- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Расейская вайскова-транспартная авіяцыя страціла ў Сірыі першы борт – сьпіс стратаў

6 сакавіка 2018 г. падчас заходу на пасадку на аэрадром Хмэймім разьбіўся вайскова-транспартны лятак расейскае вайсковай групоўкі ў Сірыі Ан-26. На борце знаходзіліся 39 чалавек – 33 вайскоўцы ЗС РФ (26 афіцэраў і адзін генэрал-маёр, прапаршчыкі й кантрактнікі) і 6 чальцоў экіпажу. У выніку падзеньня ніхто ня выжыў.

Навіну адразу пашырылі расейскія СМІ, Міністэрства Абароны РФ вырашыла гэтым разам сябе не ганьбіць і адразу прызнала страту лятака. Зь якіх менавіта прычынаў разьбіўся лятак на гэты момант пакуль дакладнай інфармацыі няма, цалкам мажліва, што ён быў зьбіты зь зямлі. Хаця вэрсію з абстрэлам лятака зь зямлі расейскія чыноўнікі адразу гучна пачалі адкідваць.

Аэрадром у Хмэйміме аточаны населенымі пунктамі, насельніцтва якіх збольшага ляяльнае да Асада, але лятак Ан-26, які нізка й павольна ляціць падчас заходу на пасадку – досыць добрая мішэнь для снайпэра-адзіночкі. Таксама яго маглі зьбіць адною кароткаю кулямётнаю чаргою, якая пашкодзіла агрэгаты лятака, і пілёты ня мелі часу для рэагаваньня.

Паводле словаў відавочцаў стае зразумелым, што лятак заходзіў на пасадку з нахілам, боўтаўся ў паветры й нібыта зачапіў нейкія пабудовы на зямлі. Цалкам мажліва, МА РФ будзе й надалей распавядаць пра тэхнічныя праблемы й адмаўляць любую вэрсію з абстрэлам зь зямлі.

У Сірыі былі зафіксаваныя [1], як мінімум два Ан-26 – гэта борт з нумарам RF-36162/26, “26 чырвоны”. Менавіта фатаздымкі зь ім пачалі ставіць да гэтай навіны ў расейскай прэсе. Гэты борт летась вазіў [2] журналістаў у аэрапорт Алепа. Лятак выраблены яшчэ ў 1980 годзе, то бок яму на момант крушэньня было 38 гадоў, а для авіяцыйнай тэхніцы гэта вельмі салідны ўзрост. Хаця вайсковыя лятакі зазвычай праходзяць больш пільныя праверкі й абслугоўваньне, да катастрофы маглі спрычыніцца звычайная расейская халатнасьць і агульнае зношваньне лятака. У Сірыі таксама быў зафіксаваны борт з нумарам RF-93996/24, “24 чырвоны”, 1979 году выпуску. Яшчэ на адзін год старэйшы.

Характэрна, што летась расейскія ўлады вельмі турбаваліся падоўжаньнем рэсурсу [3] антонаўскіх лятакоў, якое мелі зьдзяйсьняць мясцовыя расейскія ўмельцы. Ясная рэч, што расейцы ў палявых умовах і так зьдзяйсьняюць рамонты, але вось афіцыйнай заводзкай пячаткі ім акурат і не стае (цікава, чым скончыліся гэтыя пошукі). На сёньняшні дзень РФ выкарыстоўвае 236 лятакоў сэрыі Ан-24 і Ан-26. Паводле The Military Balance 2017 расейская армія мае 139 дзейных Ан-26.

Ан-26 – аснова расейскае вайскова-транспартнае авіяцыі. Вырабляўся з 1969 па 1986 гг. Самаму «маладзейшаму» Ан-26 сёлета будзе 32 гады ад даты вырабу.

Асобна варта зазначыць, што цягам апошніх трох гадоў расейская вайскова-транспартная авіяцыя ў сталым рэжыме забясьпечвае групоўкі расейскіх войскаў у Сірыі. Праз мора з Наварасійска й Крыма зьдзяйсьняецца дастаўка тэхнікі так званым «Сірыйскім экспрэсам». А асабовы склад і апэратыўную дастаўку грузаў зьдзяйсьняе ПКС РФ.

Транспартаваньне буйнагабарытных грузаў, вываз параненых, тэрміновае перакідваньне новых ратацыяў зьдзяйсьняюць некалькі бартоў Ан-124 (нумары RA82035 і RA82010) і Іл-76 (RA76762, RF78850, RA78840, RF78805, RF76740, RF76745, RF78810, RA78847, RA78794, RF78797, RA78830, RF76739 і іншыя). Штодзённую інфармацыю пра дастаўку грузаў у Сірыю надае ў сэрвісе Twitter карыстальнік @galandecZP [4].

