InformNapalm.org (Беларуская)

На дзялянцы мяжы з Харкаўскай вобласьцю Украіны расейцы разгарнулі станцыю РЭВ «Сынтэз»

18 жніўня 2016 г. Памежная служба Украіны апублікавала фатаздымак і невялікае апісаньне радыётэхнічнага комплексу, разгорнутага Збройнымі сіламі РФ насупраць памежных  украінскіх падразьдзяленьняў у Харкаўскае вобласьці, на адлегласьці ля 2,5 км ад дзяржаўнае мяжы з Украінай. Пры гэтым памежная служба не падае поўную інфармацыю пра тып комплексу, а таксама ягоную прыналежнасьць. Паведамляецца, што мабільныя пасты радыётэхнічнае выведкі, пеленгаваньня й радыётэхнічнае барацьбы зьявіліся тут напачатку жніўня – у той жа час, калі на тэрыторыі часова акупаванага Крыма адбыліся сумнавядомыя правакацыі.

На падставе гэтых агульных дадзеных OSINT-група міжнароднае супольнасьці InformNapalm зьдзейсьніла «глыбокую выведку», у выніку якой атрымала дадатковую інфармацыю. Мы ідэнтыфікавалі: 1) дакладнае мейсца знаходжаньня гэтых сыстэмаў; 2) іхны тып; 3) прыналежнасьць да канкрэтнай вайсковай часткі ЗС РФ.

Як было зазначанае вышэй, інфармацыя пра гэтую станцыю ў адкрытым доступе практычна адсутнічае, за выключэннем хіба што асобных фатаздымкаў на спэцыялізаваных форумах з 2012 году. У прыватнасьці, гэта фатаздымкі з пасёлку Прымор’е Калінінградзкай вобласьці РФ (архіў 1, архіў 2).

Апроч гэтага, фота станцыі было апублікаванае ў сьнежні 2013 году ў адным з папулярных расейскіх блёгаў, прысьвечаных вайсковай тэматыцы. У блёгу пададзенае фота гэтай станцыі, зробленае ў ваколіцах Сочы. Характэрна тое, што расейскія экспэрты не змаглі ідэнтыфікаваць гэтую станцыю, пазначалі яе аналягам украінскае «Кальчугі» і іншымі сродкамі радыёэлектроннай выведкі.

Фота ў пас. Прымор’е Калінінградзкай вобласьці

Фота ў пас. Прымор’е Калінінградзкай вобласьці

Фота з форуму, 2013 год

Ну а фатаздымкі тых жа комплексаў, што і ў паведамленьні Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, былі выяўленыя дзякуючы «чальцу ўкраінскае ДВГ» – вайскоўцу асназу зь Вязьмы Аляксею Кабанаву (профіль, фотаальбом), які і надаў магчымасьць ідэнтыфікаваць сродкі выведкі.

Тэхніка была вызначаная паводле фатаздымкаў, выкладзеных увесну-ўлетку 2016 году.

Нагадваем, што вайскоўцы 82-й АРТБр ужо пасьпелі пакінуць сьляды на Данбасе ў 2014 годзе, пра што вядзецца ў адным з расьледаваньняў InformNapalm. Таксама ўвесну 2015 году ў Валуйскім раёне Белгарадзкай вобласьці ля самай мяжы з Украінай мы выявілі падразьдзяленьне радыётэхнічнай выведкі з складу 146-й радыётэхнічнай брыгады (в/ч 75752, Бугры, Ленінградзкая вобл.), якое знаходзілася там у так званай баявой варце.

Згодна з вышэйпададзеным і з улікам падзеяў апошніх дзён, можна канстатаваць, што Расея задумала вялікую гульню стратэгічнага характару. Вышкалы ЗС РФ ахопліваюць ня толькі акупаваны Крым і Данбас, але і ў сумежныя з Украінаю раёны Расеі, дзе разгортваецца новая магутная інфраструктура. Усё гэта адбываецца напярэдадні вышкалаў «Каўказ-2016», пад прыкрыцьцём якіх сьлед чакаць розных сюрпрызаў, як гэта было, напрыклад, падчас уварваньня ў Грузію – напрыканцы вышкалаў «Каўказ-2008».


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледавання міжнароднае супольнасьці InformNapalm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

 (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version