- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Расейская авіягрупоўка ў Сірыі зазнала чарговыя страты (ФОТА)

Сёньня, 3 траўня, Паветрана-касьмічныя сілы (ПКС) РФ у Сірыі страцілі шматмэтавы зьнішчальнік Су-30СМ. Паволе паведамленьня Міністэрства абароны РФ, сёньня а 08:45 пасьля ўзьлёту з аэрадрому Хмэймім над акваторыяй Міжземнага мору адбылася катастрофа расейскага зьнішчальніка Су-30СМ. Зазначанае, што загінулі абодва пілёты.

Міністэрства абароны дзяржавы-агрэсара папярэдняй прычынай авіякатастрофы называе мажлівае патрапленьне птушкі ў турбіну рухавіку й адкідвае вэрсіі што да зьбіцьця яго супраціўнікам зь зямлі.

Мясцовы сірыйскі апэратар і фатограф Mohammed Ghorab апублікаваў у сваім твітэры некалькі фатаздымкаў моманту крушэньня расейскага зьнішчальніка:

[6]

Крушэньне Су-30СМ адбылося непадалёк партовага гораду Jableh, што месьціцца за 2,5 км на паўднёвы захад ад авіябазы Хмэймім.

[7]

Спадарожнікавае фота Google Earth

Су-30СМ – гэта мадэрнізаваны двухмясцовы шматмэтавы зьнішчальнік пакаленьня 4+, збудаваны на базавай мадэлі Су-27. Абсталяваны двума двухконтурнымі фарсаванымі турбарэактыўнымі рухавікамі з кіраваным вэктарам цягі АЛ-31ФП, з дапамогаю якіх забясьпечваецца звышманэўраванасьць лятака. Першы ягоны палёт адбыўся ў 2012 годзе.

[8]

Зьнішчальнік Су-30СМ ПКС РФ у Сірыі / Фота – Аляксандар Калаціла

Лятак можа сягаць максымальнай хуткасьці на вышыні – 2350 км/г, мае баявы радыюс 1500 км, можа несьці да 8 тонаў баявой нагрузкі. Зьнішчальнікі Су-30СМ вырабляе Іркуцкі авіяцыйны завод ПАО “Карпарацыя “Іркут”. Кошт аднаго лятака складае прыблізна 25-30 млн даляраў ЗША.

Пасьля чарговай заявы У. Пуціна ў сьнежні 2017 г. пра сканчэньне ваеннай апэрацыі ў Сірыі й вывад ваеннага кантынгенту, ПКС РФ зазналі ўжо шэраг вельмі значных стратаў і катастрофаў, апошняя зь якіх адбылася ў сакавіку 2018 году, калі падчас заходу на пасадку на аэрадром Хмэймім разьбіўся вайскова-транспартны лятак Ан-26. У катастрофе загінулі 33 пасажыры й 6 чальцоў экіпажу.

Чытайце таксама:


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [13] Дзяніс Івашын [14].

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [15])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [16] / Твітэр [17] / Telegram [18]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.