- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Расея пагражае дубінай Паўднёваму Каўказу

Абвастрэньне сытуацыі ў Нагорным Карабаху і баявыя дзеяньні між Азэрбайджанам і так званай Нагорна-Карабахскай Рэспублікай можа перайсьці ў больш маштабны канфлікт, у які могуць быць ўцягнутыя і іншыя дзяржавы. У выпадку вызнаньня «НКР» Арменіяй і легалізацыі вайсковай падтрымкі баявікоў «Арміі абароны Нагорнага Карабаха», Расея, як гарант (не)бясьпекі Арменіі, аўтаматычна стае бокам канфлікту, што можа спрычыніцца да ўмяшальніцтва Турэччыны на баку Азэрбайджана. У гэты замес патрапляе і Грузія, якая тэрытарыяльна аддзяляе Расею ад ейнага хаўрусьніка – Арменіі. У зьвязку з гэтым, на фоне абвастрэньня сытуацыі на Паўднёвым Каўказе InformNapalm падае невялікі аналіз вайскова-стратэгічнай сытуацыі, якая пануе зараз у рэгіёне.

Рэмарка: “Однажды русский генерал Вдоль по Кавказу проезжал и грузинскую он песню по … армянски напевал” (рус., паводле матываў песьні з фільму “Не бядуй [1]”, рэжысэр Георгі Данэлія).
Прайшло паўгоду з моманту публікацыі аналітычнага артыкулу ““Усходні транзыт”: Грузія пад пагрозай страты сувэрэнітэту [2]”, у якім вялося пра пляны Крамля адкрыць праз Грузію транспартны калідор з выхадам на Арменію і далей празь Іран у Сірыю. Гэтую думку ня проста так агучылі расейскімі СМІ, якія абслугоўваюць Крэмль. Яны пазначылі парляманцкія выбары ў Грузіі, прызначаныя на восень 2016 года, як спрыяльны чыньнік для рэалізацыі плянаў краіны-акупанту – Расеі – дзеля выкарыстаньня грузінскай тэрыторыі як транзытнага калідору. Аднак «дывановую дарожку» для расейскага крывавага транзыту грузіны раскладваць не зьбіраюцца: любыя спробы РФ прабіць транспартны калідор сілаю будуць разгледжаныя як чарговы факт расейскага замаху на сувэрэнітэт і незалежнасьць Грузіі.
У гэтым аглядзе мы ня маем намеру аналізаваць армяна-азэрбайджанскі канфлікт у Нагорным Карабаху. Некаторая інфармацыя была пададзеная ў нядаўняй публікацыі “Карабах і Данбас: паралелі між двума менскімі працэсамі [3]”. Гэтыя каўказскія дзяржавы даўно самі б вырашылі свае спрэчныя пытаньні, калі б не «мэдыятарства» Расеі, якая, з аднаго боку, зьяўляецца хаўрусьнікам і гарантам (не)бясьпекі Арменіі, зь іншага ж боку, гэта не зашкодзіла ёй падзарабіць мільярды на пастаўках найноўшага ўзбраеньня ў Азэрбайджан.
Якую ж вайсковую сілу мае Расея ў Арменіі?
102-я Красназнамённая вайсковая база Паўднёвае вайсковае акругі – в/ч 04436, юрыдычная адрэса: г. Растоў-на-Доне, Будзёнаўскі пр., 43, фактычная: г. Гюмры, Арменія. Структура вайсковай базы нагадвае структуру звычайнай мотастралковай брыгады зь некаторымі сродкамі ўзмацненьня. Гэта тры мотастралковыя батальёны, рота снайпэраў, танкавы батальён, гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, рэактыўны артылерыйскі дывізыён, супрацьтанкавы артылерыйскі дывізыён, зэнітны ракетны дывізыён, зэнітны ракетна-артылерыйскі дывізыён, выведвальны батальён, рота БПЛА, інжынэрна-сапёрны батальён, рота РХБА, батальён сувязі, рота РЭБ і іншыя падразьдзяленьні забесьпячэньня.

