InformNapalm.org (Беларуская)

Выяўленыя расейскія выведнікі, якія ўдзельнічалі ў акупацыі Грузіі

Міжнародная супольнасьць InformNapalm у выніку выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі вызначыла, што ў акупацыі грузінскіх гарадоў Цхінвалі й Горы ў 2008 годзе ўдзельнічаў 417-ы асобны выведвальны батальён Збройных сілаў РФ. Валянтэры супольнасьці выявілі й ідэнтыфікавалі 4 кадравых вайскоўцаў гэтага падразьдзяленьня, якія ўдзельнічалі ў ваеннай агрэссіі РФ супроць Грузіі.

15-16 жніўня 2008 г. быў ухвалены «плян Мядзьведзева-Сарказі», згодна зь якім Расея мелася вывесьці свае войскі з Грузіі. Замест гэтага РФ разгарнула ў Грузіі дзьве акупацыйныя вайсковыя базы і час ад часу перасоўвае лінію акупацыі ўглыб грузінскае зямлі. Апошні такі выпадак адбыўся 7 жніўня 2019 г. напярэдадні гадавіны пяцідзённай вайны. У сяле Гугуціанткары Гарыйскага раёну Грузіі акупанты паставілі памежныя слупы й паведамілі мясцовым жыхарам, што чакаюць на загад, у якім кірунку працягваць працу.

«Акупанты віншуюць нас з 11-й гадавінай вайны», — так пракамэнтавалі фота зь мейсца падзеяў на старонцы грузінскага антыакупацыйнага руху «Сіла ў адзінстве» Atotsi Live/ატოცი ლაივი:

У 2008 годзе гэтая мясцовасьць знаходзілася ў эпіцэнтры баявых дзеяньняў. Горад Горы расейская авіяцыя пачала бамбаваць 8 жніўня 2008 г. У Горы знаходзілася грузінская вайсковая база, але расейцы бамбавалі ня толькі вайсковыя аб’екты, але й жылыя кварталы гораду. Загінулі дзясяткі мірных жыхароў. 12 жніўня ў Горы зайшлі расейскія танкі, пачалося марадзёрства. Акупанты выкрадалі нават школьныя кампутары.

Школа № 7, г. Горы / Радыё Свабода

Акупацыя гораду трывала да 22 жніўня 2008 г. Ніжэй падаем некалькі фатаздымкаў, зробленых на наступны дзень пасьля вывядзеньня з гораду расейскіх войскаў:

Больш фота ў спасылцы.

Вядома, што некалькі падразьдзяленьняў 42-й мотастралковай дывізіі ЗС РФ удзельнічалі ў расейска-грузінскай вайне. Супольнасьць InformNapalm вызначыла, што адным з такіх падразьдзяленьняў зьяўляецца 417-ы асобны выведвальны батальён (в/ч 55034, пункт сталай дысьлякацыі – Ханкала, Чачэнія, Паўднёвая вайсковая акруга, РФ), вайскоўцы якога непасрэдна ўдзельнічалі ў ваеннай агрэсіі й акупацыі часткі тэрыторыі Грузіі.

У наступным фота Гарыйская вайсковая база грузінскае арміі, крыніца фота — Радыё Свабода:

Ніжэй падаем фатаздымак, зроблены на тэрыторыі захопленае Гарыйскае вайсковае базы, якое выклаў у сваім акаўнце сацсеткі Наіль Шайхутдзінаў (рас. Наиль Шайхутдинов) – кадравы вайсковец 417-га асобнага выведвальнага батальёну (АВБ) ЗС РФ:

Цікава, што ў камэнтарох да фатаздымкаў таварышы ў службе зьвяртаюцца да яго з выкарыстаньнем жаргоннага скароту «Док» і называюць мэдбратам (1, 2). Верагодна Шайхутдзінаў мае вайсковую мэдычную адукацыю.

У наступным фота расейскія акупанты зафіксаваныя на тле зьнішчанае грузінскае вайсковае тэхнікі. У камэнтарох маецца наступны дыялёг:

Шайхутдзінаў: …это окраина Цхинвала, не помню уже, какой день боевых действий.

Аляксей Міхайлавіч: Это грузинские Бэхи? (на армейскім жаргоне – БМП – заўв.рэд.)

Шайхутдзінаў: Да.

Наіль Шайхутдзінаў служыў у 417-м АВБ разам з фігурантам нашага мінулага расьледваньня С. Ляшчынскім. У сьпісе сяброў акаўнта сацтсеткі “ОК” Шайхутдзінава Ляшчынскі фігуруе ў разьдзеле «таварышы у службе».

Нарадзіўся Шайхутдзінаў (рас.  у Краснаярскім краі, у сяле Гамурына. Станам на 2016 год ён жыў і працягваў вайсковую службу ў Краснаярску, у Сібірскім рэгіянальным цэнтры МНС РФ. Дапамог высьветліць гэта ягоны калега Марат Амінаеў, які пазначыў у сваім акаўнце мейсца іхнае службы.

Другі фігурант гэтага расьледваньня, які непасрэдна ўдзельнічаў у расейскай акупацыі часткі тэрыторыі Грузіі Аляксандар Марозаў (рас. Александр Морозов). Нарадзіўся 09.07.1980 г. У 1997 г. скончыў школу № 7 у г. Волжск (Рэспубліка Марый Эл, РФ). У якасьці мейсца жыхарства на сваіх старонках сацтсекі пазначыў г. Волжск і г. Іванава.

