см (J).
Зона агляду:
– на адлегласьці – ад 200 м да 32 км;
– з азімутам – ад 12 да 180° з дыскрэтам ўстаноўкі 12°;
– з вуглом мейсца – +/-18°.
Далёкасьць выяўленьня цэляў:
– чалавек – 7-8 км,
– танк – да 16 км,
– грузавы аўтамабіль – да 32 км,
– выбух артылерыйскага знараду – да 5 км.
Сярэднія памылкі вызначэньня каардынатаў:
– на адлегласьці – да 25 м,
– у накірунку – 00-05 м (0,3°).
Сілкаваньне – 110 Вт.
Час працы з АКБ – да 24 гадзінаў.
Маса – 51 кг.
Радыёлякацыйнае становішча адлюстроўваецца на фоне электроннай мапы мясцовасьці (ніжэй – прыклад).
Паводле пададзеных вышэй тэхнічных характарыстык далёкасьць агляду станцыі «Крэда-М1» дасягае 32 км. Акружына з такім радыусам пазначаная на мапе. Лінія адпавядае прыблізнаму накірунку назіраньня з дапамогай гэтай станцыі ў момант, зафіксаваны ў фота.
Раён назіраньня – населеныя пункты Благадатнае, Ольгінка, Бугас і Валнаваха.
Дах будынку ў здымку – ідэальнае мейсца для сталага назіраньня з дапамогай вайсковага абсталяваньня за трасай Данецк-Марыюпаль (H20) і за ўсёй навакольнай шэрай зонай. Гэта ня першы зафіксаваны выпадак, калі расейскія акупацыйныя войскі выкарыстоўваюць гэты дах для разьмяшчэньня спэцабсталяваньня. У жніўні 2015 году былі зафіксаваныя расейскія баявікі, якія кіравалі з гэтай вышыні бесьпілётнікамі «Элерон-3СВ».
Нагадаем, што станцыя наземнай выведкі ПСНР-8 «Крэда-М1» паступіла ва ўзбраеньне расейскай арміі ў 2002 годзе. Стаць трафеем яна не магла, бо ва Украіну не экспартавалася. Маем чарговы факт пастаўкі Расеяй на акупаваныя тэрыторыі Украіны ўзбраеньня й тэхнікі.
Тэматычныя матар’ялы:
- Выяўленае выкарыстаньне баявікамі на Данбасе расейскіх станцыяў ПСНР-8
- Расейскі комплекс наземнай выведкі ПСНР-8М ў арсэнале НЗФ «Хан» «ДНР»
- База дадзеных і відэографіка найноўшага ўзбраеньня ЗС РФ на Данбасе
Матар’ял падрыхтаваў Відаль Сарокін.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