cnfhfz
Ва ўзбраенні ёсць ля 40 адз. танкаў Т-72Б, 120 адз. БМП-2, 18 адз. РСЗВ БМ-21 «Град», 18 адз. 122-мм самаходных гаўбіцаў 2С1 «Гвазьдзіка», 24 адз. 120-мм мінамётаў 2С12 «Сані», 12 адз. 100-мм супрацьтанкавых гарматаў МТ-12 «Рапіра», 12 адз. самаходных ПТРК 9П148 «Конкурс», 36 адз. БТР-70/80, 4 адз. БРДМ-2, 6 адз. БМ 9А34(35) «Страла-10», 2 адз. ЗСУ 23-04 «Шылка», 6 адз. Зу-23-02 і інш.
Асобна варта вылучыць выведвальную роту кіраваньня, якая ўкамплектаваная вайскоўцамі 10-й (в/ч 51532, п. Молькіна, Краснадарскі край) і 22-й (в/ч 11659, г. Батайск і п. Сьцяпны, Растоўская вобл.) брыгадаў спэцыяльнага прызначэньня ГРУ, якія служаць паводле ратацыйнага прынцыпу, зьдзяйсьняючы ў Арменіі баявую падрыхтоўку (у тым ліку і на горным палігоне), а таксама рэкагнасцыроўкі мясцовасьці.
Таксама ў склад вайсковай базы ўваходзяць: 988-й зэнітна-ракетны полк  – в/ч 81594 (г. Гюмры), у ягоным узбраенні і на баявой варце маецца зэнітны ракетны дывізыён ЗРК С-300В, зэнітны ракетны дывізыён ЗРК 9K37M1-2 «Бук- М1-2» і 3624-я авіяцыйная база, в/ч 63530 (г. Ерэван, а/б «Эрэбуні»): 18 адз. МіГ-29, 2 адз. МіГ-29УБ, 8 адз. Мі-24П, 7 адз. Мі-8.
Апроч гэтага, нядаўна Расея перакінула ў Арменію батарэю РСЗВ 9К58 «Сьмерч» (з складу 439-й РАБр, г. Знаменск, Астраханская вобл.) – 2 БМ і адна транспартна-зараджальная.
Палігоны: Камхуд – за 18 км ад Гюмры, Алагёз – за 70 км ад Гюмры, Памбак – горны палігон для выведнікаў, Нубарашэн – пад Ерэванам і Акцембэран (Баграмян) – вялікі палігон, на якім адбываюцца армяна-расейскія вышкалы.
Сілы нібы дочыць значныя, але праз тое, што 102-я вайсковая база практычна ізаляваная ад асноўных сілаў, і праз наяўнасьць новага верагоднага (і цалкам рэальнага) супраціўніка ў асобе Турэччыны, гэта нішто. Тым болей, што большая частка ўзбраеньня й тэхнікі расейскай вайсковай базы ў Арменіі састарэлая, вырабленая яшчэ за савецкім часам, частка яе замартызаваная і/або часткова няспраўная. Не выклікае аптымізму і асабовы склад вайсковай базы, а таксама атмасфэра, якая пануе, як у самім вайсковым злучэньні, гэтак і вакол яго: стаўленьне мясцовага насельніцтва да замежных «абаронцаў» значна пагоршылася пасьля забойства расейскім жаўнерам армянскай сям’і з 7 чалавек у студзені 2015 году [4].

-ej0DyQOM0Y [5]

kObcYoOiwUk [6]

Армяне не надта любяць расейцаў, але з шэрагу прычынаў вымушаныя мірыцца зь іхнай прысутнасцю. Адносіны мясцовых з расейскімі вайскоўцамі можна ахарактарызаваць як «таварна-грашовыя» на ўзаемавыгаднай аснове (сфэра паслугаў, крамы і шмат іншае ў Гюмры працуе на расейскіх вайскоўцаў), але ня болей за гэтае.
Колькасьць асабовага складу базы – ля 4 тысячаў чалавек. Гэта афіцэры-расейцы, якія служаць там працяглы час, мясцовыя армяне-прапаршчыкі, невялікі лік кантрактнікаў з Расеі, а таксама асноўная маса сяржанцкага i шараговага складу ў выглядзе рэкрутаў-тэрміноўцаў, накіраваных на службу ў Арменію. Варта зазначыць, што служба сяржанцкага-шараговага складу вайсковай базы мае ратацыйны прынцып, трывае ў сярэднім 5-6 месяцаў. З Расеі ў Арменію на базу ў Гюмры два разы на год – увесну і ўвосень – накіроўваюцца жаўнеры, якія прайшлі праз профільныя навучальныя цэнтры з рознымі вайскова-ўліковымі спэцыяльнасьцямі (малодшыя камандыры, разьлікі танкаў і БМП, спэцыялісты СПА і інш.), а таксама жаўнеры, якія адслужылі паўгоду ў розных злучэньнях ПВА (136-я АМСБр, Дагестан; 19-я АМСБр, Паўночная Асэтыя; 205-я АМСБр, Стаўрапальскі край; 34-я АМСБр горная, Карачаева-Чаркесія і г.д.). Попыт на 18-19-гадовых вайскоўцаў тэрміновае службы, якія лічаць дні да дэмбеля, невялікі. Баявая падрыхтоўка на базе няякасная, з жудаснай інфраструктурай, якая развальваецца на цаглінкі, і жахлівымі бытавымі ўмовамі, затое паборы і “неўстаўшчына” бацькоў-камандыраў і старшынаў-кантрактнікаў у дачыненьні да жаўнераў мае «лепшыя» расейскія традыцыі. Некаторыя падрабязнасьці пра гэта можна знайсьці ў запісах групы «VK» 102-й базы, у паведамленьнях [7] Васіля Лявонава, які некалькі гадоў таму праходзіў тэрміновую службу ў Гюмры.

