InformNapalm.org (Беларуская)

Падлічыць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі дапамаглі расейскія «выбары»

У ліпені 2020 года і ў верасьні 2021 года ў Расеі адбываліся дзьве кампаніі галасаваньня, у якіх бралі ўдзел таксама грамадзяне Расеі, што знаходзіліся падчас галасаваньня ў Беларусі. Параўнаньне колькасьцяў людзей, якія прагаласавалі ў Беларусі ў 2020-м і ў 2021-м, дазволіла больш-менш дакладна акрэсьліць, сколькі расейскіх вайскоўцаў прыбылі ў Беларусь для ўдзелу ў вышкалах «Захад-2021».

1 ліпеня 2020 падчас галасаваньня па папраўкам у расейскую канстытуцыю былі задзейнічаныя шэсьць выбарчых участкаў, якія знаходзіліся ў Менску, Берасьці, Гомлі, Магілеве, Астраўцы і Ганцавічах (дзе знаходзіцца радыёлякацыйная станцыя «Волга» і, паводле дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй, дысьлякуецца некаторая колькасьць расейскіх вайскоўцаў). Тады ў агулам Беларусі прагаласавалі расейскія грамадзяне ў колькасьці 7606 чалавек, у тым ліку: Менск – 2609; Берасьце – 1020; Гомель – 424; Магілёў – 335; Астравец – 2658; Ганцавічы («Клецк-2») – 560 (вэб-архіў).

17-19 верасьня 2021 года падчас галасаваньня на выбарах у расейскую Дзярждуму былі задзейнічаныя ўжо дзевяць выбарчых участкаў: у Менску, Берасьці, Горадні, Віцебску, Гомлі, Магілеве, Бабруйску, Астраўцы і Ганцавічах. Прычым амбасада Расеі называла толькі восем зь іх, не згадваючы пра Ганцавічы (вэб-архіў).

Паводле паведамленьня прэс-службы расейскае амбасады ад 19 верасьня, прагаласавалі звыш за 11 тысячаў чалавек.

 

У адрозненьне ад мінулага году, беларускія выбарчыя ўчасткі парасьпіхалі па розных расейскіх выбарчых акругах, ад Разані да Салехарду (вэб-архіў). Напрыклад, Ганцавічы аднесеныя да выбарчае акругі ў Самарскае вобласьці, а Менск – да выбарчае акругі ў Разанскае вобласьці Расеі.

Паводле дадзеных расейскае цэнтральнае выбарчае камісыі, колькасьць выбарцаў была наступная:

 

Агульная колькасьць выбарцаў паводзе гэтых лічбаў – 11093 чалавекі.

Для зручнасьці дадзеныя за 2020 і 2021 год зьведзеныя ў табліцу.

Горад 2020 год 2021 год
Менск 2609 1596
Берасьце 1020 1704
Горадня – 396
Віцебск – 300
Гомель 424 315
Магілеў 335 234
Бабруйск – 180
Астравец 2658 2103
Ганцавічы 560 4265

 

Як бачна, ў параўнаньні зь мінулым годам значна павялічыліся лічбы ў двух гарадах – Берасьці і Ганцавічах. У Берасьці колькасьць расейскіх грамадзянаў, што галасавалі, вырасла на 684 чалавекі, а ў Ганцавічах, дзе знаходзіцца расейскі вайсковы аб’ект – нават на 3705 чалавек.

Такая колькасьць зь вялікай доляй верагоднасьці можа ўказваць на тое, што менавіта праз Ганцавічы афармлялася галасаваньне асноўнай часткі вайскоўцаў, якія прыбылі ў Беларусь на вышкалы «Захад-2021». А калі так, то гэта значыць, што лік гэтых вайскоўцаў значна перавышае афіцыйна абвешчаныя Расеяй.

Перад пачаткам вышкалаў Мінабароны Расеі паведамляла, што ў Беларусь прыбудзе да 2500 расейскіх жаўнераў (вэб-архіў).

А сапраўдная лічба, паводле прыведзеных дадзеных, можа быць у дыяпазоне ад 3700 да 4300 чалавек.

Заніжэньне расейскім абаронным ведамствам колькасьці вайскоўцаў можа быць зьвязанае з тым, што мэтай прыбыцьця часткі зь іх былі ня вышкалы, а падрыхтоўка расейскае вайсковае базы ў Беларусі пад выглядам «навучальна-баявога цэнтра».


Служба маніторынга Беларускай рэдакцыі InformNapalm

Exit mobile version