InformNapalm.org (Беларуская)

Рэвалюцыя ў Іране балюча ўдарыць па пазыцыях Расеі на Блізкім Усходзе

Масавыя антыўрадавыя акцыі, што пачаліся ў Іране 28 сьнежня 2017 году, ахапілі больш за 30 буйных гарадоў разам з Тэгеранам. Паводле паведамленьняў СМІ, колькасьць загінулых падчас беспарадкаў станам на 3 студзеня склала 22 чалавекі, сярод якіх ня толькі ўдзельнікі акцыяў пратэсту, але й паліцыянты. Сотні пратэстоўцаў узятыя пад варту, толькі ў Тэгеране з 31 сьнежня па 2 студзеня былі затрыманыя больш за 450 чалавек. У сераду, 3 студзеня, камандуючы Корпусам варты ісламскае рэвалюцыі Махамад Алі Джафары заявіў пра здушэньне пратэстаў па ўсёй краіне. Аднак праўдзівай інфармацыі пра сытуацыю з акцыямі пратэсту ў Іране няма. Дзяржаўныя іранскія СМІ паведамляюць пра народныя маршы ў падтрымку існага рэжыму.

Мапа пратэстаў iran.liveuamap.com

“Сьмерць Хамэнэі!” і “Сьмерць Расеі!”

На самым пачатку пратэсты былі выкліканыя пагаршэньнем ўзроўню жыцьця людзей і мелі эканамічны характар, але амаль адразу яны перарасьлі ў палітычныя. Галоўнай рухомай сілаю антыўрадавых акцыяў сталася моладзь. Студэнты, якія ўдзельнічаюць у сутыкненьнях з паліцыяй, скандуюць лёзунгі з крытыкаю ўладаў і дзеяньняў вярхоўнага лідэру краіны Алі Хамэнэі: “Ня Газа, ня Лібія, мае жыцьцё для Ірана!”, “Забудзьцеся на Сірыю і ўзгадайце пра нас!”. Сярод лёзунгаў таксама гучаць радыкальныя: “Далоў дыктатара!”, “Сьмерць Хамэнэі!”, “Сьмерць Хэзбале!” і “Сьмерць Расеі!”. Такім чынам, пратэстоўцы патрабуюць зрынуць клерыкальныя ўлады й выступаюць супроць ўмяшальніцтва Ірана ў справы суседніх краінаў. Калі тэакратычны рэжым падзе, гэта можа сур’ёзна адбіцца на сытуацыі ў Сірыі, Іраку, Емэне і іншых краінах рэгіёну, бо сірыйскі дыктатар Башар Асад абапіраецца менавіта на падтрымку Расеі й Ірана. Галоўным хаўрусьнікам РФ на Блізкім Усходзе зьяўляецца менавіта Іран. Афіцыйны Тэгеран таксама праводзіць антыізраільскую палітыку й падтрымлівае “Хэзбалу” й “ХАМАС”.

Чытайце таксама: РФ умацоўвае пазыцыі «Хэзбалы» ў Блізкаўсходнім рэгіёне

Ізраіль ўжо апэратыўна адрэагаваў на сытуацыю. Раніцой, 2 студзеня, прэс-служба ізраільскае арміі ў Twitter паведаміла, што ВПС Ізраіля зьдзейсьнілі ракетны ўдар па вайсковаму аб’екту “ХАМАС” на поўдні сэктару Газа.

1 студзеня, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у Twitter: “… вялікі іранскі народ шмат гадоў пакутуе праз рэпрэсіі. Іранцы прагнуць ежы й свабоды. Разам з парушэньнем правоў чалавека адбываецца разрабаваньне багацьцяў Ірана. Надыйшоў час для пераменаў!”.

Рэвалюцыя ў Іране ўдарыць па Расеі, Сірыі й іншым рэжымам

Ізраільскі палітоляг Абрагам Шмулевіч выказаў здагадку, што падзеньне хаўрусьніка ў асобе кіраўніцтва Ірана будзе адчувальным для расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна.

Сёньняшняя палітыка Ірана, зьвязаная з цэлым шэрагам збройных канфліктаў, каштуе вялізных грошай і чалавечых ахвяраў. Бо менавіта Іран, але не Расея гуляе галоўную ролю ў захаваньні рэжыму Башара Асада. І гэтыя страты, якія іранцы там зазнаюць, яны вельмі адчувальныя. Таму я мяркую, што нават у выпадку, калі нейкім чынам улады здушаць паўстаньне, то, цалкам мажліва, ваенны ўдзел Ірана за мяжой будзе згортвацца і, у такім выпадку рэжым Асада, які трымаецца менавіта дзякуючы іранцам, ня вытрывае… Характэрна, што ёсьць і лёзунг “Сьмерць Расеі”!, – падкрэсьліў палітоляг.

