Ідэнтыфікаваны вайсковец-кантрактнік 4-й Цхінвальскай расейскай акупацыйнай вайсковай базы, прыкамандыраваны да НЗФ «Чабурашка».
На працягу сваёй трохгадовай дзейнасьці міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm ідэнтыфікавала больш за 75 вайсковых частак ЗС РФ, сілы й сродкі якіх выкарыстоўваюцца ў неабвешчанай вайне супроць Украіны. Большая частка выяўленых падразьдзяленьняў прыпадае на войскі Паўднёвае вайсковае акругі (ПВА), у тым ліку на расейскія вайсковыя базы, разгорнутыя ў акупаваных рэгіёнах Грузіі.
Пра «растоўска-ўкраінскія камандыроўкі» вайскоўцаў 7-й расейскай акупацыйнай вайсковай базы 49-й арміі ПВА (в/ч 09332, г. Гудаўта, Абхазія, Грузія) маецца ўжо вельмі вялікі аб’ём інфармацыі. Гэтае злучэньне фігуруе ў 28 (!) нашых расьледаваньнях, ягоная «данбаская эпапея» адбывалася на працягу ўсяе расейскае вайсковае агрэсіі з 2014 па 2016 гады.
Але пра ўдзел у вайне супроць Украіны вайскоўцаў 4-й расейскай акупацыйнай вайсковай базы 58-й арміі ПВА (в/ч 66431, Цхінвальскі рэгіён (так званая Паўднёвая Асэтыя), Грузія) маецца няшмат сьведчаньняў. Адным з найбольш рэзанансных эпізодаў, зьвязаных з 4-й в/базай, сталася фіксацыя тэхнікі гэтага злучэньня на Данбасе, у прыватнасьці бронеаўтамабіляў «Выстрел» (рас., КамАЗ 43269) напрыканцы 2014 – напачатку 2015 году, гл. “Расейскія бронеаўтамабілі з акупацыйнай базы ў Цхінвалі (Грузія) перакінутыя ў Луганск”. Аднак інфармацыі пра непасрэдны ўдзел вайскоўцаў 4-й базы ў вайне супроць Украіны дагэтуль не было.
У выніку новага OSINT-расьледаваньня быў ідэнтыфікаваны вайсковец кантрактнай службы гэтага злучэньня, які прайшоў праз «украінскую камандыроўку».
Аб’ект расьледаваньня
Андрэй Сяргеевіч Вярцелка
Пачынаючы з жніўня 2015 году зафіксаваны на Данбасе ў складзе НЗФ на наваазоўскім напрамку, у прыватнасьці, у так званай 3-яй сталінградзкай роце батальёну «Чабурашка».
У сацыяльных сетках: “VK1” (архівы профілю, фотаальбому 1, 2, кантактаў) неактыўны, “VK2” (архівы профілю, фотаальбому 1, 2, кантактаў) актыўны.
Фатаздымкі з акупаванага Расеяй Цхінвальскага рэгіёну Грузіі, выкладзеныя ў фотаальбомах А. Вярцелкі, сьведчаць пра тое, што ён з 2013 году й пазьней падчас «украінскай камандыроўкі» ў 2015 годзе быў вайскоўцам 4-й вайсковай базы. Наўпроставым фотасьведчаньнем ёсьць здымак, апублікаваны ў сьнежні 2013 г., у якім ён пазуе з СВДс на тле спустошанага й зьнішчанага расейскімі акупантамі грузінскага сяла і фатаздымкі зь вясны і лета 2015 году: фота на тле характэрнай для 4-й базы зялёнай казармы (фігурант пазначаны чырвонаю стрэлкай), панарамны здымак ідэнтычнае казармы, фота з выявай статуі св. Георгія.
Было высьветленае, што да перакідваньня на Данбас, увесну 2015 году, А. Вярцелка праходзіў падрыхтоўку для атрыманьня вайсковай спэцыяльнасьці апэратара БПЛА ў падмаскоўнай Каломне, дзе месьціцца Цэнтар баявога выкарыстаньня бесьпілётнае авіяцыі (пра гэта сьведчаць пазначэньні геалякацыі на некалькіх фатаздымках).
З дапамогаю здымкаў з гэтай жа сэрыі (частка зь іх выкладзеная ў другім профілі фігуранту пазьней, у 2016 годзе) быў ідэнтыфікаваны таварыш у службе Вярцелкі з 4-й в/базы Алан Кяўросаў (пазначаны сіняю стрэлкай), разам зь якім наш фігурант навучаўся ў школе малодшых спэцыялістаў для атрыманьня спэцыяльнасьці апэратару БПЛА.
Пра А. Кяўросава была атрыманая наступная інфармацыя.
Алан Казбегавіч Кяўросаў
Згодна з пазначаным статусам «удзельніка баявых дзеяньняў» і сувязю з галоўным фігурантам А. Вярцелкам, Кяўросаў таксама ўдзельнічаў у неабвешчанай вайне супроць Украіны. З вайсковай службы звольнены ў 2016 годзе паводле артыкулу «невыкананьне умоваў кантракту», меркаваная прычына – адмова ад чарговай «украінскай камандыроўкі».
У сацыяльных сетках: “VK1” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў) актыўны, “VK2” і “VK3” неактыўныя профілі. Рэзюмэ на сайце «Кар’ерыст».
