- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

РФ плянуе перакінуць у Крым ядравую зброю. Жаўнеры раскансэрвоўваюць сакрэтны аб’ект «Феадосія-13»

11 жніўня 2016 г. прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі МА Украіны заявіў, што расейскія акупанты ў Крыме могуць задзейнічаць ядравую зброю. «На аэрадромах Крыма і на вайскова-марской базе Сэвастопаля знаходзяцца баявыя караблі і падводныя чаўны. Ядравыя боезарады знаходзяцца на тэрыторыі Паўднёвае вайсковае акругі РФ. Зарады могуць даставіць або на тэрыторыю Крыма – у выпадку прыняцьця такога рашэньня – для абсталяваньня сродкаў дастаўкі, або ж гэтыя ядравыя боепрыпасы могуць паставіць на лятакі, калі яны перакідваюцца на аэрадромы Паўднёвае вайсковае акругі. Пасьля гэтага зброя будзе гатовая да баявога выкарыстаньня» – патлумачыў прадстаўнік ГУВ МА.

У выніку паглыбленага аналізу адкрытых крыніцаў, валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm ідэнтыфікавалі падразьдзяленьні войскаў нацыянальнае гвардыі Расейскай Фэдэрацыі й радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны збройных сілаў РФ (РХБА), якія дысьлякуюцца на аб’екце [1] «Феадосія-13» або «Прадпрыемства паштовы індэкс 105» – колішні сакрэтны аб’ект паблізу Судака ва ўрочышчы Кізілташ (Чырвоны камень).

феодоссия 13

Да 1994 году гэты сакрэтны аб’ект выкарыстоўваўся як сховішча ядравых бомбаў у Крыме. Знаходжаньне вышэйпералічаных падразьдзяленьняў на аб’екце Феадосія-13 сьведчыць пра пляны РФ разьмясьціць сваю ядравую зброю на тэрыторыі акупаванага Крыма (ня выключана, што ядравыя боегалоўкі ўжо знаходзяцца ў сховішчах). Нагадаем, што асноўныя функцыі, ускладзеныя [2] на росгвардыю (раней нутраныя войскі МУС РФ): ахова асаблiва важных i рэжымных аб’ектаў, спэцыяльных грузаў, збудаваньняў на камунікацыях аб’ектаў, якія падлягаюць абавязковай ахове войскамі нацыянальнай гвардыі, у адпаведнасці з пералікам, зацьверджаным Урадам РФ. Асноўныя функцыі, ускладзеныя на войскі РХБА: кантроль зьмяненьня ступені заражанасьці мясцовасьці радыёактыўнымі прадуктамі; ліквідацыя наступстваў аварыяў (разбурэньняў) на радыяцыйна, хімічна і біялягічна небясьпечных аб’ектах.

Інфармацыю пра дысьлякацыі падразьдзяленьняў на аб’екце «Феадосія-13» удалося атрымаць дзякуючы вайскоўцам Паўночна-Каўказскага рэгіянальнага камандаваньня росгвардыі Ільясу Хайруліну (архіў на профіль [3], фотаальбом [4], кантакты [5]) і ягонаму таварышу ў службе Івану Ісараву (архіў на профіль [6], фотаальбом [7]).

Selection_260 [8]Selection_261 [9]

Selection_263 [10]

Вайскоўцы войскаў РХБА больш асьцярожныя за росгвардзейцаў, фатаздымкі рэжымнага аб’екту ў сацыяльныя сеткі не выкладваюць, але сваю прысутнасьць выдалі праз эмблему войскаў, выкладзенай фарбаваным каменьнем на тэрыторыі аб’екта «Феадосія-13».

Selection_266 [11]Selection_267 [12]


РФ працягвае актыўную мілітарызацыю акупаванага Крыма, зьяўляюцца канкрэтныя выведвальныя азнакі рэалізацыі падрыхтоўкі для разьмяшчэньня на колішніх савецкіх сакрэтных аб’ектах ядравага ўзбраеньня. Украінскія і замежныя экспэрты раней неаднаразова зьвярталіся да тэмы гіпатэтычнай пагрозы такога кшталту з боку Расеі, але зараз мы маем абсалютна рэальныя доказы, заснаваныя на канкрэтных OSINT-расьледаваньнях. Жыхары акупаванага Крыма стаюць ня проста закладнікамі, але набываюць новы статус людзей, якія сядзяць ня толькі на «парахавой», але й ужо і на «ядравай бочцы». Гэтыя працэсы вельмі небясьпечныя ня толькі для бясьпекі краінаў Чарнаморскага басэйну, але й для іншых дзяржаваў, якія могуць стаць наступнай мэтай агрэсіўнай палітыкі Крамля што да пашырэньня жыцьцёвае прасторы “русского мира”.

Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Кузьма Тутаў [13] і Міхаіл Кузьняцоў [14].

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [15].

 (CC BY 4.0 [16]) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org [17], падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.