InformNapalm.org (Беларуская)

Расейская станцыя перашкодаў Р-330Ж выяўленая за 7 км ад лініі разьмежаваньня на Данбасе

Расейская станцыя перашкодаў Р-330Ж «Житель» (рас.), якая паступіла ва ўзбраеньне Збройных Сілаў (ЗС) РФ у 2008 годзе, а таксама іншая расейская тэхніка зафіксаваныя на ўскрайку пасёлку Земляное (Луганская вобласьць Украіны). Пасёлак знаходзіцца пад кантролем 2-га акупацыйнага армейскага корпусу 8-й агульнавайсковай арміі Збройных Сілаў РФ за 7 км ад лініі разьмежаваньня, што праходзіць у гэтым раёне ўздоўж ракі Северскі Данец.

Аэрафатаздымак, геапазыцыянаваньне й ідэнтыфікацыя Р-330Ж

Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm з дапамогаю аэрафатаздымкаў, эксклюзіўна нададзеных валянтэрскай аэравыведкай каманды «Армія SOS», ідэнтыфікавалі сучасную расейскую станцыю, а таксама камандна-штабную машыну Збройных Сілаў Расейскае Фэдэрацыі на базе аўтамабіля КамАЗ.

Аэрафатаздымкі, зробленыя сёлета ў першай палове лістападу, сьведчаць пра тое, што Расея працягвае непасрэдна кантраляваць акупаваны рэгіён. Нягледзячы на міжнародныя санкцыі й зьнешнепалітычны ціск кіраўніцтва РФ не адмовілася ад выкарыстаньня рэгулярнай расейскай арміі супроць Украіны.

Геалякацыя здымка (каардынаты: 48°37’46.3″N 39°12’54.1″E). Для павялічэньня націсьніце на выяву.

Расейскі «Житель» – сталы госьць ва ўкраінскім стэпе

Нагадаем, што сучасную расейскую станцыю перашкодаў Р-330Ж «Житель» валянтэры InformNapalm ужо неаднойчы фіксавалі на акупаванай тэрыторыі Украіны падчас OSINT- і HUMINT-расьледаваньняў.

Гэтая адзінка спэцыялізаванае расейскае вайсковае тэхнікі ўвайшла ў факталягічную базу дадзеных што да ўдзелу ЗС РФ у акупацыі асобных раёнаў Луганскае й Данецкае абласьцей Украіны.

Інфаграфіка даступная таксама на ўкраінскай, расейскай і ангельскай мовах.


Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Міхаіл Кузьняцоў і Раман Бурко адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version