InformNapalm.org (Беларуская)

Расейскі дэсантнік “спаліўся” на тачанцы “Данбаса”

Паводле артыкулу зь вікіпэдыі “Баі за Ілавайск” – цяжкія баявыя дзеяньні ў раёне Ілавайска паміж падразьдзяленьнямі сілавых структураў Украіны (ЗСУ і МУС), з аднаго боку, і збройнымі фармаваньнямі самаабвешчанае ДНР – зь іншага. Характэрна, што ва ўкраінскай вэрсыі гэтага ж артыкулу на “wiki” ў фармулёўцы прысутнічае згадка пра расейскія акупацыйныя збройныя сілы, якія непасрэдна прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях супроць украінскіх сілавікоў.

На прыкладзе яшчэ аднаго OSINT-дасьледаваньня каманды InformNapalm.org мы пакажам, як кожная памылка і кожнае нават самае звычайнае сэлфі можа стаць чарговым доказам, які будзе дададзены ў справу для будучага трыбуналу.

Нам удалося ідэнтыфікаваць яшчэ аднаго расейскага вайскоўца на Данбасе. Дэсантнік Акылбек Куванаў з Арэнбурга на сваёй старонцы “Укантакце” (архіў – https://archive.is/SgxGE) выклаў фатаздымак, дзе ён сядзіць за стырном спэцыфічнага разьбітага джыпу ў стылі мілітары:  https://archive.is/2m7om.


У вочы адразу кідаецца тое, што гэта нестандартная вайсковая тэхніка, бо на яе навараныя дадатковыя элементы брані, таксама машына мае своеасаблівую афарбоўку.

Менавіта гэтая машына знаходзілася ва ўзбраеньні батальёну “Данбас” у Ілавайску і, дзякуючы сваёй калярытнасьці, засьвяцілася на шматлікіх відэа і фатаздымках.

Было зьдзейсьненае апытаньне байцоў батальёну “Данбас”, шмат зь якіх ваююць дагэтуль. У выніку мы валодаем усёй інфармацыяй што да гэтай “тачанкі”.

Пазашляхавік маркі SsangYong быў перададзены ў батальён валантэрамі, якія і афарбавалі яго ў палявы камуфляж. Яшчэ да Ілавайска машына мела баявы досьвед, але ўжо падчас першага штурму Ілавайска расейскі снайпэр патрапіў у лабавое шкло. Пасьля гэтага было прынятае рашэньне браняваць машыну рэсорамі з МАЗа.

Пярэднія рэйкі рамы акурат прызначаныя для таго, каб на іх былі ўсталяваныя рэсорныя блёкі. Прыблізна ў той жа час бранявалі мейсца кулямётчыка з дапамогаю бранеплітаў, якія накладвалі  на звычайную сталь.

На машыну былі налепленыя шаўроны “Данбаса”.

Апошняга разу машыну бачылі 30 жніўня 2014 году ў сяле Чырвонаселькае пад Ілавайскам, куды з баямі выйшлі ўкраінскія часткі і адначасова ўзялі ў палон некалькі расейскіх дэсантнікаў і танкістаў. Пазьней відэа зь імі паказала СБУ. Цікава, што ў сябрах у сацыяльным профілі Акылбека Куванава ёсьць той самы палонны Яўген Сардаран, які на відэа ад СБУ выступае апошнім: “Яўген Ашотавіч Сардаран, 1994 году, 31-я брыгада, в/ч 73612”. Мабыць, ва Украіне 4-я рота пасьпяхова адпрацоўвала здачу ў палон з наступным атрыманьнем граматы.

Вернемся да пазашляхавіка батальёну “Данбас”, гісторыя якога дапамагла аднавіць мазаіку прысутнасьці расейскага вайскоўца на Данбасе.

У Чырвонаселькім пад акампанемэнт разрываў БК і абстрэлаў, якія ўсё працягваліся, машыну вывезьлі ў бясьпечнае мейсца, зьмянілі прабітае аскепкамі кола, але, ўсё ж, так і пакінулі дзесьці на ўскрайку. Выходзіць з атачэньня было вырашанае безь яе – вакол усё прастрэльвалася і машына сталася б дадатковай мішэньню для расейскай арміі…

Неўзабаве расейцы ўвайшлі ў сяло Чырвонасельскае, некаторыя ля ўезду рабілі нават сэлфі. А камусьці вось прыгледзелася баявая тачанка батальёнау “Данбас”.

(с) Матар’ял падрыхтаваў Anton Pavlushko адмыслова для InformNapalm.org.

Пераклад Дзяніса Івашына

Exit mobile version