«Для правакацыяў ужо падрыхтаваныя шаўроны добраахвотніцкіх батальёнаў і сымболіка Ісламскае Дзяржавы».
Чачэнскія добраахвотнікі ва Украіне папярэджваюць пра магчымыя тэракты ў Крыме і паўтарэньне сцэнару расейскай агрэсыі 1999 году – спачатку выбухі ў жылых дамах, затым наступ. 17 гадоў таму менавіта так пачалася Другая чачэнская вайна, а сёньня з-за дзеяньняў Пуціна можа пацярпець Украіна, кажуць добраахвотнікі.
Да канца зімы ў Крыме могуць арганізаваць тэракты, пасьля якіх расейскія войскі пачнуць наступ або на поўдні, або на ўсходзе Украіны. Нібыта дзеля таго, каб абараніцца ад тэрарыстаў. Паводле словаў камандыра добраахвотніцкага батальёну імя Джахара Дудаева Адама Асмаева, менавіта такія прыёмы выкарыстоўваў прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін напярэдадні Другой чачэнскай вайны ў 1999 годзе.
«З дакладных крыніцаў атрыманая інфармацыя, што з 4 па 9 студзеня 2015 году ў Крым прыехалі 4 групы з 5-7 чалавек кожная, якія служаць у расейскім спэцпадразьдзяленьні МУС «Церак». Іхная задача – зьдзяйсьненьне тэрарыстычных актаў з наступнымі абвінавачваньнямі Украіны і крымска-татарскага насельніцтва перад сусьветнай супольнасьцю», – падкрэсьліў Асмаеў.
Таксама, паводле словаў камандыра, Расея плянуе затрымаць падстаўных тэрарыстаў з нумарамі тэлефонаў крымска-татарскіх лідэраў, шаўронамі добраахвотніцкіх падразьдзяленьняў, забароненай літаратурай і нават сымболікай Ісламскае Дзяржавы. Шаўроны, паводле словаў Асмаева, ужо вырабілі ў сімфэропальскай філіі кампаніі «Русфлаг».
Кампанія «Русфлаг» паведаміла Радыё Свабодзе, што, па-першае, у сімфэропальскай філіі няма ўласнае вытворчасьці, а, па-другое, кампанія не вырабляе прадукцыю з забароненай у Расеі сымболікай.
З-за тэрактаў Расея нібыта не парушыць менскія дамоўленасьці – прэс-афіцэр чачэнскага батальёну.
Тэракты, зазначаюць добраахвотнікі, плянуюць зьдзейсьніць на рынках Сімфэропалю, а таксама на трасе паміж Сімфэропалем і Ялтай. Таксама існуе верагоднасць зьдзяйсьненьня дывэрсыяў у Керчы або Сэвастопалі, у прыватнасьці выбух на адным з вайсковых караблёў. Інфармацыю пра магчымыя тэракты добраахвотнікі атрымліваюць ад людзей з атачэньня кіраўніка Чачэнскай рэспублікі Рамзана Кадырава і сілавых структураў рэспублікі.
Расея выкарыстае выбухі як падставу для ўварваньня, запэўнівае прэс-афіцэр батальёну імя Джахара Дудаева Аміна Акуева.
«Яны зробяць правакацыю, і гэта паслужыць падставай для наступу, як у нас у 1999 годзе. Нібыта Украіна ня можа кантраляваць сваіх байцоў або добраахвотніцкія батальёны. Яны могуць зьдзейсьніць тэракт у Крыме, але пачаць наступ на ўсходзе ў зоне АТА. Каб актывізаваць баявыя дзеяньні і нібы не парушыць менскія дамоўленасьці ім патрэбная падстава», – зазначае яна.
Чачэнцы мяркуюць, што менавіта для гэтага апошняга часу ў расейскіх СМІ зьяўляюцца паведамленьні пра нібыта байцоў Ісламскае Дзяржавы ў шэрагах украінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў – грамадзтва, у прыватнасьці эўрапейскае, рыхтуюць да мажлівай актывізацыі баявых дзеяньняў і барацьбы з тэрарызмам ня толькі ў Сірыі, але і ва Украіне.
Летась узімку расейская армія ўзяла Дэбальцава, але гэта не прынесла стратэгічных дывідэндаў – экспэрт.
