- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Расейскія сацыялягічныя цэнтры дасьледуюць Беларусь як Украіну перад вайной

Прапануем вашай увазе відэа абмеркаваньня тэлеканалам «Белсат» з рэдактарам беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm, Дзянісам Івашыным, інсайдэрскай інфармацыі што да пачатку правядзеньня ў Беларусі дасьледаваньняў расейскімі сацыялягічнымі цэнтрамі.

На ўмовах ананімнасьці пра гэтыя дасьледаваньні распавяла адная з рэспандэнтак, якая сталася непасрэднай сьведкаю іхнага зьдзяйсьненьня ў Беларусі. Зьбіраецца статыстычная й аналітычная інфармацыя пра грамадзкую думку беларусаў што  да падставовых палітычных чыньнікаў, стаўленьня да Расейскай Фэдэрацыі й так званай Саюзнай дзяржавы. Вывучаецца якасны й колькасны патэнцыял тых, хто сымпатызуе Расеі, а таксама тых, хто варожа да яе ставіцца. Дасьледуецца мажлівасьць зьдзяйсьненьня любога з заплянаваных Расеяй сцэнароў па дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.

Дзяніс Івашын, рэдактар беларускай службы InformNapalm:

Увесь набор дадзеных пытаньняў цалкам адпавядае тым сацыялягічным дасьледаваньням, якія Расея праводзіла ў дачыненьні да Украіны напярэдадні сваёй ваеннай агрэсіі. Цэлы пул расейскіх сацыялягічных цэнтраў засяроджаны на гэтым напрамку.

Збор аналітычнай інфармацыі расейскімі сацыялягічнымі цэнтрамі сьведчыць пра намер актуалізаваць і адкарэгаваць усю наяўную інфармацыю пра насельніцтва Беларусі. Паводле атрыманых дадзеных, вядзецца перадусім пра ўзроставы кантынгент – ад 17 да 35 гадоў – які мае найбольшы баяздольны патэнцыял. Відавочна, што з улікам актывізацыі мабілізацыйнай дзейнасьці прарасейскіх арганізацыяў, нарошчваньня інтэграцыйнага ўзаемадзеяньня ў абаронным сэктары, павялічэньня наўпроставага эканамічнага й палітычнага ціску, адбываецца канчатковая рэалізацыя праэкту пабудовы так званай Саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі. Пад выглядам саюзніцкіх пагадненьняў для нашай краіны паўстае наўпроставая пагроза інкарпараваньня ў склад Расейскай Фэдэрацыі.


Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [1])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [2] / Твітэр [3] / Telegram [4]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.