- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Расейскія сыстэмы РЭБ усё часьцей фіксуюць на Данбасе. Эксклюзіўныя дадзеныя

Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ амаль праз кожныя 2-3 тыдні падае ў сваіх тэкставых справаздачах інфармацыю пра выяўленыя на акупаванай частцы Данбасу найноўшыя расейскія сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ). У сваю чаргу валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [1] адсочваюць гэтую інфармацыю й зьдзяйсьняюць пошук візуальных пацьверджаньняў, з дапамогаю якіх можна раскрыць мэты й задачы знаходжаньня таго ці іншага тыпу расейскага ўзбраення й вайсковай тэхнікі ў вызначаным раёне.

Мы імкнемся надаць нашым чытачам як мага больш доказаў, якія не абмежаваныя толькі тэкставай інфармацыяй. У гэтым артыкуле пададзеныя ўнікальныя й важныя зьвесткі, якія пацьверджваюць ваенную актыўнасьць РФ на Данбасе, якая пачалася ўвесну 2014 году й працягваецца да гэтага часу, нягледзячы на афіцыйныя абвяржэньні вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ што да свайго непасрэднага ўдзелу й кіраваньня баявымі дзеяньнямі. Мы раім Міністэрству замежных справаў Украіны максымальна выкарыстоўваць зьвесткі з дакладаў Спэцыяльнай маніторынгавай місіі (СММ) АБСЭ й матар’ялы OSINT-дасьледаваньняў супольнасьці InformNapalm дзеля міжнароднага дыпляматычнага ціску на агрэсара, узмацненьня санкцыяў і іншых палітычных захадаў, якія будуць спрыяць дасягненьню сапраўднага міру. Міру, які будзе мажлівы толькі пасьля вываду з тэрыторыі Украіны акупацыйнага кантынгенту Расейскае Фэдэрацыі – ініцыятара крывавага доўгатрывалага міжнароднага канфлікту ў Эўропе.

Ключавыя справаздачы СММ АБСЭ

СММ АБСЭ ў чарговай справаздачы №60/20 з 12.03.2020 г. [2] падае інфармацыю пра раскрыцьцё новага мейсца дысьлякацыі ў раёне паўднёвых ваколіцаў Луганска трох сучасных расейскіх комплексаў РЭБ: РБ-341Б «Леер-3», Р-934Б «Сініца» і РБ-636 «Свет-КУ». Гэтыя сыстэмы таксама неаднаразова фігуравалі ў OSINT-расьледаваньнях міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm. Напрыклад, напрыканцы 2019 году валянтэры падалі [3] эксклюзіўныя фатаздымкі й пералік 12 расейскіх комплексаў РЭБ, якія былі зафіксаваныя на Данбасе за час вайны й якія зьяўляюцца наўпроставым доказам ваеннае агрэсіі Расейскае Фэдэрацыі супроць Украіны.

Чытайце таксама: Сучасныя расейскія комплексы РЭБ зафіксаваныя на Данбасе (ФОТА) [3]

Месяц таму ў справаздачы СММ АБСЭ №40/20 з 18.02.2020 г. [4] зьявілася іншая цікавая інфармацыя пра фіксацыю 16.02.2020 г. бесьпілётным лятальным апаратам (БпЛА) СММ 3 расейскіх комплексаў РЭБ: Р-330Ж «Житель» (рас.), Р-934Б «Сініца» і РБ-636 «Свет-КУ» ля н.п. Вэрбова Балка за 28 км на паўднёвым ўсходзе ад Данецку. Валянтэры InformNapalm з дапамогаю HUMINT–сеціва атрымалі эксклюзіўныя фотадоказы гэтай фіксацыі, зьдзейсьнілі дадатковую выведку й удакладненьне пазначаных дадзеных, выявілі ймаверныя каардынаты й мажлівыя мэты дысьлякацыі вайсковай тэхнікі ў гэтым раёне.
Фіксацыя расейскіх комплексаў РЭБ з дапамогаю БпЛА

Фатаздымак ніжэй у адкрытым доступе раней не публікаваўся, ён візуальна пацьверджвае й дэталізуе тэкставыя дадзеныя справаздачы СММ АБСЭ №40/20.

[5]

Гэтае фота сталася выпраўным пунктам для дасьледнікаў супольнасьці InformNapalm, якія зьдзейсьнілі пераверку ідэнтыфікацыі.

Для візуальнага параўнаньня элемэнтаў комплексу РЭБ ніжэй пададзеныя фатаздымкі аналягічных адзінак расейскае вайсковае тэхнікі.

Р-330Ж «Житель»

Р-934Б «Сініца»

альбо P934БМВ

У справаздачы СММ АБСЭ гэтая сыстэма пазначаная як P-934B «Сініца», але дасьледнікі InformNapalm лічаць, што насамрэч зафіксаваная мадыфікацыя гэтай сыстэмы, менавіта – P934БМВ з комплексу «Барысаглебск-2», які таксама неаднаразова быў зафіксаваны на Данбасе.

