InformNapalm.org (Беларуская)

Расея ўзмацняе групоўку войскаў у Растоўскае вобласьці

 

Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае маніторынг сытуацыі ў памежных з Украінаю базавых лягерох растоўскае групоўкі ЗС РФ, скіраванай на Данбас.

З пачаткам вясны зафіксаваная актыўнасьць вайсковых перавозак у Растоўскае вобласьці з дапамогаю чыгуначнага транспарту і праз аўтамагістралі. У прыватнасьці, выяўленае перакідваньне некалькіх новых зводных тактычных групаў з шэрагу вайсковых злучэньняў сухапутных войскаў ЗС РФ, як з Паўднёвага, гэтак і іншых вайсковых акругаў.

Паводле нашых ацэнак, у склад зводнай тактычнай групы 136-й АМСБр уваходзіць мотастралковы батальён на БМП (3-й МСБ), зводная выведрота (узводу вайсковай выведкі і снайпэроў на БТР), узмоцненая танкавая рота (каля 15 адзінак Т-90), зьмяшаны артылерыйска-рэактыўны дывізыён (тры-чатыры батарэі 152-мм САУ «Акацыя» і РСЗВ «Град»), а таксама сродкі вайсковае СПА і іншыя падразьдзяленьні забесьпячэньня.

Характэрна, што на расейскай тэхніцы паноўна адсутнічаюць бартавыя нумары і ідэнтыфікацыйныя (тактычныя) знакі. А сярод БМП з стандартным колерам хакі, заўважаная машына з пясчанай афарбоўкаю (фота 3 і 5), якую, цалкам мажліва, рыхтавалі для перакідваньня ў Сірыю, але мабыць праз абставіны вымушаныя былі ўключыць яе ў склад “растоўскае камандыроўкі”.

Нагадваем, што палігон Кадамаўскі ў Мясьнікоўскім раёне зьяўляецца ня толькі адным з асноўных мейсцаў базаваньня сілаў і сродкаў растоўскае групоўкі, але таксама пляцдармам для іхнага далейшага перакідваньня на Данбас, што неаднаразова было даказанае ў нашых мінулых расьледаваньнях.

Мы наўмысна схавалі твары вайскоўцаў на фатаздымках, каб ускладніць працу расейскім спэцслужбам, што займаюцца зачысткай крыніцаў уцечкі інфармацыі.

Азнаёміцца ​​з факталягічнай доказавай базай дадзеных расьледаваньняў InformNapalm што да ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне больш чымся 60 вайсковых падразьдзяленьняў ЗС РФ можна праз спасылку http://bit.ly/RussianPresence.

Матар’ял падрыхтаваны да публікацыі на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднай валянтэрскай групай InformNapalm.

Аўтар матар’ялу Іраклі Камахідзэ.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Мы заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём. Разам пераможам!

Exit mobile version