- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Падлічыць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі дапамаглі расейскія «выбары»

У ліпені 2020 года і ў верасьні 2021 года ў Расеі адбываліся дзьве кампаніі галасаваньня, у якіх бралі ўдзел таксама грамадзяне Расеі, што знаходзіліся падчас галасаваньня ў Беларусі. Параўнаньне колькасьцяў людзей, якія прагаласавалі ў Беларусі ў 2020-м і ў 2021-м, дазволіла больш-менш дакладна акрэсьліць, сколькі расейскіх вайскоўцаў прыбылі ў Беларусь для ўдзелу ў вышкалах «Захад-2021».

1 ліпеня 2020 падчас галасаваньня па папраўкам у расейскую канстытуцыю былі задзейнічаныя шэсьць выбарчых участкаў, якія знаходзіліся ў Менску, Берасьці, Гомлі, Магілеве, Астраўцы і Ганцавічах (дзе знаходзіцца радыёлякацыйная станцыя «Волга» і, паводле дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй, дысьлякуецца некаторая колькасьць расейскіх вайскоўцаў). Тады ў агулам Беларусі прагаласавалі [1] расейскія грамадзяне ў колькасьці 7606 чалавек, у тым ліку: Менск – 2609; Берасьце – 1020; Гомель – 424; Магілёў – 335; Астравец – 2658; Ганцавічы («Клецк-2») – 560 (вэб-архіў [2]).

17-19 верасьня 2021 года падчас галасаваньня на выбарах у расейскую Дзярждуму былі задзейнічаныя ўжо дзевяць выбарчых участкаў: у Менску, Берасьці, Горадні, Віцебску, Гомлі, Магілеве, Бабруйску, Астраўцы і Ганцавічах. Прычым амбасада Расеі называла толькі восем [3] зь іх, не згадваючы пра Ганцавічы (вэб-архіў [4]).

[5]

Паводле паведамленьня прэс-службы расейскае амбасады ад 19 верасьня, прагаласавалі звыш за 11 тысячаў чалавек.

[6]

 

У адрозненьне ад мінулага году, беларускія выбарчыя ўчасткі парасьпіхалі [7] па розных расейскіх выбарчых акругах, ад Разані да Салехарду (вэб-архіў [8]). Напрыклад, Ганцавічы аднесеныя да выбарчае акругі ў Самарскае вобласьці, а Менск – да выбарчае акругі ў Разанскае вобласьці Расеі.

Паводле дадзеных расейскае цэнтральнае выбарчае камісыі, колькасьць [9] выбарцаў была наступная:

 

[11]

Агульная колькасьць выбарцаў паводзе гэтых лічбаў – 11093 чалавекі.

Для зручнасьці дадзеныя за 2020 і 2021 год зьведзеныя ў табліцу.

Горад 2020 год 2021 год
Менск 2609 1596
Берасьце 1020 1704
Горадня 396
Віцебск 300
Гомель 424 315
Магілеў 335 234
Бабруйск 180
Астравец 2658 2103
Ганцавічы 560 4265

 

Як бачна, ў параўнаньні зь мінулым годам значна павялічыліся лічбы ў двух гарадах – Берасьці і Ганцавічах. У Берасьці колькасьць расейскіх грамадзянаў, што галасавалі, вырасла на 684 чалавекі, а ў Ганцавічах, дзе знаходзіцца расейскі вайсковы аб’ект – нават на 3705 чалавек.

Такая колькасьць зь вялікай доляй верагоднасьці можа ўказваць на тое, што менавіта праз Ганцавічы афармлялася галасаваньне асноўнай часткі вайскоўцаў, якія прыбылі ў Беларусь на вышкалы «Захад-2021». А калі так, то гэта значыць, што лік гэтых вайскоўцаў значна перавышае афіцыйна абвешчаныя Расеяй.

Перад пачаткам вышкалаў Мінабароны Расеі паведамляла [12], што ў Беларусь прыбудзе да 2500 расейскіх жаўнераў (вэб-архіў [13]).

А сапраўдная лічба, паводле прыведзеных дадзеных, можа быць у дыяпазоне ад 3700 да 4300 чалавек.

Заніжэньне расейскім абаронным ведамствам колькасьці вайскоўцаў можа быць зьвязанае з тым, што мэтай прыбыцьця часткі зь іх былі ня вышкалы, а падрыхтоўка расейскае вайсковае базы ў Беларусі пад выглядам «навучальна-баявога цэнтра».


[14]Служба маніторынга Беларускай рэдакцыі InformNapalm