РБ-636 «Свет-КУ»

Паноўна ў аб’ектыў БпЛА Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ патрапіў расейскі комплекс РБ-636 «Свет-КУ».

Нагадаем, што ў 2016 годзе супольнасьць InformNapalm упершыню ідэнтыфікавала [6] расейскі мабільны комплекс радыётэхнічнага кантролю й абароны інфармацыі РБ-636 «Свет-КУ», які быў зафіксаваны ў фота ў Луганску на скрыжаваньні вуліцаў 50-годзьдзя стварэньня СССР і Курчатава. Тады таксама было вызначанае, што гэты комплекс быў ва ўзбраеньні 18-й асобнай роты РЭБ (в/ч Л-05776, мейсца дысьлякацыі г. Луганск) 2-га акупацыйнага армейскага корпусу 8-й агульнавайсковай арміі Збройных сілаў РФ. На шасі комплексу быў нанесены тактычны знак “18 у квадраце”, рэгістрацыйны нумар ЛК 4686.

Чытайце таксама: Збройныя сілы РФ перакінулі ў Луганск комплекс РЭБ «Свет-КУ» [6]

Цягам апошніх гадоў расейскі комплекс РБ-636 «Свет-КУ» усё часьцей патрапляе ў справаздачы СММ АБСЭ.

Высновы што да справаздачы СММ АБСЭ №40/20

З дапамогаю інфармацыі з справаздачы СММ АБСЭ №40/20 што да фотафіксацыі разгорнутых расейскіх сыстэмаў РЭБ ля н.п. Вэрбова Балка за 28 км на паўднёвым ўсходзе ад Данецку OSINT-дасьледнікі InformNapalm зьдзейсьнілі дакладную геалякацыю фатаздымку. Вызначанае, што гэта тэрыторыя аэрадрому Мосьпіна [7] з наступнымі каардынатамі: 47°50’46.0″N 38°05’54.5″E [8].

На тэрыторыі колішняга аэрадрому захаваля добрая інфраструктура, якая засталася непашкоджанаю. Адлегласьць ад лініі фронту дастатковая й аптымальная для выкарыстаньня гэтага аэрадрому ў якасьці базы для армейскіх бесьпілётнікаў. Напрыклад, БпЛА «Арлан-10» [9], які ўваходзяць у склад расейскага комплексу РБ-341Б «Леер-3»,прызначаны для падаўленьня GSM-сувязі з дапамогаю радыёперашкодаў. Комплекс таксама здольны імітаваць дзейнасьць базавай станцыі сотавай сувязі ў дыяпазонах GSM 900 і GSM 1800 і дасылаць фэйкавыя паведамленьні (SMS) дзеля дэзынфармацыі й зьдзяйсьненьня псыхалягічнага ціску на супраціўніка. Магутнае прыкрыцьцё гэтай тэрыторыі расейскімі сыстэмамі РЭБ і РЛС таксама сьведчыць пра верагоднасьць разгортваньня ў гэтым раёне каманднага пункта Збройных сілаў РФ.

Згодна з справаздачай №60/20, расейскі комплекс РБ-341В “Леер-3” таксама быў зафіксаваны СММ АБСЭ 10 сакавіка 2020 году ў ваколіцах Луганска.

Цікава, што 27 лютага 2020 г. чытачы InformNapalm перадалі фатаздымак SMS-паведамленьняў, якія былі дасланыя на іхныя тэлефоны ў г. Шчасьце Новаайдарскага раёну Луганскае вобласьці (падкантрольная Украіне тэрыторыя). Гэтыя фатаздымкі таксама ўскосна пацьверджваюць актыўнае застасаваньне расейскімі вайскоўцамі комплексу РБ-341B «Леер-3» і БпЛА «Арлан-10» з мэтай псыхалягічнага ўзьдзеяньня на ўкраінскіх вайскоўцаў і цывільнае насельніцтва.

Такім чынам, Расея працягвае выкарыстоўваць свае найноўшае ўзбраеньне й вайсковую тэхніку на акупаванай тэрыторыі Данбасу, гэта ўсё часьцей фіксуюць міжнародныя назіральнікі. Вайскова-палітычнае кіраўніцтва Украіны мае надаваць гэтым фактам належную ўвагі дзеля ўзмацненьня міжнародных санкцыяў супроць дзяржавы-агрэсара Расейскай Фэдэрацыі.


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm [10].

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [11].

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [12])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [13] / Твітэр [14] / Telegram [15]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.


[16]InformNapalm [17] – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 5 гадоў.

Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць [18] або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца [19] на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.