- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Сакрэты дзяржзамоваў дэпартамэнту МА РФ: ТОП-200 самых дарагіх кантрактаў

Нягледзячы на ​​цяжар санкцыяў, падзеньне коштаў на нафту й іншыя праблемы расейскае эканомікі, дзяржаўныя замовы Міністэрства абароны (нападу) Расейскай Фэдэрацыі зьяўляюцца вельмі красамоўнымі. Пакуль урад РФ падвышае пэнсійны ўзрост і раіць грамадзянам зацягнуць пасы – трыльёны бюджэтных сродкаў «сплываюць» праз розныя падстаўныя кампаніі ў афшоры.

28 сьнежня 2018 году Уладзімер Пуцін падпісаў [1] папраўкі да закону «Пра дзяржаўную абаронную замову», якімі засакрэціў дэталі закупак дзяржаўнай абароннай замовы.

Але ўжо 5 студзеня 2019 г. хактывісты Украінскага Кібэральянсу працягнулі сваю навагоднюю традыцыю й чарговага разу атрымалі доступ да кампутарнага сеціва дэпартамэнту МА РФ у забесьпячэньні дзяржаўнае абароннае замовы, якім кіруе контр-адмірал Андрэй Пятровіч Вернігара [2]. Хактывісты атрымалі доступ да вялікага масыву дакумантаў, сярод якіх маюцца дадзеныя дэпартамэнту МА РФ з пазначэньнем “АСТ ГОЗ” (рас., аўтаматызаваная сыстэма гандлю дзяржаўнае абароннае замовы). Частка дакумантаў ужо маецца ў наяўнасьці міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Валянтэры InformNapalm прааналізавалі [3] сьпісы з тысячамі ўнутраных нумароў і найменьняў кантрактаў МА РФ за 2018 год. Скампілявалі й структуравалі зь іх ТОП-200 самых дарагіх кантрактаў МА РФ, якія могуць дапамагчы расейскім антыкарупцыянэрам знайсьці сьляды выцеку й адмываньня бюджэтных сродкаў.

Трыльён для ТАА «СпецСтрой-1»

Першую пазыцыю ў табліцы займае ТАА «СпецСтрой-1». Працяглы час толькі ТАА «СпецСтрой-1» атрымлівае ад МА РФ больш за 1 трыльён рублёў ($14,4 млрд), пераразьмяркоўвае падраднікам звыш за 50% ад агульнага аб’ёму працаў, не зьвязаных з дзяржаўнай таямніцай. Пра ўровень якасьці будаўнічых працаў гэтай кампаніі сьведчыць узьнікненьне аварыйных сытуацыяў з будынкамі ня толькі звычайных расейцаў, але й вайсковых казармаў, якія рамантаваў «СпецСтрой» [4]. Форумы працоўнай узаемадапамогі проста мільгацяць [5] нэгатыўнымі водгукамі пра гэтую кампанію.

ТАА «СпецСтрой-1» неаднаразова фігуравала ў махінацыях Мінабароны РФ што да засваеньня бюджэтных сродкаў, напрыклад, у гучнай справе прадпрымальнікаў Аляксея Экерта і Дзьмітрыя Бушманава – заснавальнікаў ТАА «РусАльянс Строй», якіх арыштавалі за адмову даць [6] прадстаўнікам фэдэральнае агенцыі спэцыяльнага будаўніцтва «СпецСтрой России» адкат – 700 мільёнаў рублёў. Падрабязнасьці справы й аўдыёзапісы з доказам вымаганьня надала таксама жонка Экерта ў сваім відэазвароце:

Ім не даверылі рамантаваць дзіцячы садок, але аддалі мільёны ад МА РФ

Таксама зазначым яшчэ адзін кейс – кампанія, якая знаходзіцца на 10-11 мейсцы ў табліцы уласьнікаў найбуйнейшых асыгнаваньняў фэдэральнага дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Главное военно-строительное управление по специальным объектам» (ФДУП «ГВСУ»).

У выніку аналізу тэндэраў ФДУП «ГВСУ» вызначанае, што ягоны самы вялікі кантракт за 2018 год на суму 800 млн. рублёў быў ухвалены зь дзіўным субпадраднікам ТАА «ДВ-Инвест». Гэты падраднік за 2018 год удзельнічаў усяго ў некалькіх малабюджэтных тэндэрах і ня здолеў нават выйграць тэндэр на добраўпарадкаваньне й рамонт дзіцячага садку №2 «Журавушка» ў Сахалінскай вобласьці, але пасьля гэтага лёгка ўзяў кантракт на вялізарную суму ў абароннага прадпрыемства.

[7]

І гэта толькі кропкавыя прыклады па матар’ялах з табліцы. Расейскія антыкарупцыянэры могуць вывучыць наш ТОП-200 кампаніяў, якія атрымалі найбуйнейшыя бюджэтныя асыгнаваньні ад МА РФ і, пэўна, выявяць, што за кожнай з гэтых кампаніяў будзе цягнуцца шлейф з пераканаўчымі азнакамі адкатаў, махінацыяў і карупцыйных схемаў.

Завершым гэты агляд крылатымі словамі расейскага прэм’ер-міністру Дзьмітрыя Мядзьведзева, які агучыў іх пэнсіянэрам ва акупаваным Крыме: «Денег нет, но вы держитесь здесь, вам хорошего настроения и здоровья».

Чытайце таксама тэматычныя матар’ялы:

Раскрытыя канфідэнцыйныя дадзеныя дзяржаўнае абароннае замовы РФ 2015-2016 [8]

Хактывісты ўзламалі сэрвэр дэпартамэнту МА РФ (дакуманты) [9]


Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [10])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [11] / Твітэр [12] / Telegram [13]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.