У камэнтары Радыё Свабодзе расейскі вайсковы экспэрт Павал Фэльгенгауэр зазначыў, што летась расейская армія пасьпяхова выкарыстала зімовы пэрыяд баявых дзеяньняў і ўзяла Дэбальцава і Данецкі аэрапорт. Але спачатку трэба прыняць палітычнае рашэньне пра вядзеньне баявых дзеяньняў. Леташнія тактычныя вайсковыя посьпехі не прынесьлі стратэгічных дывідэндаў, кажа экспэрт.
«Выкарыстаць Крым як базу ў прынцыпе можна, хоць гэта і ня лепшы варыянт. Да Другой чачэнскай вайны, напрыклад, пачалі рыхтавацца недзе за паўгоду, гэта прызнавалі расейскія службовыя асобы. Але ўсё адно, Крым будзе дапаможным напрамкам, хіба што на Адэсу дэсант высаджваць. У прынцыпе зараз лепшы час, каб ваяваць – багна зьмерзла, так што можна ехаць праз палі і манэўраваць. Апроч гэтага, у Расеі скончылася чарговае рэкрутаваньне, тактычныя і батальённыя групы ў аптымальнай форме», – лічыць Фэльгенгауэр.
Аднак, на думку экспэрта, расейскае кіраўніцтва, мажліва, яшчэ не прыняло рашэньня ваяваць – яны могуць і далей ціснуць на Украіну праз дыпляматычныя і эканамічныя сродкі і спрабаваць дамовіцца з заходнімі краінамі.
«Стратэгічная мэта Расеі не зьмянялася з 2013 году – не адпусьціць Украіну з зоны свайго ўплыву. Любая форма асацыяцыі з Эўропай прызнаецца недапушчальнай. Гаворка ня йдзе пра Данбас, гаворка йдзе пра ўсю Украіну», – заявіў вайсковы экспэрт.
Камэнтуючы вайсковыя пагрозы, міністар абароны Украіны Сьцяпан Палтарак зазначыў, што ўкраінская армія гатовая даць адпор супраціўніку.
«Адносна дзеяньняў тэрарыстычных груповак – вы ведаеце, вельмі цяжка прадказаць, як яны будуць дзейнічаць, але мы гатовыя да зьмены іхнае тактыкі. І мы ня будзем чакаць, калі яны пойдуць у наступ і будуць перад намі», – падкрэсьліў міністар.
Палтарак заявіў, што ўкраінскім вайскоўцам ёсьць чым адказаць на парушэньне менскіх дамоўленасьцяў з боку баявікоў.
Наступная вайна будзе рэлігійнай – валянтэр.
За перасоўваньнем расейскіх войскаў у анэксаваным Крыме і на акупаваных тэрыторыях усходу сочаць актывісты InformNapalm. Каардынатар праэкту Раман Бурко кажа, што зьдзяйсьненьне тэрактаў на паўвысьпе можа быць прымеркаванае да візыту маскоўскага патрыярха Кірыла ў Швайцарыю, дзе ён будзе сустракацца з прадстаўнікамі ўсіх памесных праваслаўных цэркваў. Менавіта для гэтага у мэтах магчымых тэрактаў разглядаюць праваслаўныя храмы, каб вайну супроць Украіны можна было абвесьціць ня толькі антытэрарыстычнай, але й духоўнаю.
«Наступная хваля інфармацыйнай вайны будзе мець дачыненьне да пытаньняў рэлігіі, тым больш тэму сьвятой вайны Расея ўжо выкарыстоўвала ў Сірыі», – лічыць валянтэр.
Згодна з афіцыйным сайтам Маскоўскага патрыярхату, патрыярх Кірыл будзе знаходзіцца за мяжой з 22 студзеня, а ужо 29 студзеня мае правесьці сустрэчы ў Маскве.
«Калі расейскія войскі будуць наступаць з Крыма, то яны будуць выкарыстоўваць авіяцыю. Зараз на мяжы сканцэнтраваная вялікая група войскаў, але галоўнымі ўдарамі стануць ракетныя і бомбавыя, а пяхотныя падразьдзяленьні будуць выкарыстоўваць толькі для зачысткі», – зазначыў Бурко.
На ягоную думку, цяпер галоўная задача Украіны – утрымаць агрэсара на дыстанцыі, пакуль ён слабне пад санкцыямі.
Міхась Штэкель, Радыё Свабода
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.