Служыў у 417-м АВБ, у 2-й выведроце. Апазнаны ў групавым фатаздымку з фотаальбому Н. Шайхутдзінава:

У фота ў цэнтры стаіць Аляксандар Марозаў, крайні праваруч Наіль Шайхутдзінаў (скрыншот)

Маразоў сфатаграфаваўся на тле захопленага грузінскага пазашляхавіка Land Rover у тым жа мейсцы, дзе й фігурант нашага папярэдняга расьледваньня Сяргей Бірукоў. Фота Марозаў падпісаў наступным чынам: “Трофейный джип. Лендровер”.

Арыгінальнае фота:

Наступны фігурант нашага расьледаваньня Сяргей Пшэньнікаў (рас. – Сергей Пшенников), як і папярэдні, таксама служыў у 2-й выведроце 417-га АВБ у 2008-2009 гг. Нарадзіўся 05.04.1987 г. у г. Іванава.

Праз год пасьля заканчэння актыўнае фазы расейска-грузінскае вайны Пшэньнікаў апублікаваў групавы фатаздымак, у камэнтарох да якога ягоныя таварышы ў службе ўдакладняюць, дзе зробленае фота:

Ксенія Барадзіна: 6 группа. Цхинвал

«Robert De Niro»: не шестая, а пятая… и не Цхинвал, а где-то под Гори

Арыгінальнае фота:

У фота С. Пшэньнікаў крайні праваруч. Сядзіць у першым шэрагу Раман Іваноў (наступны фігурант гэтага расьледваньня)

У фатаздымку ніжэй Пшэньнікаў (у цэнтры) і Марозаў (леваруч) зафіксаваныя разам:

У фотаальбоме Пшэньнікава таксама маецца фота, зробленае на тле БТР-80 з бартавым нумарам “133”. Здымак гэтага бронэтранспартэра мы ўжо выяўлялі ў акаўнтах іншых фігурантаў нашых расьледваньняў (1, 2):

У акаўнце Пшэньнікава таксама выяўлены ягоны здымак, зроблены ля аўтамабілю з нумарным знакам так званай “Южной Осетии”:

Мы заўважылі, што фатаздымкі фігурантаў гэтага расьледваньня камэнтуе з дэманстрацыяй сваёй абазнанасьці ў падзеях карыстальнік, што мае псэўданімам «Robert De Niro». Вышэй мы ўжо падавалі ягоны камэнтар да аднаго з фота на старонцы Пшэньнікава, у якім ён удакладняе нумар групы й мейсцазнаходжанне акупантаў у Грузіі.

Пад іншым фатаздымкам ён пытае Сяргея Пшэньнікава пра фота, зробленыя ў Грузіі, і просіць даслаць іх:

«Robert De Niro»: Слышь, Пшён, еще фотки наши грузинские есть? Если есть, вышли на почту мне.

Пшэньнікаў: У меня только в альбоме, на флешке нету блин.

«Robert De Niro»: ну так отсканируй, Серега! учить, что ли? …

Відавочна, карыстальнік зь нікам «Robert De Niro» таксама ўдзельнічаў у ваеннай агрэсіі супроць Грузіі ў 2008 годзе.

Праз вывучэньне ягонага акаўнту мы вызначылі ягонае імя – Раман. Менавіта гэтае імя выкарыстоўваюць ягоныя сябры пры зьвяртаньні да яго ў камэнтарох (1, 2).

У наступным фота ён зафіксаваны разам з дзяўчынкай, верагодна ягонай дачкой. У  фота ён пазначыў яе як “Дарья Иванова”.

Дачка ва ўласным акаўнце пазначыла сваю маці — Аксану Іванову, у фотальбоме якой мы выявілі фота нашага чацьвертага фігуранта з подпісам: “Любимый муж”.

У фота, зробленым у мейсцы працы Аксаны Івановай, можна пабачыць бэйджык на ейным адзеньні з асабістымі дадзенымі й пасадай:

Сям’я Івановых:

На падставе інфармацыі з акаўнтаў сацсетках вызначаныя асабістыя дадзеныя чацьвертага фігуранту гэтага расьледаваньня — Рамана Іванова (рас. — Роман Иванов). Нарадзіўся Іваноў меркавана ў 1975 г. у г. Новасібірск, у якім у 1993 г. скончыў школу № 128, а ў 1994 г. — ліцэй №176. У якасьці мейсца жыхарства пазначыў сяло Цьвёрдахлебаўка Багучарскага раёну Варонежскае вобласьці. У выніку аналізу акаўнтаў ягоных сваякоў можна зрабіць здагадку, што зь вялікай доляй верагоднасьці ён жыве ў Растове-на-Доне аьбо ў г. Шахты Растоўскае вобласьці.

Раман Іваноў ідэнтыфікаваны таксама ў групавым фатаздымку з фотаальбому С. Пшэньнікава. Фота зробленае ў Грузіі, у ваколіцах г. Горы падчас вайны.


*Калі вы чытаеце мабільную AMP-вэрсію гэтага артыкулу (Accelerated Mobile Page), то некаторыя фота й спасылкі на архівы могуць не адлюстроўвацца. Для больш падрабязнага вывучэньня публікацыі рэкамэндуем выкарыстоўваць кампутар або ноўтбук.


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.


Вы можаце падтрымаць нас дабрачынным ахвяраваньнем, каб дапамагчы кампэнсаваць выдаткі на ўтрыманьне сайту й спрыяць разьвіцьцю нашага валянтэрскага праэкту.

 

Exit mobile version