Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm зьдзейсьнілі ідэнтыфікацыю вайскоўца 137-га асобнага выведвальнага батальёну (АВБ) ЗС РФ, які быў прыкамандыраваны ў падразьдзяленьні бандфармаваньняў «ДНР» і знаходзіўся ва акупаваным Данецку.
З пачатку акупацыі Крыма ў РФ пачалі прапагандаваць культ расейскага вайскоўца. Аднак увесь гераізм «ветлівага акупанта», які падаюць расейскія СМІ, зьнікае адразу пасьля таго, як толькі ў Сеціве публікуюць доказы ягоных вайсковых злачынстваў і незаконнага знаходжаньня на тэрыторыі іншае незалежнае дзяржавы. Аналягічна прусакам, якія бягуць падчас запаленьня сьвятла ў пакоі, расейскія жаўнеры, спалоханыя праз выкрыцьцё сваёй прысутнасьці ва Украіне, цалкам выдаляюць свае профілі ў сацыяльных сетках, зь якіх мы папярэдне захавалі фота- і відэасьведчаньні іхных вайсковых злачынстваў.
Падобны прыклад мы апісвалі ў матар’яле: «Дэвіз 66-й брыгады сувязі ЗС РФ: «Я не баязьлівец, але баюся»». Дарэчы, нядаўна зьдзейсьніўшы дадатковы аналіз выдаленага профілю расейскага вайскоўца з 66-й брыгады сувязі ЗС РФ, мы вызначылі яшчэ адное мейсца ейнае дысьлякацыі – будынак Гаспадарчага суду ва акупаваным украінскім Данецку.
#OSINT детали.Зимой 2015 66-я бригада связи #ВСРФ "проживала" в здании Хозсуда Донецка(см.картина на стене) pic.twitter.com/4NFksqkVRz
— Victory Krm (@KrmVictory) January 2, 2017
У гэтым OSINT-расьледаваньні пададзеная інфармацыя пра вайскоўца 137-га асобнага выведвальнага батальёну ЗС РФ з Нара-Фамінска (в/ч 54919) Івана Скарабагатава. Нарадзіўся 12.02.1990 г., мейсца жыхарства – г. Арэнбург. Асабістыя дадзеныя пацьверджаныя празь інфармацыю з сайта знаёмстваў, на якім Скарабагатаў мае псэўданім “Енокентий” (рас.).
У атласе падарожжаў сайту знаёмстваў пазначанае, што 04.05.2015 г. Скарабагатаў быў ва Украіне.
На жаль, фігурант нашага матар’ялу вельмі хутка выдаліў свой профіль у сацсеціве “VK”, але мы пададзім скрыншоты ягонае старонкі, а таксама супольныя фатаздымкі зь іншымі баявікамі, якія ўдалося захаваць.
Прыналежнасьць Скарабагатава да 137-га АВБ пацьверджаная фотасьведчаньнямі (1, 2) з таварышамі ў службе ў Нара-Фамінску ў форме з шаўронамі гэтага падразьдзяленьня.
137-ы асобны выведбат уваходзіць у склад 4-й гвардзейскай танкавай Кантэміраўскай дывізыі.
-
Структура дывізыі (в/ч 19612)
- Кіраваньне
12-ы гвардзейскі танкавы Шапятоўскі Красназнамённы ордэнаў Суворава й Кутузава 2-й ступені полк імя маршала бранятанкавых войскаў П.П. Палубаярава, в/ч 31985, Нара-Фамінск - 13-ы гвардзейскі танкавы Шапятоўскі Красназнамённы ордэнаў Суворава й Кутузава 2-й ступені полк, в/ч 32010, Нара-Фамінск
- 423-ы гвардзейскі мотастралковы Ямпольскі Красназнамённы ордэнаў Суворава й Кутузава полк, в/ч 91701, Нара-Фамінск
- 275-ы самаходна-артылерыйскі Тарнопольскі Красназнамённы ордэнаў Суворава й Кутузава полк, в/ч 73941, Нара-Фамінск
- 538-ы гвардзейскі зэнітны ракетны Тарнапольскі ордэна Аляксандра Неўскага полк, в/ч 51383, Нара-Фамінск
- 137-ы асобны выведвальны Дэмбіцкі Красназнамённы ордэна Аляксандра Неўскага 2-й ступені батальён, в/ч 54919, Нара-Фамінск
- 413-ы асобны Дэмбіцкі ордэна Чырвонай зоркі батальён сувязі, в/ч 56132, Нара-Фамінск
- 330-ы асобны інжынэрна-сапёрны Тарнапольскі батальён, в/ч 80808, Нара-Фамінск
- 1088-ы асобны батальён матар’яльнага забесьпячэньня, в/ч 56164, Нара-Фамінск
- 165-ы асобны мэдычны батальён, в/ч 57069, Нара-Фамінск
- Кіраваньне
Напачатку 2016 году дывізыя ўвайшла ў склад паноўна сфармаванай 1-й гвардзейскай танкавай арміі. У матар’ялах нашых папярэдніх расьледаваньняў мы падавалі інфармацыю пра дысьлякацыю падразьдзяленьняў гэтай дывізыі ля мяжы з Украінай (1 , 2).
Такім чынам, Скарабагатаў у 2015 годзе быў на Данбасе. Праз вывучэньне сьпісу ягоных кантактаў, нам удалося вызначыць, што ён знаходзўся ў складзе выведпадразьдзяленьня аднаго з бандфармаваньняў «ДНР». Гэтая інфармацыя пацьверджаная фатаздымкам з 14.10.2015 г., які фігурант выдаліў з свайго фотаальбому, але ён таксама быў выкладзены ягоным таварышам-баявіком.
На расейскім сайце спрашивай.ру адказваючы на пытанне Скарабагатаў паведаміў, што ягоны ўлюбёны парк – парк Шчарбакова. Гэты парк знаходзіцца ва акупаваным Данецку. Спрабуючы ўсталяваць зь ім кантакт, мы запыталі фігуранта, што ж ён рабіў ва Украіне. Цалкам магчыма, гэтае пытаньне і сталася прычынаю «геройскага» выдаленьня ягонага профілю.
Па вяртаньні дадому напрыканцы 2015 году Скарабагатаў працягнуў службу ў Расеі. Мэдаль за вайсковыя дзеяньні ва Украіне ён не атрымаў, але быў узнагароджаны мэдалём як удзельнік вайсковага параду ў складзе 4-й гвардзейскай танкавай дывізыі на Краснай плошчы ў Маскве 9 траўня 2016 году.
Як той казаў, дробязь, але, мабыць, Скарабагатаву і ягонай сям’і было прыемна. Ягоная дзяўчына, Сьвятлана Яфрэмава, вельмі ганарыцца каханым, мажліва, нават ня ведае пра ягоны ўдзел у падступнай вайсковай агрэсіі супроць Украіны.
Мы паспрабавалі аб’яднаць гэтыя факты і сьляды знаходжаньня на Данбасе, пакінутыя расейскім вайскоўцам Скарабагатавым. Нягледзячы на ягоную спробу выдаліць усе доказы, на старонках нашага рэсурсу яны даступныя для грамадзкасьці і будуць запатрабаваныя падчас далейшага разгляду справаў, зьвязаных з міжнароднымі вайсковымі злачынствамі РФ. Вось ён, “расейскі акупант прусак”, які стрымгалоў бяжыць ад полымя фактаў – спрабуе залезьці ў шчыліну, але застаецца для ўсіх навідавоку.
Матар’ял падрыхтавала Victory Krm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