Таксама ў Сірыю лётаюць некалькі бартоў Іл-62 (RA86559, RA86561 і RA86495) – звычайна яны зьдзяйсьняюць перавозку генэралітэту і VIP-наведнікаў. Гэтак, 5 сакавіка 2018 г., у Дамаску сеў борт RA86561, а ўжо на наступны дзень СМІ паведамілі пра прыбыцьце ў Сірыю начальніка Генштабу ЗС РФ Валерыя Герасімава. Мажліва, менавіта на сустрэчу зь ім ляцеў генэрал-маёр Уладзімер Ярамееў, які быў на борце Ан-26, што зазнаў крушэньне.

У Сірыю расейцы лётаюць празь Іран або праз Турэччыну. Асноўныя аэрадромы для пасадкі – Хмэймім (правінцыя Латакія) і Дамаск. У Сірыі дагэтуль лётаюць цывільныя лятакі (у прыватнасці Syrian Air [5] і магчыма FlyDamas) на аэрадромы ў Алепа і Эль-Камышлы (месьціцца ля турэцкай мяжы).

Ан-26 у гэты дзень зьдзяйсьняў палёт паводле маршруту Кувэйрыс (Алепа) – Хмэймім (Латакія). Гэта кароткі маршрут, усяго крыху менш за 200 км. Вось такія лякальныя пералёты апошнім часам і зьдзяйсьняў Ан-26 – такое сабе афіцэрскае таксі расейскае групоўкі войскаў у Сірыі. Мабыць, да прыезду начальніка Генштабу Герасімава з Алепа тэрмінова выклікалі генэрал-маёра Ерамеева і афіцэраў штабу. Па зямлі дабірацца значна даўжэй і ўсё яшчэ небясьпечна, таму й ляцелі лятаком. Але гэта іх ня выратавала й у Расею зь Сірыі паляцяць чарговыя «грузы 200».

Позна ўвечары, 6 сакавіка, у Instagram-канале карыстальніка morozov_iakov [6] зьявіўся фатаздымак сьпісу асабовага складу, які нібыта знаходзіўся на борце Ан-26.

[7]

Верагодна менавіта гэты сьпіс і патрапіў да журналістаў РБК [8], як запэўнівае выданьне:

«Сапраўднасьць гэтага сьпісу асабовага складу Ан-26 пацьвердзілі РБК тры крыніцы ў Мінабароны. Усяго ў лятаку, паводле дадзеных Мінабароны, былі 39 чалавек, на гэты момант вядомыя прозьвішчы 31 загінулага».

Сьпіс прозьвішчаў:

  1. маёр Сьмірноў С.Г.
  2. старэйшы лейтэнант Сафронаў Д.В.
  3. старэйшы лейтэнант Паноў М.А.
  4. старэйшы лейтэнант Алтунін К.Н.
  5. старэйшы лейтэнант Осіпкін А.В.
  6. старэйшы сяржант Епіфанаў
  7. генэрал-маёр Ерамееў У.Г.
  8. капітан першага рангу Сачук А.М.
  9. капітан першага рангу Маісееў М.А.
  10. палкоўнік Фядун С.В.
  11. маёр Марозаў А.Л.
  12. старэйшы сяржант Лушкоў С.В.
  13. прапаршчык Грыгор’еў М.А.
  14. капітан Горбань К.А.
  15. капітан Гайдарханаў Э.С.
  16. малодшы сяржант Бялоў А.І.
  17. старэйшы сяржант Багатыроў З.М.
  18. маёр Маўнеў М.І.
  19. капітан Пылёнак А.А.
  20. капітан Шэйнцыўт С.В.
  21. маёр Чагін Е.В.
  22. старэйшы прапаршчык Грабоўскі С.В.
  23. капітан Труфанаў А.В.
  24. маёр Кукушкін Д.І.
  25. старэйшы лейтэнант Шаўчэнка А.А.
  26. яфрэйтар Каламойцаў І.К.
  27. маёр Мікрукоў В.В.
  28. капітан мэдычнае службы Распуцін Н.Б.
  29. сяржант Серажанкоў Я.А.
  30. малодшы сяржант Чапдараў Б.Р.
  31. старэйшы лейтэнант Ляўчук Г.С.

З гэтага сьпісу толькі старэйшы сяржант Епіфанаў чамусьці ня мае ініцыялаў.

У Instagram-канале yelansky_garnizon [9] ужо зьявіліся спачуваньні з згадкаю вайскоўцаў з пазначанага сьпісу.

[10] [11]

У запісы паведамленае, што сярод загінулых – вайскоўцы зь Еланскага навучальнага цэнтру й выхадзень з Гарнізону: маёр Мікрукоў В.В. і маёр Кукушкін Д.І.

Аднак, блёгеры-расьледвальнікі пакуль не давяраюць гэтаму сьпісу й працягваюць шукаць доказы або абвяржэньні.

[12] [13]


Матар’ял падрыхтаваў Антон Паўлушка [14] адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [15].

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [16].

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [17])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [18] / Твітэр [19] / Telegram [20]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.