- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Расея разгортвае другую вайсковую базу ў Сірыі

Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае адсочваць падзеі, зьвязаныя з актыўнасьцю Збройных сілаў РФ у Сірыі. Паводле апошняй інфармацыі расейскіх крыніцаў [1] з спасылкай на кувэйцкія СМІ, ідзе падрыхтоўка да разгортваньня сілаў і сродкаў на другой базе ў Сірыі, у тым ліку авіяцыі, частак прыкрыцьця і забесьпячэньня, якія будуць дысьлякаваныя на аэрадроме Шайрат за 35 кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад Хомса.

Паводле гэтых дадзеных авіяцыйная групоўка ў Сірыі можа павялічыцца да 100 лятакоў. База Шайрат (каардынаты 34.494028, 36.904133 [2]) мае аэрадром з трохкілямэтровай асноўнай узьлётна-пасадкавай паласой (УПП), якая дазваляе прымаць лятакі любых тыпаў, а таксама запасной паласой, падрыхтоўка якой да выкарыстаньня заканчваецца зараз, а таксама з 45 умацаванымі авіяцыйнымі ангарамі. Крыніцы ў расейскіх сілавых структурах кажуць, што выкарыстаньне базы Шайрат неабходнае для разьвіцьця апэрацыяў на поўдні і ўсходзе Сірыі. У прыватнасьці, для разьвіцьця наступу ў раёне Пальміры і далей на ўсход – у Дэйр-эз-Зор, бо першая база ў Хмэймім (правінцыя Латакія) знаходзіцца на занадта вялікай адлегласьці, праз што няма магчымасьці выкарыстоўваць штурмавую авіяцыю і гэлікоптэры. Расейскія ВКС ужо выкарыстоўваюць Шайрат як аэрадром падскоку. Ізраільскія крыніцы таксама пацьверджваюць актыўнасьць расейцаў на базе Шайрат, дзе назіраецца актыўнасьць расейскае вайскова-транспартнае авіяцыі, уключаючы лятакі Ан-124.

Screenshot005 [3]

12326033_173173206367195_78075546_o [4]

17 лістапада 2015 году, падчас відэапрэзэнтацыі Мінабароны, была прадэманстраваная мапа, на якой паблізу базы Шайрат былі адзначаныя пазыцыі 5-й гаўбічнай артылерыйскай батарэі 120-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады расейскай арміі, якая была разгорнутая у гэтым раёне з 6 лістапада 2015 году. Таксама на мапе можна пабачыць, што станам на 14:00 6 лістапада 2015 году, на аэрадроме Шайрат пазначаныя чатыры ўдарныя гэлікоптэры Мі-24 і адзін транспартны Мі-8.

12319339_173169306367585_697480876_n [5]

Расейскі бок афіцыйна ўсё яшчэ не прызнае ўдзелу сваіх сухапутных сілаў у апэрацыі ў Сірыі. А ўсе сьведчаньні, пададзеныя ў сацсетках і СМІ, паводле заяваў расейцаў, зьяўляюцца правакацыйнымі падробкамі.

У зьвязку з гэтым, хочам нагадаць інфармацыю, распаўсюджаную нашай супольнасьцю напрыканцы кастрычніка 2015 году. У артыкуле “Расея пачала замаскаваную наземную апэрацыю ў Сірыі [6]” зазначанае, што 28 кастрычніка 2015 году, у ваколіцах населенага пункту Al-Shelfatiyeh (правінцыя Латакія), было зафіксаванае перасоўваньне вайсковых калёнаў без апазнавальных знакаў, у складзе якіх былі бронетранспартэры, камандна-штабныя машыны, артылерыя і аўтатранспарт, якія былі ідэнтыфікаваныя, як расейскі наземны кантынгент. Было выказанае меркаваньне, што зафіксаваная артылерыя зьяўляецца сродкамі 120-й артылерыйскай брыгады 41-й арміі Цэнтральнае вайсковае акругі зю Юргі, Кемераўскае вобласьці.

Крыху пазьней, у раёне г.Хама, мы зафіксавалі іншую расейскую калёну, у складзе падразьдзяленьня 74-й асобнай матастралковай брыгады той жа Цэнтральнае вайсковае акругі, ізноў зь Юргі, гл. “Міністар абароны Расеі Шайгу выправіў у Сірыю сваіх зямлякоў [7]“.
На фоне гэтай інфармацыі досыць цікава гучыць заява прэм’ер-міністра Турцыі Ахмета Давутоглу [8], згодна зь якой Турэччына разам з каралеўствам Савудаўскае Арабіі і шэрагам іншых краінаў маюць пачаць наземную антытэрарыстычную вайсковую апэрацыю на тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. З улікам таго, што мэты РФ і чальцоў кааліцыі ў Сірыі розныя, цалкам верагодныя новыя інцыдэнты з удзелам расейскіх вайскоўцаў, якія зьдзяйсьняюць удары па пазыцыях сірыйскіх паўстанцаў, што вядуць барацьбу супроць тыраніі Асада і якіх узбройваюць розныя дзяржавы.

Чытайце таксама:


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны міжнароднай валянтэрскай супольнасьцю InformNapalm.org [12]

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [13]

(CC BY 4.0 [14]) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org [12], падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Актыўны распаўсюд у сацсетках вітаецца!