Ён таксама зазначыў, што эканамічны й палітычны чыньнік, які стаўся штуршком для пратэстаў у Іране, хаця й падобны да сытуацыі ў самой Расеі (эканамічны заняпад, значнае пагаршэньне жыцьця насельніцтва й паралельнае вялізарнае выдаткоўваньне сродкаў на вайну за мяжой), але наўрадці ён здольны прывесьці да падобнага сцэнару:

«Грамадзянская супольнасьць у Іране больш сьпелая, чымся ў Расеі. Там існуе рэальны запыт на дэмакратыю і, я б сказаў, што іранскае грамадзтва больш адукаванае за расейскае. Таму, калі пытаньне пра тое, ці выйдуць расейцы, натхнёныя прыкладам Іранцаў на вуліцы дзеля скіданьня ўлады, то адказ – не. Калі ж пытаньне пра тое, ці будзе гэта ўдарам па пуцінскаму рэжыму, прынамсі, у шэрагу аспэктаў, то – мой адказ – так, безумоўна, як мінімум, ускосна. Па-першае, рэжым аятолаў, гэта адзін з апошніх хаўрусьнікаў, якія мае Расея, і ягонае падзеньне будзе вельмі адчувальным для Пуціна <…> Падзеі ў Іране паўплываюць ня толькі на РФ. Рэвалюцыя, якая пачалася ў Іране, кардынальна зьменіць сытуацыю ў Цэнтральнай Азіі, перадусім на постсавецкай прасторы, а таксама на постсавецкім Паўднёвым Каўказе, перадусім у Азэрбайджане. Зьмена ўлады ў Іране можа паслабіць рэжым Аліева. Бо ў Іране супроць аятолаў паўсталі, у тым ліку, азэрбайджанцы. Апроч гэтага, іранскія падзеі, калі ў выніку да ўлады прыйдзе дэмакратычны ўрад, могуць паўплываць і на сытуацыю на расейскім Паўночным Каўказе. Бо гэты рэгіён гістарычна зьвязаны з Іранам і іранцы апошнім часам павялічваюць там свой уплыў. І зьмена рэжыму ў Іране можа змусіць шмат каго на Паўночным Каўказе задумацца пра тое, што калі іранцы могуць скінуць сваіх ідыётаў, то чаму мы ня можам. Такія ж думкі могуць зьявіцца і ў іншых ісламскіх рэгіёнах Расеі, перадусім у Татарстане. Гэта можа паскорыць працэс аддзяленьня нацыянальных ускраінаў ад Расеі”, – падкрэсьліў Абрагам Шмулевіч.

 

IranWideStrike

У адрозьненьне ад антыўрадавых выступленьняў 2009 году, якія называюць “Зялёнай Рэвалюцыяй”, сёньняшнія іранскія пратэсты пераўзыйшлі іх паводле колькасьці на парадак і адбываліся адначасова па ўсёй краіне. Галоўнай адметнасьцю гэтых акцыяў таксама ёсьць масавы ўдзел студэнцкае моладзі, якая заклікае выходзіць на забастоўкі й пашырае свае патрабаваньні праз сацыяльныя сеткі, у Twitter набірае абароты хэштэг #IranWideStrike. У 2009 годзе адзінай вызначанай мэтай пратэстаў было скасаваньне вынікаў выбараў, паводле якіх нібыта перамог сумнавядомы Ахмадзінежад. Сёньняшнія ж маюць эканамічны й палітычны фактар з дакладным патрабаваньнем – рэфармаваньне палітычнае сыстэмы краіны, адмова ад “ісламскай” рэспублікі.

Нягледзячы на ​​тое, што ў Іране забароненыя Facebook, Twitter, YouTube, а з 1 студзеня заблякаваныя Telegram і Instagram, у якім пратэстоўцы каардынавалі свае акцыі, маладыя іранцы знаходзяць мэтоды абыходу забаронаў і працягваюць пашыраць заклікі выходзіць на пратэсты праз сацсеткі й мэсэнджэры. Будзем працягваць пільна сачыць за падзеямі ў гэтай краіне.


Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Раман Бурко і Дзяніс Івашын адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version