x_506897c9
Васіль Лявонаў (пакідаем у арыгінале): “…Техника 70–80-х годов прошлого столетия. Был марш на полигон Алагяз – 80 км, из 17 БМП-2 доехали только 3!!! Ещё картина интересная была – одна Шилка ездиет, но стрелять не может, тащит на тросу вторую, которая стреляет, но сама передвигаться не может. В первом мотострелковом батальоне в оружейке было два миномёта 1942 года выпуска…” ” Если теперь 10000 рублей зарплата у срочников стала, то офицерам за своей зарплатой в банкомат ходить не надо – представте мотострелковый батальон: 600 человек, умножаем на 10000, получается, в месяц комбат соберёт 600000 тысяч рублей. Допустим, половину он отдаст наверх, ещё 150 тысяч – на всех офицеров и прапорщиков батальона и 150 тыщ себе в карман.”

sssg
У выпадку ўскладненьня сытуацыі ў зоне карабахскага канфлікту і поўнамаштабнага ўцягваньня Арменіі ў вайну, Крэмль абавязкова будзе спрабаваць узмацніць сваю вайсковую базу ў Гюмры. На першым этапе адбудзецца перакідваньне асабовага складу і ўзбраеньня праз паветра. Цалкам мажліва, гэта будуць ротна-тактычныя групы з Паветрана-дэсантных войскаў ЗС РФ, якія ў 2012 годзе ўжо адпрацавалі гэты сцэнар у межах вышкалаў АДКБ [8]. Паралельна не выключанае зьяўленьне асобных групаў расейскіх «добраахвотнікаў» і «адпускнікоў» у зоне карабахскага канфлікту, да гэтага ўжо ёсьць некаторыя перадумовы. У той жа час на старт гатоўнасьці да перакідваньня будуць пераведзеныя мабільныя батальёна-тактычныя групы перадавых расейскіх акупацыйных базаў на акупаваных тэрыторыях Грузіі (4-я в/база ў Цхінвальскім рэгіёне і 7-я в/база ў Абхазіі), а таксама падразьдзяленьні злучэньняў і вайсковых частак Паўднёвае вайсковае акругі, якія за апошнія два гады атрымалі значны баявы досьвед у выніку неабвешчанае вайны РФ супроць Украіны на Данбасе і пазьней, у Сірыі.
Расейскі тэлеканал «Звезда» (рас.) і іншыя СМІ [9] пачалі інфармацыйную падтрымку гэтага сцэнару: “У Дагестане прыведзеныя ў гатоўнасьць з трывогі падразьдзяленьні асобнай мотастралковай брыгады Паўднёвае вайсковае акругі Расеі. Як паведамляе прэс-служба Паўднёвае вайсковае акругі, часткі зьдзяйсьняюць марш на палігон Дальні, на якім адбудуцца тактычныя вышкалы. У манэўрах задзейнічаная ля 1000 вайскоўцаў і 300 адзінак тэхнікі”.
На гэтым фоне дзіўным чынам у Тбілісі 5 красавіка 2016 года ізноў зьявіліся некалькі «сьпісаных з НЗ» расейскіх вайсковых грузавікоў з транзытнымі нумарамі, пра што паведамляе тэлеканал «Руставі-2». Першае зьяўленне падобнай тэхнікі ў лютым 2015 году выклікала вялікі розгалас у грузінскім грамадзтве, гл. “Расейская вайсковая тэхніка ў цэнтры Тбілісі, Грузія [10]”. Як сказаў бы расейскі прапагандыст Кісялёў, “Супадзеньне? Ня думаю”.

rust
Расея праз свае дзеяньні справакавала эскаляцыю карабахскага канфлікту да супрацьстаяньня і зараз будзе намагацца выйграць сабе на гэтым максымум дывідэндаў: адкрыць вайсковы транзыт у Арменію праз Грузію для ўзмацненьня сваёй прысутнасьці і абнаўленьня там парку тэхнікі й ўзбраеньня; максымальна раздражніць, і магчыма – справакаваць Турэччыну – спрабуючы ўцягнуць яе ў адкрыты канфлікт на баку Азэрбайджана; дыскрэдытаваць Грузію перад суседам і галоўным партнэрам – Азэрбайджанам.
Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm будзе пільна сачыць за сытуацыяй, зьвязанай з расейскай вайсковай пагрозай у дачыненні да Грузіі. У выпадку далейшых намераў Масквы мы адкрыем супраць яе новы інфармацыйны фронт на Паўднёвым Каўказе, і эфэктыўнасць нашай працы будзе ня менш за тую, што мы зьдзяйсьняем у дачыненьні Данбасу й Сірыі.
Фота на самым пачатку артыкулу – тэматычнае, сьведчыць пра расейскую вайсковую агрэсію супроць Грузіі ў жніўні 2008 году.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага аналізу міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm.  Аўтар матар’яку Іраклі Камахідзэ [11].

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын [12].

(CC BY 4.0 [13]) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org [14], падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Мы заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём. Разам пераможам!