InformNapalm.org (Беларуская)

Шчасьце: ЦЭС “спаліла” расейскія танкі

26 чэрвеня 2016 г. падчас маніторынгу сацыяльных профіляў расейскіх баявікоў выведнікі міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm выявілі фота, у якім зафіксаванае вялікае скопішча расейскіх танкаў Т-72 з тактычным знакам (ТЗ) «2 у квадраце». Гэты ТЗ выкарыстоўвае тэрарыстычнае падразьдзяленьне 2-га армейскага корпуса ЗС РФ, якое стала дысьлякуецца ў раёне акупаванага Луганска.

З дэталёвага вывучэньня фота вынікае: зафіксаваныя як мінімум 5 танкаў, а ў левай частцы фатаздымку на тле лініі далягладу можна пабачыць, меркавана, комін (сэктар пазначаны чырвоным).

Праз параўнаньне выяўленага фота (ці больш дакладна, ягонае часткі, у якой можна пабачыць меркаваны комін) з фатаздымкамі цеплавой электрастанцыі (ЦЭС), што знаходзіцца ў горадзе Шчасьце, мы зразумелі, што расейскія танкі знаходзяцца ў межах бачнасьці Шчасьцінскае ЦЭС (ДПЭК Луганская ЦЭС).

Фота ДПЭК Луганская ЦЭС, у якім можна выразна пабачыць усе коміны. Глядзім і вызначаем прыблізны напрамак фатаздымку й мейсца разьмяшчэньня расейскіх танкаў.

Камэра таннага тэлефону зь невялікай рэзалюцыяй можа зафіксаваць мясцовасьць з адлегласьцю прыблізна да 5 км.

Гэта ня першы выпадак, калі InformNapalm фіксуе факты парушэньня Менскіх дамоўленасьцей, публікуючы падобнага кшталту інфармацыю. Больш за тое, мы неаднаразова давалі магчымасьць азнаёміцца з гэтымі фактамі назіральнай місыі АБСЭ, якая па-ранейшаму займае пазыцыю «нічога ня бачу, нічога ня чую», а ўжо сёньня зьявіўся новы трэнд ад АБСЭ – «вінаватыя абодва бакі». Гучыць гэта выснова ў тых выпадках, калі расейскія баявікі не дапускаюць місыю АБСЭ ў пэўныя мейсцы для фіксацыі здарэньняў на лініі разьмежаваньня, а пасьля гэтага ў сваіх справаздачах місыя аўтаматычна ўскладае адказнасьць за парушэньне Менскіх пагадненьняў на абодва бакі. Добрая схема: расейскія баявікі страляюць, не дапускаюць АБСЭ для фіксацыі парушэньняў, якія яны зьдзейсьнілі, а ў выніку вінаватыя абодва бакі. Наўпрост геніяльна.

У спасылках падаем нашыя ранейшыя матар’ялы, прысьвечаныя таксама і для місыі АБСЭ:

Цёмны бок Тэльманава. Даведнік для АБСЭ

Назіральнікі InformNapalm наведалі базы захоўваньня тэхнікі. Справаздача для АБСЭ

Луганск. На базе “Транспеле” расейскія тэрарысты хаваюць танкі ад АБСЭ

Каардынаты разьмяшчэньня тэхнікі й асабовага складу баявікоў для АБСЭ


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Відаль Сарокін на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэраў міжнароднае супольнасьці InformNapalm.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

 (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version