InformNapalm.org (Беларуская)

Сэлфі вайскоўца 175-й БрСУ дапамагло выявіць на Данбасе комплекс СПР-2М «Ртуць-БМ»

Вайсковец 175-й брыгады кіраваньня Паўднёвае вайсковае акругі на тле комплексу СПР-2М «Ртуць-БМ»

Адным з напрамкаў дзейнасьці InformNapalm зьяўляецца выяўленьне й ідэнтыфікацыя спэцсродкаў – комплексаў сувязі, электроннай выведкі й радыёэлектроннай барацьбы, якія выкарыстоўваюць Збройныя Сілы РФ на Данбасе. За два з паловай гады дзейнасьці супольнасьць валянтэраў выявіла шэраг комплексаў, у тым ліку найноўшых, якія маюцца ва ўзбраеньні выключна расейскай арміі. У гэтай публікацыі вядзецца ня толькі пра выяўленую машыну радыёэлектроннай барацьбы «Ртуць-БМ», але й пра расейскіх вайскоўцаў – аматараў сэлфі –  якія “засьвяцілі” ня толькі сваю злачынную «ўкраінскую камандыроўку», але й вышэйпазначаны спэцсродак.

Ідэнтыфікаваныя намі асобы зьяўляюцца вайскоўцамі 175-й брыгады кіраваньня Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ (175-я БрСіК, або в/ч 01957) зь мейсцам дысьлякацыі ў горадзе Аксай Растоўскае вобласьці РФ. Вайсковая частка мае падразьдзяленьні кіраваньня й сувязі, а таксама некалькі так званых пасёлкаў-дывізыёнаў.

Задачаю 175-й брыгады ёсьць забесьпячэньне сувязі камандаваньня з штабам Паўднёвае вайсковае акругі й функцыянаваньня разнастайных сыстэмаў кіраваньня – ад стацыянарных да перасоўных.
Частка мае найноўшыя спадарожнікавыя спэцсродкі. Асабовы склад актыўна ўдзельнічае ў вывучэньні найноўшай тэхнікі й баявой падрыхтоўцы, прымаў удзел у шырокамаштабных вышкалах «Каўказ-2016». Пяройдзем да фігурантаў – расейскіх вайсковых злачынцаў.

Фатаздымак зафіксаваў футбольныя брамкі на поле, якое знаходзіцца цераз дарогу ад в/ч 01957. Мейсца пазначанае на мапе.

Адразу ж падаем фота, у якім зафіксаваныя расейскія вайскоўцы на тле комплексаў РЭБ. Абрысы кабіны характэрныя для ўсіх комплексаў РЭБ РБ-341В «Леер-3». Здымкі гэтай тэхнікі нескладана знайсьці ў Сеціве: яна была зафіксаваная ў Сірыі і шматкроць – на акупаваным Данбасе.

У фота: Дзьмітры Карташоў (леваруч) і Раман Рошка (праваруч)

 

У фота: Іван Рэмізаў (леваруч) і Раман Рошка (праваруч)

Вернемся да Дзьмітрыя Карташова, які ня здужаў спакусу і зрабіў сэлфі на тле расейскай спэцтэхнікі, што знаходзіцца на акупаванай частцы Данбаса, хаця пры гэтым баязьліва схаваў свой  твар пад балаклавай.

Два фота для апазнаньня асобы расейскага вайсковага злачынца:

Расейскі вайсковец 175-й брыгады кіраваньня Паўднёвае вайсковае акругі на тле комплексу СПР-2М «Ртуць-БМ» на ўкраінскай зямлі

Заўвага: СПР-2М «Ртуць-БМ» – сучасная станцыя, сродак радыёэлектроннай барацьбы, прызначаная для зьніжэньня ўзьдзеяньня паражных элэментаў артылерыйскіх знарадаў на свае войскі й бронетэхніку праз уплыў на рэжым працы радыёўзрывальніку. СПР-2 здольная зрабіць падрыў знараду на бясьпечнай вышыні або перавесці рэжым працы радыёўзрывальніку ў кантактны. Галоўным чынам выкарыстоўваецца ў войсках першага эшалёну, камандных пунктах, мейсцах скопішча войскаў і пускавых прыладаў. Таксама «Ртуць-БМ» можа выкарыстоўвацца для прыкрыцьця рухомых аб’ектаў у мейсцах пераправаў. Больш падрабязна пра першы выпадак фіксацыі комплексу «Ртуць-БМ» на Данбасе ў матар’яле з 17 жніўня 2016 году.

Згодна з аналізам мясцовасці (выказваем падзяку за геалякацыю карыстачу @5urpher) здымак зроблены ў раёне кар’ераў ля вёскі Елізаветаўка Антрацытаўскага раёну – акупаванай Расеяй часткі Луганскае вобласьці Украіны.


Матар’ял падрыхтавалі Відаль Сорокін & Victory Krm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version