Паводле нашых ацэнак, малая колькасьць інфармацыі пра ўдзел вайскоўцаў 4-й вайсковай базы ў вайне супроць Украіны абумоўленая аб’ектыўнымі фактарамі: 4-я вайсковая база ў адрозьненьне ад 7-й вайковай акупацыйнай базы 49-й арміі, якая досыць часта фігуруе ў кантэксьце «растоўска-ўкраінскіх камандыровак», падпарадкоўваецца камандаваньню 58-й арміі і геаграфічна знаходзіцца на досыць вялікай адлегласьці ад мяжы з Украінай.
Напрыклад, калі перакідваньне БТГр 7-й в/б з Абхазіі ў Растоўскую вобласьць зьдзяйсьняецца чыгуначным транспартам і ня мае асаблівых праблемаў, то ў выпадку з 4-й базай усё інакш: бліжэйшая чыгуначная станцыя пагрузкі знаходзіцца за Каўказскім хрыбтом і для перакідваньня тэхнікі й асабовага складу давядзецца зьдзейсьніць шматкілямэтровы марш з Цхінвалі і Джавы ў Паўночную Асэтыю. З улікам складанага горнага рэльефу і сэзонна-кліматычных умоваў гэта не заўсёды магчыма дый складана, у тым ліку з пункту гледжаньня расходу мотарэсурсу асноўнае баявое адзінкі – танка Т-72, БМП-2 і іншай гусенічнай тэхнікі – якая маецца ва ўзбраеньні гэтага злучэньня.
Апроч гэтага, сьлед улічваць і сыстэму камплектаваньня асабовага складу 4-й акупацыйнай базы: на ёй пераважна служаць тэрміноўцы, але не кантрактнікі. Калі злучэньні ПВА – 7-я в/б, 17-я, 8-я і іншыя мотастралковыя брыгады ўвесь час прыцягваюцца да так званых растоўска-ўкраінскіх камандыровак, то 4-я база абмяжоўваецца асобнымі кантрактнікамі (або дробнымі групамі кантрактнікаў), якія ваююць у складзе НЗФ на Данбасе, знаходзяцца ў штаце гэтага злучэньня й атрымліваюць заробак і камандыровачныя.
Заўвага: сьлед зазначачыць тытанічную працу Цэнтра «Міратворац» што да фіксацыі сэпаратыстаў, наймітаў і кадравых вайскоўцаў РФ. Інфармацыя пра А. Вярцелку занесеная ў базу дадзеных «Чысьцец» «Міратворца» у студзені 2017 году. У ёй наш фігурант фігуруе як баявік НЗФ, аднак не выключаная і ягоная мажлівая прыналежнасьць да ЗС РФ. Здагадка, як мы бачым, была слушнаю.
-
Даведка пра склад і ўзбраеньне 4-й вайсковай базы
4-я гвардзейская Вапнярска-Бэрлінская Красназнамённая ордэнаў Суворава й Багдана Хмяльніцкага вайсковая база, в/ч 66431 (Грузія, Паўднёвая Асэтыя, г. Цхінвалі і пас. Джавы).
Структура: кіраваньне, 4 мотастралковыя батальёны, стралковая рота (снайпэраў), танкавы батальён, 1-й гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, 2-і гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, рэактыўны артылерыйскі дывізыён, процітанкавы артылерыйскі дывізыён, зэнітны ракетна-артылерыйскі дывізыён, выведвальны батальён, рота БПЛА, інжынэрна-сапёрны батальён, рота РХБА, батальён кіраваньня (сувязі), рота РЭБ, батарэя кіраваньня й артылерыйскай выведкі (начальніка артылерыі), узвод кіраваньня й радыёлякацыйнай выведкі (начальніка супрацьпаветранай абароны), узвод кіраваньня (начальніка выведвальнага аддзяленьня), рамонтна-аднаўленчы батальён, батальён матар’яльнага забесьпячэньня, камэнданцкая рота, мэдычная рота, узвод інструктараў, узвод трэнажэраў, палігон, аркестар.Ва ўзбраеньні: 40 адз. Т-72БМ, 1 адз. Т-72БК, 120 адз. БМП-2, 36 адз. БТР-80, 15 адз. МТ-ЛБ, 18 адз. БМ-21 «Град», 36 адз. 152-мм СД 2С3М «Акацыя», 18 адз. 120-мм мінамётаў 2С12 «Сані», 12 адз. 100-мм гарматаў МТ-12 «Рапіра», 12 адз. самаходных ПТРК 9П149 «Штурм-С», 4 адз. БРДМ-2, 6 адз. БМ 9А34(35) «Страла-10», 6 адз. ЗСУ 2С6М «Тунгуска», 27 адз. ПЗРК 9К38 «Ігла».
У складзе базы: зэнітны ракетны дывізыён ЗРК 9К37 «Бук-М1»: КП 9С470M1, станцыя выяўленьня й цэлепазначэньня 9С18M1 «Купал-М1», узвод сувязі й тры зэнітныя ракетныя батарэі з дзьвюма самаходнымі вагнявымі ўстаноўкамі 9А310M1 і адной пуска-ладавальнай устаноўкай 9А39 у кожнай, падразьдзяленьні тэхнічнага забесьпячэньня й абслугоўваньня.
Дапаможныя сродкі: рэактыўная артылерыйская батарэя РСЗВ 9К58 «Сьмерч» (439-я РэАБр, в/ч 48315): дзьве мабільныя 12-ствольныя баявыя машыны 9А52 (9А52-2) і адная транспартна-ладавальная машына 9Т234 (9Т234-2); ракетная батарэя на АТРК 9К720 «Іскандэр-М» (1-я РБР, в/ч 31853): 2 адз. СПУ 9П78-1 і 2 адз. ТЗМ 9Т250.
Крыніца: milkavkaz.net.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
