- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Расейскі БПЛА “Арлан-10” складаецца з дэталяў вытворчасьці ЗША і іншых краінаў – фотасправаздача

Шматфункцыянальны бесьпілётны лятальны комплекс “Арлан-10” Збройныя Сілы РФ актыўна выкарыстоўваюць у баявых дзеяньнях супроць Украіны на Данбасе. У адкрытых крыніцах маецца інфармацыя прат тое, што комплекс распрацаваны расейскім прадпрыемствам «Специальный технологический центр» (рас.) і ўваходзіць у склад расейскай адзінай сыстэмы кіраваньня тактычнага зьвяна, якая рэалізуе канцэпцыю сеткацэнтрычнае вайны. Было выяўленае, што расейскі вытворца зрабіў толькі корпус і навігацыйны прыймач МНП-М7. Ды і ён створаны на базе мікрасхемы ADSP-BF534 амэрыканскае кампаніі Analog Devices. Астатнія прылады: GPS-трэкэр, стартэр-генэратар, рухавік, модуль запальваньня, палётны кантролер, модуль перадачы тэлемэтрыі й GPS-модуль зробленыя ў ЗША, Нямеччыне, Японіі, Кітаі і іншых краінах. Гэтыя тэхналёгіі зьяўляюцца таварамі падвойнага прызначэньня, якія Расія набывае й выкарыстоўвае ў ваенных мэтах.

БПЛА ўпаў у акваторыі Азоўскага мора

Валянтэры каманды «Армія SOS [1]» эксклюзіўна надалі супольнасьці InformNapalm справаздачу, у якой пададзеная інфармацыя пра складнікі расейскага БПЛА “Арлан-10” (бартавы №10332), які ўпаў 6 лістапада 2016 году ў раёне населенага пункту Мялекіна Мангушскага раёну Данецкае вобласьці ў акваторыі Азоўскага мора. Лёгі палётаў, апублікаваныя ў папярэдняй справаздачы [2], сьведчаць пра тое, што з дапамогаю гэтага БПЛА падразьдзяленьні расейскае арміі неаднаразова зьдзяйсьнялі паветраную выведку ўкраінскае тэрыторыі, яшчэ з пачатку апэрацыі захопу Крыма. Таксама бесьпілётнік зьдзяйсьняў выведвальныя палёты на Данбасе. Мейсцы запуску БПЛА – пункты, што месьцяцца ва акупаваным Крыме, а таксама на вайсковых палігонах РФ у Краснадарскім краі і Валгаградзкай вобласьці Расеі.

Российский БПЛА Орлан-10 состоит из деталей производства США и других стран — фотоотчет

«Нашыя тэхнары разабралі гэты бесьпілётнік да шрубкі, адпарывалі элемэнты ад солі, прааналізавалі ўсе пляты й схемы», – пракамэнтавалі валянтэры «Армія SOS [3]».

У выніку гэтай карпатлівай працы было высьветленае, з чаго складаецца расейскі БПЛА “Арлан-10”.

“Арлан-10” у дэталях

GPS-трэкэр

GPS-трэкэр знаходзіцца за +100/150 мм ад тэхналягічнага адсеку злучальніка крыла. Тып сілкаваньня: стацыянарнае і ад уласнага акумулятара. SIM-карты ў модулі перадачы дадзеных не было, мажліва, трэкэр прашыты пад пэўныя сецівы. Мікрасхемы з маркаваньнем HC4060 2H7A201 і STC 12LE5A32S2 35i [4] вытворчасьці КНР.

PTN78020 – вытворчасьці амэрыканскае кампаніі Texas Instruments Incorporated.

Рухавік, модуль запальваньня

Рухавік нутранага згараньня японскага вытворцы SAITO [11] разам з модулем запальваньня 4,8-9В, 500mA.

Палётны кантролер

Зроблены на мікрасхеме STM32F103 LQFP [14] франка-італійскага вытворцы мікраэлектронікі STMicroelectronics. Як датчыкі вымярэньня ціску выкарыстаныя мікрасхемы MPXA4115A і MPXV5004DP амэрыканскае кампаніі Freescale Semiconductor (зараз кампанія належыць галяндзкай NXP Semiconductors N.V.). Датчык-компас HMC6352 [15] ад амэрыканскае кампаніі Нoneywell.

Фатаздымкі палётнага кантролеру ў зборы

Модуль перадачы тэлемэтрыі

Дыяпазон перадачы дадзеных на частаце 902-928 МГц. Кіраваньне модулем рэалізаванае на базе мікракантролеру ATxmega256A3 [20] амэрыканскае кампаніі Microchip. Высокачастотны ўзмацняльнік RF3110 [21] амэрыканскага вытворцы Quorvo. Прыймач DP1205-C915 [22] нямецкае кампаніі AnyLink з налепкай расейскага дыстрыбутара ImoTech. Антэна – 2/3 клясычны чвэрцьхвалёвы дыполь на 915 МГц, вэртыкальная палярызацыя, усталяваная ў хваставой паражніне.

GPS-модуль

Рэалізаваны на базе GLONASS, GPS і QZSS прыймача  LEA-6N [25] швайцарскае кампаніі u-blox у пары з расейскім МНП-М7 [26] (які пабудаваны на мікрасхеме ADSP-BF534 [27] амэрыканскае кампаніі Analog Devices).

Станам на студзень 2018 году задакумантаваныя 9 фактаў стратаў гэтага тыпу БПЛА ў Луганскае й Данецкае абласьцёх. Зь іх 3 крушэньні адбыліся ў выніку збою сыстэмаў, выкліканых працаю украінскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, а 6 разоў “Арлан-10” зьбівалі з дапамогаю стралковае зброі й СПА.

З дапамогаю дакумантаў [30], перахопленых актывістамі Ukrainian Cyber ​​Alliance ў начальніка выведкі 2-га акупацыйнага армейскага корпусу (Луганск) 8-й агунальвайсковай арміі ЗС РФ,  было вызначанае, што ў склад абслугі БПЛА ўваходзілі кадравыя расейскія вайскоўцы, на кожны вылет БПЛА складалі рапарт, адрасаваны начальніку выведкі 12-га камандаваньня рэзэрву ЗС РФ


Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Міхаіл Кузьняцоў [31] і Раман Бурко [32] адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [33].

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [34].

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [35])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [36] / Твітэр [37] / Telegram [38]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.