InformNapalm.org (Беларуская)

Рэакцыя чыноўнікаў РФ на тэракты ў Брусэлі ўскосна пазначае сьлед

Нейкім дзіўным чынам шчыльнасьць падзеяў на працягу апошніх дзён зашкальвае, магчыма, ключ знаходзіцца ў справе над ўкраінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанка, якую судзяць у Данецку (Растоўская вобл., Расея).

На 20-я дні сакавіка было заплянаванае абвяшчэньне прысуду ў справе Саўчанка. Уначы, 19 сакавіка ў расейскім Растове-на-Доне адбываецца крушэньне лятака Boeing 737.

Колькасьць разнастайных тэорыяў, якія зьявіліся з гэтай нагоды ў Сеціве досыць вялікая, шмат неадпаведнасьцяў, шэраг блёгераў і экспэртаў пазначаюць тое, што катастрофа або была сфабрыкаваная, або адбылася ў іншым мейсцы і пасьля частка невялікіх абломкаў была адмыслова завезеная ў Растоў.

Даведка сьледчага камітэта: За 48 гадзінаў сабраныя 780 кг кавалкаў і парэшткаў лятака. Буйныя фрагмэнты і рухавікі не выяўленыя. Вага тытанавых дэталяў у лятаку ля 20 тонаў.

«У зьвязку з катастрофаю ў Растове зачынены аэрапорт. На суд над Саўчанка СМІ, як зрэшты і адвакаты, могуць не патарапіць», – напісаў тады ў сваім twitter адвакат Саўчанка Марк Фэйгін.

Сёньня, 22 сакавіка, заплянаванае абвяшчэньне прысуду Надзеі. За гэтым «Судом Кенгуру», ініцыяваным кіраўніцтвам РФ, вельмі пільна сочыць ня толькі ўкраінская, але й сусьветная супольнасьць.


фота: Надзея Саўчанка ў судзе

Многія першыя асобы эўрапейскіх краінаў і ЗША патрабуюць ад Расеі неадкладнага вызваленьня Саўчанка, бо працэс над ёю зьяўляецца абсалютна палітычным, а Надзея мае міжнародны імунітэт як сябра Парляманцкае Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) ад Украіны.

І што мы бачым сёньня? – жахлівыя тэракты ў сталіцы ЭЗ, выбухі прагрымелі у аэрапорце і на станцыях мэтро ў Брусэлі.

«Супадзеньне? Ня думаю», – сказаў бы галоўны расейскі прапагандыст Дзьмітры Кісялёў.


Сяргей Шароў-Дэланэ

Але самай цікаваю была рэакцыя расейскіх вышэйшых службовых асобаў.

Сёньня гісторык і навуковец Сяргей Шароў-Дэланэ, актыўны чалец «Камітэта 6 траўня» і чалец працоўнай групы грамадзкага расьледаваньня падзеяў на Балотнай плошчы ў Маскве напісаў на  сваёй старонцы ў Facebook:

«Калі ў кагосьці былі ілюзіі, што мы зможам жыць на адной зямлі з гэтымі падонкамі, то, спадзяюся, ілюзіі зьнікнуць пасьля вось гэтага (з Meduza):

Вось як выказваюць спачуваньні чыноўнікі ў Расеі:

Аляксей Пушкоў, старшыня камітэта Дзярждумы ў міжнародных справах:

«Пакуль Столтэнбэрг, не памятаючы сябе, ваюе з уяўнай «рас. пагрозай» і разьмяшчае войскі ў Латвіі, ля ягонага носу, у Брусэлі падрываюць людзей»

Ігар Каротчанка, чалец Грамадзкай рады пры Мінабароны: Эўропа расплочваецца за падвойныя стандарты сваіх палітыкаў. Яны не зрабілі высноваў з тэрактаў у Парыжы (цытата ў КП)

Марыя Захарава, афіцыйны прадстаўнік МЗС: Нельга падтрымліваць тэрарыстаў у адных рэгіёнах плянэты і думаць, што яны не прыйдуць у іншыя (цытата ў КП)».

Усе гэтыя цытаты ёсьць яскравым сьведчаньнем, што ў тэрора ёсць свае палітычныя мэты і тэрарызм у 21 стагодзьдзі – гэта не маргінальныя акты, але дзеяньні, якія зьдзяйсьняюцца дзеля інтарэсаў дзяржавы-агрэсара.

Але апроч мэтаў адцягненьня ўвагі і застрашэньня тэракты могуць мець і задачу заспакаеньня, арыентаваную на дадатковыя «імпартазамяшчальныя санкцыі» для расейскіх грамадзянаў. У гэтым рэчышчы апэратыўна, нібы паводле загатоўкі, адрэагавала прэс-служба Расейскага саюза туріндустрыі (РСТ):

«Пасьля тэрактаў у Брусэлі расейцам, мажліва, будуць ануляваныя туры ў Эўропу. Такога разьвіцьця падзеяў не выключае прэс-сакратар Расейскага саюза туріндустрыі (РСТ) Ірына Цюрына», – паведамляюць расейскія СМІ.

“Жалезная заслона” часоў халоднае вайны неўзабаве можа апусьціцца паноўна і аддзяліць Расею ад усяго цывілізаванага сьвету паводле  ініцыятывы кіраўніцтва Крамля.

Заснавальнік і валянтэр міжнароднае супольнасьці InformNapalm Раман Бурко.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

 

 

Exit mobile version